...Перад жалезнай брамай тоўпілася няшмат народу. Пару дзясяткаў. Хтось апрануты папрасцей, у ватоўках ды валёнках. А вунь нейкая цётка ў капялюшыку, паўзверх якога наматаная шэрая пуховая хустка, і ў пацёртым лісіным футры. Гнілая інцілігенцыя. Былі і дзеткі. Дзяўчынка ў завялікай для яе чорнай цыгейцы, крысо па зямлі валакаецца, тузала за руку немаладую кабету: “Бабуля, а дзе мама? Мама хутка прыйдзе?” З шэрага нізкага неба паляцелі цяжкія снегавыя згусткі, нібыта хтось наверсе вычэсваў белага лінючага сабаку. Высокі хударлявы мужчына ў ватоўцы і шапцы-аблавушцы, з чыста паголеным разумным засяроджаным тварам падняў каўнер. На мужчыну касавурыліся, бо ён трымаў букет. Галінкі арабіны з чырвонымі гронкамі і піхтавыя лапкі. Таксама інцілігент. Хоць і ў ватоўцы.
Дзверы натужліва зарыпелі. Людзі змоўклі ў напружаным чаканні, пасунуліся наперад... Ахоўнік з вінтоўкай за спінай адпусціў жалезную створку і пахмура агледзеў купку сустракаючых, перасунуў рэмень вінтоўкі, нібыта карцела сарваць яе з плеч і прыцэліцца з крыкам: “Разысціся, сукі, а то страляю!”
Але толькі павярнуўся назад і махнуў рукою... Першая нерашучая фігура, у ватоўцы з нашытым нумарам, здранцвела пратупала за лінію варотаў, нібыта нацягвалася гумка, што вось-вось тузане назад...
За першай постаццю пачалі выходзіць іншыя. Падобныя між сабою, як мерцвякі. Гэта мусілі быць жанчыны. Шэрыя твары, апухлыя ад марозу, недасыпання і голаду... Шэрыя хусткі... Нязграбныя рухі... Ніхто не азіраўся радасна па баках, ці не сустракаюць яго. Не ўсміхаўся. Страх гучна гаварыць, усміхацца, ісці без канвою і ўвогуле рабіць шмат якія простыя чалавечыя дзеянні для многіх зрабіўся такім звыклым станам, што проста не асэнсоўваўся.
Зрэшты, сустракалі мала каго.
“Гэта не мая мама! Мая мама не такая!” - плакала побач дзяўчо.
Толькі адна постаць не была прыгорбленай. Высока паднятая галава, з-пад пачварнай шэрай хусткі паказваюцца зусім сівыя валасы.
- Жэнька!
Мужчына з букетам кінуўся да вызваленай зэчкі. Яго рукі дрыжэлі, калі ён прытуліў бясформную постаць у ватоўцы. Вусны цалавалі лоб, белую пасму, худую шчаку, абсівералыя вусны...
- Гэта табе... - успомніў, працягнуў рабінавы букет. Жанчына павольна, нібыта ўспамінаючы, як гэта робіцца, прыняла падарунак... У нязграбнай тоўстай рукавіцы гэта было нязручна, зубамі яе сцягнула, узяла так, голай рукой, усё яшчэ прыгожай, хоць і з абламанымі пазногцямі.
- Дзякуй... - варухнуліся вусны. - Як толькі пазнаў...
Ён шчасліва засмяяўся і зноў прытуліў да сябе.
- Глупства гаворыш.
Яна падняла галаву і нарэшце сустрэлася з ягонымі светлымі вачыма сваімі, зялёна-брунатнымі, не выцвілымі на сібірскіх маразах. І, відаць, штось такое пабачыла ў позірку мужчыны... Таму што яе вусны задрыжэлі, з грудзей вырваўся глыбокі ўздых, які перайшоў ва ўсхліп.
- Мой верны паладын...
Рыданні рваліся з грудзей, скаланалі жанчыну, і было зразумела - гэта першы раз за гады. І ён прыціснуў да сябе былую вучаніцу, і ведаў, што ягоны дотык больш не палохае, а дорыць спакой. А шэрыя постаці ўсё ішлі і ішлі з-за жалезнай брамы. Многія паглядалі на абдымкі парачкі з зайздрасцю, самі патроху ажываючы, адтайваючы ад гэтага відовішча. Наставала эпоха Вялікага Рэабілітансу.
...У пакойчыку са сценамі з бярвення, з ходзікамі, што ўсё гэтак жа абыякава даганялі чужы час, пры цьмяным святле настольнай лямпы з жоўтым абажурам, крэсла ля крэсла, сядзелі двое. На стале ў слоіку адаграваліся галінкі рабіны і піхтавыя лапкі. Чырвоныя ягады моршчыліся і пацелі ад цяпла.
У грубцы ўтульна трашчалі дровы. Самыя лепшыя, бярозавыя - прыпасеныя на выпадак важных гасцей. Чырвоны куток хаваўся за заторгнутымі занавескамі, праз якія не сягаў пагляд вусатага партрэта. Гарбата з мясцовых зёлак была выпітая, вараная бульба даедзеная... Многае перагаворана... А засталося яшчэ распавесці - цэлае жыццё.
- Я зусім пасівела... Гэта пасля карцару, - ціха прагаварыла жанчына, апусціўшы вочы. Мужчына асцярожна крануў яе за падбароддзе.
- Ты гожая, як гаёўка. Памятаеш, распавядала мне легенду пра лясное бажаство-ацаляльніцу? За цябе трэба скрыжоўваць мячы і шаблі. А паглядзі на мяне... Ну! Стары, сівы, ламаны дзядзька з цяжкім характарам. Скажы праўду, я табе патрэбны?
Яна задумліва правяла пальцам па яго высокім ілбе, на якім намячаліся зморшчыны, па перабітым носе, па двух птушкападобных шнарах - адзін на шчацэ, другі ля скроні... Мужчына толькі прыжмурыўся ад задавальнення.
- Магістр... Падобна, мы абое вылечыліся ад сваіх фобій. Радыкальнымі, так бы мовіць, метадамі.
- Давай праверым... - прашаптаў ён і пацягнуўся да яе вуснаў.
Нават ходзікі, здавалася, прыспешылі хаду ў такт двум сэрцам.
- І табе праўда не брыдка? - прашаптала яна. - Пасля таго, як на тваіх вачах мяне... Утраіх...
Ён пасуровеў.
- Нават думкі такой не дапускай! Гэта мне мусіць быць невыносна сорамна - што нічога не зрабіў тады. Працягваў маўчаць...