Яна ўжо амаль скардзіцца гэтаму малому, ёй хочацца гаварыць з ім, расказаць пра Максіма, але яна стрымліваецца.
— Калі вы едзеце? Можна, я праводжў вас?
— Ну што ты! — засмяялася Наталя. — Мой цягнік адыходзіць роўна апоўначы. Гэта калі на вашай вежы, той, што на плошчы, будуць біць куранты. Яны ж б'юць апоўначы?
— Б'юць, — ківае Антак. — Так грозна: бум! бім! Я тады мацней да Казькі тулюся.
— Ну вось. А калі ты прачнешся, я ўжо буду далёка…
— Далёка… — рэхам паўтарае Антак, і Наталя зноў чуе, як носіцца па вуліцах адзінокі матацыкл, і таму, не сустракаючыся вачыма з Антакам, яна спрабуе паставіць на стол некрануты кубак з малаком.
— Што ж вы! — голас у Аптака наліваецца крыўдай, і Наталя не вытрымлівае. Яна сядзіць і п'е казінае малако, ад якога патыхае гаркавым палыном — тым палыном, які расце на старым Замчышчы, прарастае са старажытных абпаленых камянёў, з зямлі, што спакойна прыняла ў сваё ўлонне і грозныя сцены, і мячы, і дзіды — і растварыла іх у сваім лоне. Наталя п'е, а Антак сядзіць побач і ўважліва глядзіць на яе — смешны хлопчык у выцвілай кашулі і сандалетах на босых нагах, з чорнай радзімкай на скроні, пад бялёсай выцвілай пасмай, — глядзіць сур'ёзна, нібыта яны абое, Наталя і ён, выконваюць нейкі дзіўны абрад, зразумелы толькі ім адным.
— Ну што ж, Антак. Бывай. Не сумуй тут. Чакай маму.
Ён сціснуў вусны, вочы ў яго сумныя, аднак Наталя ставіць кубак і ідзе, ледзь не сутыкнуўшыся на ганку з Казькай, якая ляжыць на пацямнелых дошках, падвярнуўшы пад сябе нагу і паклаўшы на другую рагатую галаву са стомленымі старэчымі зрэнкамі.
…На вуліцы нібы нічога не змянілася, аднак сонца схілілася да гарызонта, ля дамоў ляглі цені, а пясок ля вадакачкі ўжо суха хрумсцеў і пыліўся пад яе крокамі. Мацней пахла кропам і маладой бульбай ад гародчыкаў, што падступалі да самага Замчышча, дзе-нідзе спрабуючы ўзабрацца на гару.
Максіма яна ўбачыла адразу, як толькі выбралася на плошчу. Ярка-жоўтая нейлонавая кашуля, расшпіленая ледзь не да пояса, маляўніча выдзялялася на фоне брудна-белай сцяны універмага. Адной рукой ён трымаўся за руль вішнёвай «Явы», другой боўтаў перад сабой навюткім шлемам, што ззяў у водбліску апошніх праменняў, нібыта залаты шлем Ахіла, вось-вось гатовы ўзляцець на круглую стрыжаную галаву. Кашуля прыгожа адцяняла яго загарэлы хлапечы твар з цёмным румянцам і цёмна-зялёнымі вачыма.
Ён таксама ўбачыў яе, пажвавеў, затанцаваў на месцы, нецярпліва перахопліваючы руль дзвюма рукамі, нібы спяшаючыся хутчэй пасадзіць яе на матацыкл і везці хоць на край свету.
— Дзве гадзіны цябе шукаю! — закрычаў ён здалёк. — Дзе ты знікла? Праз хвіліну фільм пачынаецца, «Парыжскія тайны», там усе сядзяць як на іголках. Сядай! Пасля паедзем у матэль, там такі бар адкрылі! Гэта табе не што, а Захад. А заўтра…
— А заўтра не будзе, Максімка. Я еду праз шэсць гадзін, у поўнач. У мяне таксама білет… на цягнік.
Яна з усмешкай паглядзела на Максіма, як заўсёды, дзівячыся сама сабе ягонай неўтаймаванасці і лёгкасці, з якой ён прымаў жыццё, бесшабашна трымаючыся на самых крутых яго хвалях.
— Так?! — твар у Максіма расчаравана выцягнуўся. — Ты што ж, збіраешся пакінуць мяне, як Папялушка на балю? Не! Так не пойдзе. Білет заменім, і…
— I я ўсё роўна паеду, — мякка запярэчыла Наталя. — Ты ж мяне ведаеш. Дысцыпліна, дзеці. Як яны без мяне? А ты… Чаму я цябе вучыла? Знайшоў мадэрновы фільм…
— Ну, прапала мая галава! — весела зморшчыўся Максім. — Ты ўсё тая ж, — дадаў ён, перакідваючы нагу цераз сядзенне і ўключаючы запальванне. — Прын-цы-повая! Жыццё — яно не любіць, каб скавыталі, а ты…
Наталя не пачула апоншія словы, таму што матацыкл ірвануўся наперад.
На пачатак сеанса яны ўсё ж не трапілі, прабіліся на месцы, торкаючыся ў чужыя калені, а пасля сядзелі, няўважліва гледзячы па экран, таму што Максім усё спрабаваў пацалаваць яе ў шыю, дзе пушыліся ўпартыя пасмачкі, а яна штурхала яго ў бок, раз'ятрана шыпела і разам з тым адчувала сябе такой шчаслівай, што яе не маглі збіць з панталыку нават злыя пагляды суседзяў справа і злева.
Пасля кіно іх чакалі. Чацвёра хлопцаў на матацыклах і дзяўчаткі — усе прыкладна аднаго ўзросту з Наталяй, — закрычалі, замахалі рукамі. Максім хуценька перазнаёміў яе з усімі, але Наталя нікога не запомніла ад збянтэжанасці, толькі першага, Валодзю, які падышоў да яе не спяшаючыся, упэўнена і дапытліва разглядаючы яе ўсю — ад ілба да кончыкаў не надта новых туфлікаў. Пасля ён ізноў наблізіўся да яе — калі абмяркоўвалі, якой дарогай ехаць, — і шматзначна ўзяў яе за руку:
— Мы Максіма без вас ледзь не ажанілі. Каб уратаваць. А то калі такая дзяўчына возьмецца за ратаванне душы — усё, прапаў чалавек!