- Уражвае! - чалавек з кароткай чорнай барадой, у шэрым швэдары з тоўстых ваўняных нітак на два памеры больш, чым належала, з павагай пагладзіў па вокладцы страшнаватую манаграфію. - Але вы ўпэўненыя, Люцыян Станіслававіч, што вашу працу не спасцігне тое ж, што даследаванне пра пелагру? Таксама было выдатнае, з малюнкамі. Як вы здорава тады назвалі сутнасць пелагры: “тры Д”. Так у народ і пайшло. Дызентэрыя, дыстрафія, дэменцыя. А ў Маскве паклалі ў архіў. Нат падзякі не даслалі.
- Добра яшчэ, тэрмін высылкі не павялічылі, - спакойна адказаў хударлявы чалавек, што сядзеў па той бок стала. У яго таксама была кароткая барада, толькі светлая, трохі запалыя светлыя пранізлівыя вочы і швэдар - чорны.
- Самі пагадзіцеся, Уладзімір, гэта лагічна - праігнараваць працу пра хваробу, якая ўтвараецца ад нішчымнага харчавання, таму што ў Савецкім Саюзе не можа быць голаду.
На сцяне з магутных сібірскіх бярвенняў мірна цікалі ходзікі. Дзве бронзавыя шышкі на ланцугах, што звісалі пад цыферблатам, нібыта асуджальна пазіралі на мітуслівы маятнік, які так і не навучыўся, як яны, паважна завісаць у прасторы, а ўсё даганяў і даганяў чужы час. Побач, на магутным круку, убітым у мёртвае цела сасны, вісеў на плечыках акуратна распраўлены і выгладжаны медыцынскі халат. Пакой быў дзіўны, падзелены на дзве часткі сіняй паркалёвай занавескай, зараз напалову адсунутай. З аднаго боку ад яе грувасціліся кніжныя шафы з класікай марксізму-ленінізму, аптымістычна шчэрыліся плакаты - “У здаровым целе - здаровы дух”, “Фізкультура - лепшы доктар”. У куце, як фанерныя крылы пралетарскіх анёлаў, састаўленыя транспаранты... Тыповы “чырвоны куток”. Так і мроіцца, як румяныя кабеты, прытупваючы па драўлянай падлозе, выпяваюць:
- Мяне мілы правадзіў
Да зялёненькіх рабін.
Усіх трацкістаў корні знішчым,
Не застанецца ні адзін.
А па другі бок занавескі - сціплае жытло. Стол, тапчан, няхітры посуд на паліцы. Падобна, тутэйшаму доктару вылучылі куток у службовым памяшканні.
- Пра голад лепш не згадвайце, Корвус, - сціснуў зубы суразмоўца. - Я ж з Украіны. Памятаю 1933-ці. Счарнелых людзей з рукамі-трысціначкамі.
- І я памятаю такіх - на Беларусі.
Аўтар страшнага даследавання адкінуўся на спінку пашарпанага венскага крэсла, яшчэ, мусіць, з царскай эпохі.
- Мой бацька быў доктар. Ён прыязджаў з камандзіроўкі па вёсках і не мог ні есці, ні спаць... Плакаў. Лаяўся з мачыхай, якая казала пра кулакоў. Так міраедам і трэба. А ён усё паўтараў: дзеці, гэта ж дзеці, Валя! Звычайныя сялянскі дзеткі з распухлымі жыватамі. Яны паміраюць з непражаванай карой у роце... А потым, калі я быў студэнтам... - Люцыян Станіслававіч пацёр пальцам пераносіцу, якая відавочна была калісь зламаная. - Практыка ў калгасе “Святло Ільіча” на Віцебшчыне... І першыя пацыенты - жанчына і хлопчык, заварот кішак. Малодшы сын у сям’і памёр ад голаду. Звар’яцелая кабета для старэйшага, яшчэ жывога, прыгатавала мяса трупа... Не, прабачце, Уладзімір, не хачу ўспамінаць нават цяпер. Што я мог зрабіць? Толькі аддаць усё, што меў. Людзі капаюць карані дзядоўніка. У хаце маіх гаспадароў дзеці на печы гуляюць у гульню, у каго большая ямка ў лобе. Яны апухлі ад голаду, і націскалі адзін аднаму пальцам на лоб, каб у тканках утваралася выёміна... А медпункт абклеены плакатамі “Захаваем ураджай для дзяржавы!”
Той, каго звалі Уладзімір, устаў з-за стала і падышоў да этажэркі, над якой вісеў партрэт Правадыра. Пастаяў, счапіўшы рукі за спінаю, узіраючыся ў вочы партрэта. І раптам выгукнуў з тужлівай нянавісцю:
- Паўгады ўжо як гэты вупыр памёр. А партрэт усё вісіць. І мы тут сядзім... Крымінальнікаў паадпускалі. Швэндаюць бандамі. А нам толькі тэрмін напалову скасцілі. Добра, хоць вам, Люцыян Станіслававіч, далі вызвольную. Хоць як без вас будзе бальніца - не ведаю.
- Я ж паабяцаў - затрымаюся, пакуль не дашлюць медперсанал, - доктар уздыхнуў. - А перамены ўсё роўна непазбежныя. Дагрызуцца ў Крамлі за ўладу, і ўсё. Лагернае начальства вунь якое ўсё разгубленае - не ведаюць, як ставіцца да зэкаў. А раптам заўтра ўсіх вызваляць, і якісь асабліва важны зноў стане вялікім начальнікам? А яны яму зубы ўласнаручна выбівалі. Паедзеце і вы на радзіму...
- Хто там мяне чакае...
Чарнабароды зноў усеўся за круглы стол, накрыты белым абрусам з вышыванымі валошкамі.
- Вас тут яшчэ не было, а другія спецпасяленцы памятаюць, як мяне халоднай вадой адлівалі. Былая жонка паведаміла, што наша адзіная дачка памерла. Ад менінгіту. На пяці аркушах распісала - як малая захварэла, пакутвала, памірала. Алічка мая. Донечка, рамоначак мой... Я тады і пасівеў.
Скроні Уладзіміра сапраўды былі зусім белыя, быццам хтось мазануў фарбай па чорных яго валасах шырокім пэндзлем.
- А потым высветлілася праз агульных знаёмых, што Надзя мне зманіла. Алічка жывая-здаровая. Любіць новага татку. А каб стары татка, лагернік, не перашкаджаў, не ўздумаў лезці ў наладжанае жыццё, нат калі раптам вызваліцца, былая мая жоначка скляпала ліст...
Мужчына грукнуў па стале, ажно манаграфія пра голад пасунулася, нібы ў спалоху.