- Пабочны эфект. Гэта не была ўсё-ткі звычайная аперацыя па перасаджванні апладнёнай донарскай клеткі... Выпадак дужа складаны. Я ўжыў эксперыментальныя метады і сродкі. Не толькі пры зачацці, - гаварыў амаль вінавата. - У табе вельмі шмат ад донара. Магчыма, частка яе асобы, рэптыльная памяць...
Божа ж мой... У мяне часам балела нага, левы мезенец. Дактары нічога не знаходзілі, казалі - нервовае... А ў Яўгеніі Равіновіч нага была абмарожаная, і левы мезенец адняты. Я - што, як Гары Потэр, які насіў у сабе харкрукс, частачку душы Валдэморта?
Корвус ласкава і асцярожна - так толькі сняжынкі ловяць на рукавіцу - пагладзіў мяне па галаве.
- Прабач, гэта сустрэча са мной справакавала ўсплёск вобразаў. Потым пройдзе.
А гэта пройдзе, што я зараз адчуваю? Быццам гэтага чалавека я шукала ўсё жыццё. Быццам без яго не змагу жыць далей... Нават Віталя Корвуса я так не шукала, не чакала!
- А вы Мацей Саламярэцкі, так? - Корвус нечакана працягнуў Салому з ветлай усмешкай руку, на якую айцішнік утаропіўся з некаторай разгубленасцю. - Я вам не супернік, Мацей... - чамусьці прамовіў ціха доктар, і рукапацісканне адбылося. - Добра, пайшлі ў памяшканне, мне трэба паспець адказаць на вашы пытанні. Стаўры, Гаўры, ахоўваць!
Белыя сабакі, названыя ў гонар прывідных сабак Дзядоў - а хто ведае, мо гэта яны і былі? - паслухмяна патрусілі да брамы. Неяк само атрымалася, што доктар Корвус вёў мяне за руку... І прывёў у сучасную навуковую лабараторыю на першым паверсе галоўнага корпуса, падобнага знешне да дэкарацый для страйкбола.
Вялікі пакой. Гудуць кампутары. На паліцах кнігі на некалькіх мовах, зразумела, спецыяльныя, медыцынскія. На сталах расстаўленыя слоікі ды рэторты з расчыннямі. Прабіркі шыхтуюцца ў спецыяльных падстаўках. Круглыя шкляныя штуковіны з рэчывам, падобным да жэле, грувасцяцца ў піраміды. Мікраскопы, яшчэ невядомыя мне прылады. Штосьці міргае чырвонымі і зялёнымі лямпачкамі, на датчыках мяняюцца лічбы... А там, у верхнім куце, - не можа быць! - сістэма відэаназірання. За чые ж гэта шышы такая раскоша?
Незасцеленая канапа і талерка з нечым недаедзеным на тумбачцы сведчылі, што гаспадар лабараторыі тут і начуе. У яго ж бяссонне - усплыў мой-не-мой успамін. Ля канапы злавесна застылі два штатывы з так званымі сістэмамі - наверсе празрыстыя мяшкі з мутнай вадкасцю, з іх звісаюць белымі водарасцямі катэтары. А ў куце абразы. Маці Божая Усіх Хто Смуткуе Радасць, Святы Кіпрыян і Святая Іусцінія, і, вядома, Святая Маргарыта. Копія сярэднявечнай карціны. Высоўваецца па пояс з пашчы цмока, трымаючы ў руцэ кветку.
А непадалёк, прыхінутае да сцяны, быццам звычайная кульбачка ці бейсбольная біта - стрэльба.
Корвус няўважна скруціў коўдру разам з прасціной у валік і вызваліў канапу, каб мы маглі прысесці. Гэта было несправядліва - але Мацей падаваўся мне тут страшэнна лішнім.
- Вы знайшлі філасофскі к-камень?
У голасе Саламярэцкага гучаў выклік. Корвус, цёплую руку якога я зноў намацала і проста не мела сіл выпусціць, усміхнуўся:
- Можна сказаць, што так.
Нейкі час мы маўчалі, толькі побач цікалі прыборы. Люцыян глядзеў на мяне, і за ягоным позіркам праяўляліся то зімовы начны лес, то шырозазная нетутэйшая рэчка, то брудныя сцены страшнага пакоя, дзе пахла крывёй...
- Я не шукаў ані вяртання маладосці, ані вечнага жыцця, - раптам жорстка прамовіў Корвус. Ён сядзеў перада мной на зэдліку, выцягнуўшы худыя доўгія ногі, і дужа нагадваў Дон Кіхота - яго таксама можна намаляваць “адной чорнай ламанай лініяй”.
- Я хацеў выратаваць дарагога чалавека. А лекі, натуральна ж, выпрабоўваў на сабе. Штосьці дапамагала, штось не... Дзве апошнія вакцыны ўвесці ёй не паспеў. Дый на мне яны сказаліся толькі непрыемнымі пабочнымі эфектамі.
- Па метадзе Лепяшынскай? - падазрона папыталася я. Але Люцыян толькі засмяяўся - як прыгожа ён смяецца, так бывае толькі ў суровага мужчыны, што не вельмі часта дазваляе сабе ўсмешку.
- Лепшы сродак адбіць у цікаўнікаў жаданне соваць нос у мае доследы: прыкрыцца імем графаманкі ад навукі. Я ад самага пачатку ўсведамляў, што вынікі лепш нікому не паказваць. А схільнасць да містыфікацый у мяне яшчэ ад бацькі... Ён для мачыхі ўвесь час прыдумляў гісторыі пра пралетарскае паходжанне і рэвалюцыйныя подзігі сваіх улюбёных аўтараў, ад Авідыя да Гётэ. Калі Яўгенія памерла, я і думаць забыўся пра свае эксперыменты... Толькі з цягам часу зразумеў, штосьці са мной не так. І мусілі прамінуць гады, каб я зразумеў, наколькі ўсё пагана...
Люцыян зноў гаварыў вінавата.
- Што я ў сваім арганізме намяшаў - уявіць цяжка. Усе эфекты развіваліся паступова... Я працягваў эксперыментаваць. Адзін сімптом прыбяру, другі вылезе. І калі стала ясна, чым можа скончыцца... Сышоў у балаты. Зымітаваў гібель. А тут, у маёнтку маіх продкаў, для мяне ўжо было падрыхтаванае месца. Я прыняў апошнюю вакцыну і думаў, што проста памру. Клеткі ледзь не ўзарваліся. Але... Вось што ў выніку. Гэта я яшчэ старэў дзесяць год пасля... рэгенерацыі.