Усё ж паведамленьне Плешкі ўзрушыла Ступака, сьпярша ён нават не паверыў у тое. Але затым, разважыўшы, падумаў: а можа, і праўда. Ад гэтага можна было чакаць усяго, і вельмі нават магчыма, што найбольшаю асалодай для яго было самому паўдзельнічаць у эфектыўнай паліцэйскай акцыі. Адчуць азарт расправы − як драпежнік над сваёй ахвярай. Ступаку нават здалося, што той, хто лупіў яго па параненым плячы, мог быць менавіта сам. Краем вока ён нават згледзеў падобнага − з азьвярэлымі вачыма, вусатага. Хаця вусатых там было шмат.
Пакінуўшы Плешку ля ягонага «Запарожца», Ступак пайшоў па падворку да суседняга дома і яшчэ здалёк убачыў там чорную «БМВ» ля другога пад’езду. Ён прысь-пешыў крок, сапраўды, то была машына Валынца, а ля яе
і сам гаспадар, які толькі што выйшаў з дзьвярэй. То быў маладжавы яшчэ чалавек у дарагім двухбортным гарнітуры, пры даўжэзным гальштуку; ён паклаў на задняе ся-дзеньне кейс і расчыніў пярэднюю дзьверцу. За рулём чакаў малады шафёр з бычынай шыяй і выстрыжанай паты-ліцай.
− Можна вас на хвілінку, − гукнуў Ступак.
Валынец з незадаволеным выразам твару прытрымаў дзьверцу, Ступак падышоў бліжай і стрымана павітаўся.
− Прадаю гараж. Ну той, металічны. Купіце?
Напружаньне на холеным твары Валынца разам зьмяк-чэла, здаецца, той зразумеў і дзелавіта кінуў:
− Колькі?
− Ну гэта... Тысячу.
− Даю пяцьсот. З вывазам.
Пяцьсот, канешне, ня тысяча, але тут ня гандаль, тут продаж, падумаў Ступак, адчуваючы, што ягоны пакупнік дужа сьпяшаецца і вось-вось сядзе ў машыну. Другі раз наўрад ці яго засьпееш.
− Ладна, што ж...
Валынец з унутранай кішэні пінжака дастаў кашалёк
і спрытна вылузнуў з яго тры стодаляравыя купюры.
− У якасьці задатку.
− Толькі асвабаджу ў канцы месяца,− вінавата зазначыў Ступак.
− Тады атрымаеш астатнія. Усяго добрага.
Валынец схаваўся ў сваю чорную «БМВ», якая імкліва рванула з месца, а Ступак пастаяў яшчэ, ня ведаючы, радавацца ці ня надта. У руцэ ён трымаў трыста баксаў, тое было для яго багацьце. Але ж ён траціў апошні прытулак. Дзе прыткнуцца, калі ягоны куратнік пяройдзе гэтаму бізнэ-соўцу?
А зрэшты, можа, тады ў прытулку і ня будзе патрэбы. Пра прытулак паклапоцяцца іншыя.
Тым жа ранкам ён разьмяняў у вулічным абменным пункце першыя сто даляраў, накупіў у гастраноме харчу: два белых батоны, кавалак каўбасы і нават гронку жоўтых бананаў, якія прадаваліся на кожным рагу. Сьпярша добра пад’еў у гаражы на адзіноце, − Плешка ўжо некуды зьехаў,
і ля гаражоў не было нікога. Пасьля сухога сьняданку зьявілася смага, але ён падумаў, што вып’е піва пасьля, як будзе ісьці на базар. Напружана думаючы пра зброю, ён усё ж вы-рашыў наведаць базар, дзе ня быў з самай вясны. Не было патрэбы ды й грошай. Цяпер жа зьявілася тое і гэта, і ён ня стаў губляць час.
Ашчаджаючы балючую руку, можа, з гадзіну ён швэн-даўся між тлумных гандлёвых радоў, заваленых розным таварам − харчам, гароднінай, а таксама адзеньнем, рознай драбязой і начыньнем. Усё,што прадавалася, было раскла-дзена на прылаўках, століках, а таксама ля ног на асфаль-це, на газецінах ці проста выглядвала з расхінутых гаспадарчых сумак. Тавару было безьліч, здавалася, тут можна знайсьці ўсё. Але тавары яго цікавілі мала, ягоны інтарэс палягаў у іншым, і ён разумеў, што тое іншае на прылаўках ня згледзіш. Ён болей прыглядваўся да твараў − прадаўцоў і пакупнікоў, што ў цеснаце і штурханіне мітусіліся побач, выбіраў сярод іх пэўны тып − маладога, засяроджанага ў са-бе чалавека, можа «афганца» або «чачэнца».
У гэтых якраз і можна было нешта здабыць. Зброю
ці наркоту. Неяк яшчэ зімой ён прыходзіў сюды з жонкай па бульбу і ў аднаго чарнявага, з выгляду каўказца, прыца- ніўся да яго жоўтых гранатаў. Калі той назваў цану, пажар-таваў: «Ого, бы лімонкі». «То фрукты, а не лімонкі − крыўд-ліва паправіў гаспадар. − Лімонкі таньней будуць». − «А што, ёсьць і лімонкі?» − жартам пацікавіўся Ступак. «Знойдзем, калі трэба», − хітравата падміргнуў каўказец. Тады Ступаку лімонкі не былі патрэбныя, але во цяпер...
Аднак жа, чаго трэба, менавіта таго і не бывае ў гандлі. Нават і на базары.