- Не трэба, Малгося... - Яўгенія сумна ўсміхнулася. - Корвус і цяпер, пасля рэабілітацыі, нядобранадзейны. Увесь час баюся, каб не ўчыніў якой бойкі за справядлівасць. У Мінск звалі - не захацеў працаваць пад началам аднаго падлюкі. Мы ж усе... з памяццю. Ордэн Захавальнікаў - усё пакаленне ваеннае, партызанскае, гулагаўскае, што выжылі і засталіся людзьмі. Я, ты, Люцыян... Вось ты пыталася, чаго я колер валасоў змяніла... А яны ў мяне проста сівыя, Малгося. Зусім. Ніхто з нас не застаўся ранейшым, як ні фарбуйся, ні прыстасоўвайся. Не выпусцяць нас са Старавежска. Нічога, тут база добрая. Два карпусы новыя будуюцца. Лабараторны цэнтр. Ёсць планы стварыць рэспубліканскі тубдыспансер.
Малгося не стала ўгаворваць. Толькі прамовіла горка:
- Рыгор дапытваўся: “Што з намі сталася?” Ды тое, што з любой суполкай у таталітарную эпоху. У ёй заўсёды з’явяцца кат, здрайца і ахвяра.
На ганку корпуса - новага, трохпавярховага, абкладзенага дэкаратыўнай жоўтай пліткай, сябры Ордэна захавальнікаў разышліся назаўсёды.
...- Люцыян Станіслававіч, мы ўсе вас паважаем. Вы - наш ветэран. Жывая гісторыя. Але прашу мяне зразумець правільна і не крыўдаваць... У лабараторным цэнтры маюць права працаваць толькі супрацоўнікі дыспансеру. А вы ўжо даўно на пенсіі.
Малады чалавек паправіў на пераносіцы стыльныя акуляры ў тонкай залатой аправе. Ён быў самавіты, як супніца з нямецкай парцаляны. А чалавек, да якога звяртаўся, быў халаднавата-спакойны і небяспечны, як скальпель. Стары, хударлявы, але падцягнуты, і светлыя вочы не па- старэчаму пранізлівыя.
- Вы, Міценька, не хвалюйцеся, вам шкодна. У вас гастрыт хранічны. Слізістая страўніка ад нерваў церпіць куды больш, чым ад няправільнай ежы.
Маладзён, якога назвалі Міценькам, пачырванеў ад раздражнення і зручней перахапіў ручку моднага чамаданчыка пад назвай дыпламат, якім пачалі замяняць партфелі.
- Люцыян Станіслававіч... Я як адказны за...
- Ідзіце, Міценька, ваш працоўны дзень скончыўся.
Стары гаварыў спакойна, амаль ласкава, але маладзён чамусь збляднеў і пасунуўся спінай да дзвярэй. Аднак намаганнем волі затрымаўся.
- Паслухайце, мы ўсе спачуваем, што Яўгенія Міхайлаўна так цяжка хварэе. І нашы калегі зрабілі для яе ўсё магчымае... Усё! - маладзён з дыпламатам націснуў на апошняе слова, як кіроўца на педаль трамвая, які вось-вось камусь адрэжа галаву. - Філасофскі камень вы ўсё адно не здабудзеце...
Пенсіянер ласкава ўсміхнуўся, і маладзён выцер чамусь спацелы лоб.
- Хто ведае, Міценька, хто ведае... У Вольгі Барысаўны Лепяшынскай шмат цікавых ідэй было, якія апярэджвалі час.
Суразмоўца абурана ўздыхнуў, але выказацца не наважыўся.
- Запэўніваю, стары маразматык пакіне лабараторыю ў парадку, Дзмітрый Іванавіч.
Маладзён зусім пачырванеў і выскачыў з пакоя, ляснуўшы дзвярыма. Праз хвілю ён спавядаўся калегу, сіваватаму пульманолагу, па дарозе да аўтастаянкі - абодвум належала дабірацца ажно да Мінска:
- Ну і страшны дзед гэты Корвус! Не паверыце, Пятро Пятровіч, хачу нарэшце паставіць яго на месца - і язык прыліпае. Уцячы карціць. Я - загадчык лабараторнага цэнтра рэспубліканскага дыспансера, а адчуваю сябе, як хлапчук, што нашкодзіў. Насланнё нейкае!
Пульманолаг спачувальна ківаў галавою, але падтрымаць размову не спяшаўся.
- Што ён там даследуе? Сапраўды - маразм... Памятаю, у Мінску столькі размоў было, быццам доктар Корвус вынайшаў спосаб рэгенерацыі клетак нервовай сістэмы... Чуткі хадзілі пра дзівосныя эскперыменты... А прыслаў даклад - глупства. Лепяшынскую падымае! Гэта ж усё роўна, як Лысенку сёння хваліць, які генетыку пахаваў. Зразумела, жонка памірае, у дзеда глузды едуць.
Пульманолаг нарэшце ціха прамовіў:
- Усё, што магу параіць - не чапайце Канкістадора. Яму нездарма такую мянушку далі. Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць. Зрэшты, тыя, што ГУЛАГ прайшлі, рэдка людзі адкрытыя дарэшты. І ўжо зусім не бесхрыбетныя. І самі ведаеце, хто да яго прыязджае лячыцца...
- Шарлатан! - сярдзіта выгукнуў Міценька, і ягоны твар чамусь нагадаў пыску вожыка. - Выйшаў на пенсію - сядзі... Не стварай другім цяжкасцяў... Баюся я яго, - раптам жаласна прамовіў загадчык цэнтра.
Пульманолаг тупаў проста па дробных лужынах, што ўтварыліся на чорным, нядаўна пакладзеным асфальце, ягоныя разбітыя чаравікі відавочна не ведалі беражлівых адносінаў.
- А ўявіце, Дзмітрый Іванавіч, што вы ці хтось з вашых блізкіх цяжка захварэў. Хвароба невядомая, нічога не дапамагае. Да каго б з усіх знаёмых дактароў вы пабеглі? Толькі шчыра... Ці не да пенсіянера-маразматыка Корвуса?
Міценька сярдзіта фыркнуў, яшчэ больш нагадаўшы вожыка, і моўчкі прыспешыў хаду. Пульманолаг таксама змоўк, толькі вусны ніяк не маглі пераадолець усмешку.