...Вакно ў палаце было невялікім, пад самай столлю. Толькі падскочыўшы, вызірнеш. Забранае густымі кратамі. І лямпачка ў кратах, быццам самое святло злавілі і пасадзілі ў клетку. Ад турэмнага карцара невялікае памяшканне адрознівала светлая афарбоўка столі і сценаў, чыстая, накрухмаленая бялізна на ложку, жалезныя ногі якога прыкручаныя да падлогі. Стос кніг на тумбачцы... Ну і людзі, на чые плечы, падобна плашчам крыжаносцаў, былі накінутыя белыя халаты. У каротка стрыжанай жанчыны з уладным абліччам, што прысела на зэдлік, у руках ззялі кветкі. Пунцовыя астры. Іх вострыя пялёсткі варожа цэліліся вакол. Мажны мужчына з палыселай галавой з рэшткамі рудых валасоў разгублена касавурыўся вакол, выкладаючы на тумбачку яблыкі і печыва...
Толькі на двух прысутных доктарскія халаты былі зашпіленыя, як належыць. Гожая жанчына ў кароне каштанавых кос, хударлявы мужчына з пранізлівым поглядам занадта светлых, трохі запалых вачэй.
Пяты чалавек у пакоі відавочна быў сталым насельнікам. У бальнічнай фланэлевай піжаме колеру варанай капусты, пасівелы, худы, хаця косць шырокая. Галава паголеная, у шнарах. Вочы разгубленыя і нібыта выцвілыя, і ўсё аблічча нагадвае чамусь прамакатку.
- Вось і сабраўся Ордэн захавальнікаў... - прамовіў светлавокі доктар.
- Не думаў, што дажыву да такога...
- Шмат хто з нас не спадзяваўся дажыць, Магістр.
Па нізкаватым голасе адчувалася, што стрыжаная жанчына шмат курыць.
- Ну як ты, Рыгорка?
Простае пытанне наведніцы змусіла пацыента асобнай палаты скалануцца, па белым азызлым твары нібыта прайшлі хвалі.
- Як вы можаце са мной... па добраму... Пасля ўсяго... Я так вінаваты... Я няварты...
Па бледных шчоках каціліся слёзы.
- Ціха, ціха, Рыгор... - прыгожая доктарка хуценька падала хвораму пластыкавы кубак і змусіла адсёрбнуць. - Мы ўсе ведаем, што гэта не ты... Гэта твая хвароба.
- Люцыян Станіслававіч... Жэнечка... Я так...
- Ціха, ціха! - паўтарала доктарка, нібыта да немаўляці, і хворы паступова супакоіўся, твар пасвятлеў. Мусіць, і лекі падзейнічалі. Нават папытаўся:
- А вы як, Ромка, Малгося?
Лысавата-рудаваты ўсміхнуўся, намагаючыся ні з кім не сустрэцца вачыма.
- Жанаты. Двое дзетак. Хлопец і дзяўчынка. Працую намеснікам загадчыка склада. Кватэру ў Мінску атрымалі, у новым мікрараёне. Дачка ў музычную школу ходзіць.
Стрыжаная кабета таксама намагалася на рудога не глядзець.
- Я ў Харкаве, загадваю рэанімацыйным аддзяленнем абласнога шпіталя. У высылцы пазнаёмілася з людзьмі адтуль, вось і... Хацелася ўсё пачаць наноў.
- Ты не замужам? - вырвалася ў Рамана.
- Не, - цвёрда адказала жанчына. - Не хочацца разменьвацца. Дарэчы, Раман, ты ж быў галоўным сведкам па нашай справе, калі мяне і Паўла арыштавалі, ведаеш, што ў мяне ўжо было вялікае каханне, якому замены няма.
Пастарэлы Ромка Цвічок пачырванеў - але хутчэй ад гневу, чым ад сораму.
- Ну ўжо выбачай, я чалавек просты. Інтрыг не разумею. Як ёсць - так заўсёды і гавару... Я ж не падазраваў, што ты з начальствам раман круціла, пакуль я тваёй ласкі чакаў.
- Пра Апошні Прытулак Раман таксама, відаць, следчым усё распавёў... - занудным голасам прамовіў Корвус, нібыта паведамляў прагноз надвор’я.
- А-ха-а... Што ж з намі сталася... - раптам заблагаў Рыгор, яго твар пачаў тузацца. Пасля патрэбнай на супакой пацыента паўзы ўсе загаварылі зусім іншым тонам, пра нейкія жыццёвыя, прыемныя дробязі. Пачалі ўспамінаць школьныя гады, раскопкі, здабытыя чарапкі і наканечнікі стрэлаў... Ад удаванай весялосці зводзіла сківіцы, як ад няспелага агрэсту. Хворы атрымаў яшчэ лекаў і пачаў засынаць. Паспеў прамармытаць словы ўдзячнасці за тое, што сабраліся, наведалі...
У калідоры Малгося ціха папыталася:
- Магістр, колькі яму засталося?
Корвус не стаў рабіць шматзначныя паўзы і адгаворвацца.
- Тыдні два. Больш наўрад працягне. Працэс у мозгу прагрэсуе.
- Каб мы яго не забралі з Бабруйскага шпіталя, гады два таму памёр бы, - дадала Яўгенія. - Сваякі ёсць, але ніхто да яго не прыходзіць. Выракліся. Вось Люцыян і вырашыў - па-чалавечы будзе паведаміць сябрам. Каб хоць хтось развітаўся.
У гулкіх шпітальных калідорах - зялёныя сцены, шэрая бетонная падлога - агідна заляскала, загрукатала каталка.
- А як ты? - Малгося запытальна зірнула на сяброўку, калі трохі адсталі ад мужчын.
- Мы добра.
Жэнька адказала, гледзячы ў спіну мужа. З адценнем пяшчоты - проста таму, што гэтае пачуццё расчыненае ў адносінах, як цукар у гарбаце... Не відно, але адчуваецца беспамылкова.
- Рада за цябе... - ціха прамовіла Малгося. - Хто б мог падумаць, што ты - і наш настаўнік станеце парай. Хочаце, паспрыяю, каб вас перавялі ў Харкаў? Што вы сядзіце ў Старавежску...