Найперш здалёк яшчэ ўчуліся шум, гамана, рух мноства людзей, што суцэльнай плыньню рушылі кудысь у напрамку да цэнтральнай плошчы, несучы нейкія лозунгі. Вецер угары матляў бел-чырвона-белыя сьцягі − мноства сьцягоў, аж да канца калоны, якая хавалася за перагінам вуліцы. Пачатак гэтага шэсьця ўжо мінуў завулак, дзе паявіўся Ступак, і хто там усіх вёў, не было відаць. Поруч жа шэсьце
з абодвух бакоў атачалі міліцыянты. Адны з іх стаялі ў няроўных шэрагах, іншыя (мабыць, начальства) бегалі-міту-сіліся ў сваім міліцэйскім клопаце. Ступак сьпярша зьдзіў-лена прыпыніўся, уражаны відовішчам, а затым нечаканая хваля ўзрушэньня падхапіла яго з тратуара і вынесла да лю-дзей. Малады міліцыянт на краі тратуару спрабаваў засту-піць дарогу, ды Ступак плячом рашуча адпіхнуў яго і выйшаў на асфальт − да ўсіх. Поруч на ўсю шырыню вуліцы ішлі і маладыя, і старыя, і сярэдняга веку мужчыны з жанкамі
і дзяўчатамі; твары ва ўсіх былі прыемна-сьвяточныя,
бяз звыклай паўсядзённай змрочнасьці ці нават нярэдкай па часе жорсткасьці. Уражвала вялікае мноства нацыянальных сьцягоў, якія над людскімі галовамі паласкаў сьвежава-ты ранішні вятрыска. Трохі меней было плакатаў з розны-мі надпісамі, зробленымі часам прафесійна, а болей − ня ду-жа ўмелымі рукамі. Ступак, паазіраўшыся, прачытаў тыя, што былі бліжэй: «Беларусь − у Эўропу!», «Не − бальшаві-кам!», «Міліцэйскае пудзіла − у Менскае мора!» Якраз
над яго галавой хістка калыхаўся лозунг-плакат, што нёс малады хлопец у джынсовай камізэльцы з мноствам кі-шанькоў: «Мы хочам есьці!» То было якраз пад настрой Сту-паку − ён таксама быў галаднаваты зранку, хацеў есьці і ня меў у кішэні ніводнага «зайца». I ён пайшоў разам з усімі,− ня надта борзда ступаючы ў бязладным натоўпе, стараючы-ся не наткнуцца на каго наперадзе, не ступіць на чыесьці запяткі. Грандыёзная суладнасьць людскога натоўпу надавала адчуваньне ладу і ўпэўненасьці, здавалася, гэткаю сілай яны дамогуцца чаго хочаш. А чаго дамагаліся, відно было з мноства плакатаў над галовамі. Хто мог адмовіць
у законнасьці тых патрабаваньняў? Хто мог спыніць гэты шматтысячны паток гараджанаў?
Але неўзабаве паток чамусьці замарудзіў хаду, чым далей, тым болей людзі пачалі спыняцца. Некаторыя напера-дзе сыходзіліся шчыльней, рух пачаў заміраць, і было невя-дома: чаму? Пачуліся выкрыкі нязгоды ці, можа, пратэсту,
і тады Ступак здагадаўся ў чым справа. Стараючыся не штур-хаць іншых, ён памкнуўся наперад, мінаючы найболей шчыльныя групы. У адным месцы прабег па тратуары пад но-сам у заклапочаных, спатнелых міліцыянтаў, якія таксама напружана ўзіраліся наперад. I тады яму стала відаць пера-шкода. Шэсьце ўперлася ў шчыльныя, бы спрасаваныя, тры шэрагі АМАПу, што ад сьцяны да сьцяны будынінаў выцягнуліся ўпоперак прасьпекту.
Ён і яшчэ праціснуўся наперад, каб лепей бачыць, што там робіцца. Аднак бачна было ўсё ж няшмат, чулася гамана, мабыць кіраўнікі гэтага шэсьця спрачаліся з таўстым міліцэйскім палкоўнікам, што незразумела хрыпеў у трубу мегафону. За ім замерла сьцяна амапаўцаў − блішчастыя шчыты ля ног, шлемы-скафандры на галавах, грудзі ва ўсіх расьпіралі бронекамізэлькі, у кожнага чорная палка ў правай руцэ. Але што былі гэтыя шчанюкі перад аб’яднанаю сі-лай тысячаў, акрыленых адзінаю мэтай свае праўды? Іх мож-на было сапхнуць за адну хвіліну. Нехта нават і крыкнуў з на-тоўпу штосьці накшталт «наперад». I тады раптам людзі збоч вуліцы неяк незразумела хіснуліся, воддаль страхавіта закрычала кабета. Ступак азірнуўся − з завулка ад пошты, клінам расьсякаючы натоўп, урэзаўся атрад амапаўцаў у кас-ках і са шчытамі. Гэтыя адразу ўзяліся працаваць даўжэзнымі чорнымі палкамі − малаціць усіх без разбору, хто трапляў ім пад рукі.
Натоўп калыхнуўся ў адзін бок, у другі, некоторыя кінуліся назад − пад сьцяну будынку пачтамту, але і там невядома адкуль узяліся амапаўцы − ці не з дзьвярэй пачтамта. Неўзабаве іх стала, здалося, ня меней, чым дэманстрантаў, яны расьсякалі натоўп на часткі і білі, калашмацілі, валілі на асфальт людзей − мужчынаў і жанок, хапалі, камячылі сьцягі і плакаты, якімі некаторыя спрабавалі
ад іх бараніцца. Над вуліцай узьвіўся бязладны, зьдзічэлы крык і лямант; жаночы плач перамяшаўся з роспачнай мужчынскай лаянкай, і невядома было, хто лаяўся. Падобна, і тыя, і гэтыя.
Пасьля хвіліны зьбянтэжанасьці Ступак зразумеў, што трэба адсюль «ірваць кіпці». Ды, мабыць, зразумеў тое спазь-нела. Першы ўдар гумовай палкай па сьпіне змусіў яго хіснуцца, ён спатыкнуўся аб кагось, хто ужо ляжаў на асфальце, але ўтрымаўся, ня ўпаў і пасьпеў азірнуцца на таго, хто яго выцяў. З-за выгнутага плаксіглазавага казырка
ў яго ўтаропіўся счырванелы ад поту твар маладога амапаўца.