Гарачая бульбачка са скваркамі ўсё-ткі прыдалася. Госць еў прагна, кадык на тонкай шыі так і хадзіў, нібыта з горла хацела вырвацца нейкая маленькая агрэсіўная істота. Худы бледны твар, пад вачыма набраклі мяшкі...
- Я прыйшоў да вас, Люцыян Станіслававіч, таму што ведаю - вы былі знаёмыя са многімі нашымі пакутнікамі, шчырымі беларусамі. Ластоўскім, Ігнатоўскім, Лёсікам... Самі з жонкай пацярпелі... І цяпер у лесе гінуць людзі, якія змагаюцца за волю беларусаў ад бальшавікоў. Якія не хочуць, каб зніклі старажытныя ліцвіны.
Корвус і Яўгенія трывожна перазірнуліся. Неяк не вязалася пачутае з тым, што яны ведалі пра свайго госця. Дый гаварыў ён, апусціўшы вочы, нібыта чытаў улётку.
- Мы гатовыя накарміць вас, Стахевіч, даць пераначаваць... Але мы далёка не ўпэўненыя, што тыя, хто вас паслаў, заслугоўваюць даверу, - памаўчаўшы, асцярожна прамовіў Корвус. Госць пачаў зноў нешта мармытаць пра змаганне супраць маскалёў, але падняў галаву і выпадкова сустрэўся з незвычайна светлымі вачыма гаспадара, якія зрабіліся непрыемна пранізлівымі, і ажно скалануўся.
- І шмат нашых агульных знаёмых вы абышлі з такой прапановай, Стахевіч? - павольна і чамусь страшна прагучала спакойнае пытанне. Госць зноў апусціў галаву, схаваў рукі пад стол.
- Люцыян, чалавеку млосна... - з жалем прагаварыла жанчына. - Ён трапіў у бяду. Што ў вас баліць, Стахевіч?
Госць зноў падняў змучанае аблічча з раннімі зморшчынамі на лобе.
- Жыццё маё баліць, Яўгенія Міхайлаўна. Добра, я пайду. Скажу, што вы адмовіліся дапамагаць бандытам.
Эрнест Хэмінгуэй у брутальным швэдары гнеўна прыжмурыў вока з чорна-белай часопіснай выразкі, прышпіленай да шпалераў колеру слановай косткі.
- І як вы да такога дайшлі? - так грэбліва прамовіў Корвус, што Яўгенія з неразуменнем зірнула на яго. Госць з выклікам задраў галаву.
- А што, у мяне было выйсце? Турмы я не вынес бы. А так... карысць прыношу. Віну сваю выкупляю.
- Правакуючы і губячы бязвінных?
Грубай вязкі швэдар і кароткая бародка папы Хэма на рэпрадукцыі дакладна нагадвалі абліччы ссыльных з Затокі. Адзін з тых ссыльных зараз сціснуў рукі ў замок, нібыта баяўся, што не стрымаецца і ўдарыць. Былы пацыент Апошняга Прытулку не адвёў позірку.
- Хто з нас бязвінны, Люцыян Станіслававіч? Няма такіх. А я нікога не агарворваю. Нічога не прыдумваю. Не стараюся кагось пасадзіць. Тым больш вас... - перавёў позірк на жанчыну, якая разгублена маўчала, пачынаючы ўсведамляць падбіўку сцэны.
- Я ж разумею, колькі вы сцярпелі на допытах, каб нас не выдаць... - глуха прагаварыў госць і ўстаў, цяжка абапіраючыся на чорную кульбачку з гумавым наканечнікам, не самаробную, куплёную. - Каб не вы, мяне б адразу арыштавалі, і тады - гамон. А так... Аклямаўся, пабадзяўся, падумаў. Тады здаўся сам... Прапанаваў сваю шчырую дапамогу.
Калі дакульгаў да дзвярэй, спыніўся.
- А дзе наш санітар, Пятро Сымонавіч?
- Памёр на допыце, - спакойна і сурова адказаў Корвус. - Яго вы не выпрабуеце на прадмет дапамогі бандытам.
Яўгенія адвярнулася, захінуўшыся рукамі, як ад холаду.
- Ён і сам быў бандыт, - упэўнена кінуў Стахевіч. - Як і дружкі ягоныя... Што так гледзіцё? Я і пра сябе ўсё ведаю. Варты ганьбы. Гэта пра мяне гавораць - пакуль не нагадуеш сваім хлебам, не будзеш ворага мець. Але ніхто не можа прадказаць, як нізка давядзецца ўпасці. Памятаеце маёра, які прыехаў з праверкай у наш Прытулак? Уваліўся тады ў палату, як звер... Думаў, перастраляе...
- Рыгор Самусь? - перарывіста перапытала жанчына, інстынктыўна ўхапіўшыся за руку Корвуса.
- Не памятаю, як завуць, але гэта дакладна ён...
Доктар абняў Яўгенію за плечы.
- А што з ім?
- Звар’яцеў маёр... - Стахевіч не радаваўся зласліва, але і не спачуваў.
- Я нядаўна ў Бабруйскі ваенны шпіталь патрапіў з прыступам, бачыў, як яго ў інвалідскім крэсле вывозілі на двор... Сядзіць, як лялька, галава ківаецца, сліну пускае. А я вось... хаджу.
У апошніх словах Стахевіча была горыч.
Азірнуўся на ганку, ціха параіў:
- Вы б, Люцыян Станіслававіч, можа, пазванілі б у міліцыю, прызналіся, што бандыт прыходзіў. Перакажыце мае словы... Паабурайцеся... Там жа ў курсе, што я мушу наведаць вас. І з вашай пратэжэ ў медінстытуце, Лізаветай Губаравай, менш сустракайцеся. Калі не хочаце, каб дзяўчыну адлічылі. І наконт перапіскі з духоўнымі асобамі, тым больш візітаў у царкву і касцёл... А яшчэ нібыта вам перадалі ліст з Амерыкі, ад аднаго беларускага нацыяналіста... Вы асцярожней, Люцыян Станіслававіч. За вамі пільна сочаць.
Горыч засталася пасля сыходу нечаканага госця.
- Шкада яго... - прагаварыла Яўгенія. - Пераламала добрага хлапца... І што цяпер будзе?
Корвус задумліва азірнуўся на мікраскоп і стосы скрэмзаных папер.
- Здаць ён нас не здасць. Але на Ленінград, думаю, можна забыцца. Ты ж не будзеш зараз тэлефанаваць у міліцыю?
У голасе чулася горкая насмешка.
- Не буду.