— Туды? Ноччу там не ходзяць. Ну, калі ты хочаш… — ён падхапіў яе пад руку, усміхнуўся. — Са мной туды ісці можна. Так што… твае кветачкі-казурачкі зноў прайграюць! — I, злавіўшы яе погляд, весела падміргнуў: — А «лодачкі» прыйдзецца зняць. Вунь якая вертыкаль!
…Паволі, чапляючыся за самы маленькі кусцік, яны ўздымаліся наверх, і дзіўна: з кожным крокам упартасці ў дзяўчыны прыбывала, яна спяшалася, і Максім, пасміхаючыся нязлосна, падпарадкоўваўся яе руцэ. Але перад самым верхам ім давялося памяняцца месцамі: Наталі не пад сілу было залезці ў праём, і Максім, падцягнуўшыся на руках, пасля асцярожна ўцягнуў яе ў пралом па гладкіх каменнях сцяны.
— У-ух! — выдыхнуў ён, азіраючыся па баках. — Не зайздрошчу татарам. Столькі лезці — а пасля цябе як швыргануць, і ляці ўніз, ламай галаву. Багата іх тут палегла некалі!
На гарадзішчы ў вячэрні гэты час было асабліва няўтульна і пустэльна, каменне ж не страціла цеплыні, і хлопец з дзяўчынай асцярожна ўселіся на валун, блізка адзін да аднаго. Наталя абцерла далоняй падэшвы, надзела «лодачкі», пасля знайшла хусцінку і выцерла ёю твар. Максім некаторы час назіраў за яе рухамі, пасля ўпэўнена пацягнуўся да яе вуснаў, а яна адхіляла яго разгарачаны твар, але адхіляла нерашуча, баючыся пакрыўдзіць яго.
— Не так… Не трэба… Мы ж не дзеля гэтага сюды прыйшлі!
Ён цяжка перавёў дыханне, спадылба паглядаючы на яе.
— Засумаваў я па табе, каб ты ведала! — Ён дастаў цыгарэту, чыркнуў запалкай. Агеньчык слаба ўспыхнуў — іскрынка ў цемрадзі на імгненне асвятліла спахмурнелыя Максімавы вочы. — А ты…
— Гэта цябе шкадаваць? — Яна села побач. — Давай лепей проста пасядзім, паглядзім. Як тут добра!
— Юродзівая ты, Наталя, га? — нечакана сказаў Максім, нібыта пытаючыся ў яе. — Такая чысценькая, беленькая. Такая правільная. Да цябе прыйсці б не зараз, пасля. Патрапаным, расчараваным, абрыдлым самому сабе. Га?
Яна маўчала. Вецер, цяжкі і цёплы, хвалямі пляскаўся аб гару, скрозь праёмы сцен віднеліся зоркі. Звільгатнелы палын павеяў нечым адзічэлым, нібы ніколі па ім не ступала чалавечая нага. Але, закідваючы галаву, Наталя нейкім цьмяным пачуццём зразумела, што непадалёку нехта ёсць. Яна спалохана ўстала, сціспула Максімаву руку:
— Нехта дыхае. Паслухай!
— Ды ну цябе! Прыдумаеш! — Ён ізноў паспрабаваў прыцягнуць яе да сябе, хацеў пасадзіць на калені.— Хто сюды прыйдзе ў такі час?
— Пачакай! — яна вырвалася. — Вунь там, я чую. Нехта варушыцца.
Ён устаў, напружваючы зрок, пасля цвёрда пайшоў да гарбатай няроўнай аркі. Перш чым Наталя паспела нешта разгледзець, спалоханы хлапечы голас азваўся насустрач:
— Цёця Наталя!
— Антак! Няўжо гэта ты! — ускрыкнула дзяўчына, кідаючыся да хлопчыка, і адразу ж жорсткія рогі ўперліся ў яе жывот. — Ой! I Казька тут? Ты чаму гэта не ў хаце? Здарылася што?
— Цёця Ніна… яна пайшла ў госці… Аднаму ва ўсім доме… страшна! — ён, дрыжучы, прыціснуўся да яе, ашчаперыў рукамі.
— Наталя, хутка ты там?
Яшчэ не разгледзеўшы хлопчыка, Максім адразу ж і незваротна неўзлюбіў яго. Ён пацягнуў дзяўчыну за руку:
— Часу няма!
Але яна быццам бы не чула, толькі цясней прыціснула да сябе хлопчыка, патрапала ягоныя валасы, суцяшаючы. Нешта цёплае і добрае было ў ёй да Антака. Можа, таму і ён так шчыра пацягнуўся да яе?
— Доўга цябе чакаць?
Максімаў голас заледзянеў. Наталя адарвалася ад Антака.
— Ну што ты? Не злуйся. Тут жа недалёка. Крышку пасядзім з ім…
Яна зашаптала яму на вуха:
— Пасля ён засне, і ты якраз паспееш мяне падвезці да вакзала. Добра?
— Ты… думаеш, пра што кажаш? Там кампанія чакае, мы ж і так спазніліся, а ты! — Ён рэзка адхінуўся ад яе. — I хто ён такі, Антак, кажаш? Ну?
— Проста… — голас Наталі задрыжаў, перасох як бы. — Я… чакала цябе. Тут, на гары… А пасля ў яго малако… піла.
— Малако?! I з-за гэтага мы тут валэндаемся? З-за гэтага я перавярнуў увесь гарадок, насіўся, хваляваўся? Малако! Можа, яшчэ скажаш, ад гэтай дахляціны?
— Казька не здыхляціна, — заступіўся за казу Антак. — У яе малако смачнае. Праўда ж, цёця Наталя?
— Праўда, — усміхнулася ў адказ Наталя. — Яно смачнае.
— Слухай, ты!.. Як цябе там! — узбурыўся раптам Максім. Ён склаў пальцы для пстрычкі, але не паспеў ударыць: Антак схаваўся за спіпу Наталі.— Каціся адсюль, пакуль я сам цябе з гары не спусціў! Ну! Дзяўчына схапіла яго за руку.
— Перастань! Перастань, не сарамаць сябе! — яна загароджвала спалоханага Антака. — Не бойся, ён жартуе. Ты жартуеш, так?
Максімава рука была занадта моцнай для маленькіх яе далоняў. Яна рванулася і вызвалілася з іх.
— Ты сама! Сама мяне сюды прыцягнула! Навошта ж? Для чаго трэба было цягнуць сюды, дзе нікога няма, а пасля… авечкай прыкідвацца?
— Ты ашалеў ад злосці, дальбог. Ці гара на цябе паўздзейнічала? Помніш, ты казаў, што яна чароўная?
Але ён не прыняў жарту, не прыняў рук, якімі яна хацела ахапіць яго за плечы. Наадварот — ірвануўся так, што Наталя, спатыкнуўшыся, ледзь не ўпала. Хлопчык ледзьве паспеў падтрымаць яе.
— Прэч адсюль, мураш! — зароў Максім.
— Нашто вы яе штурхаеце? — Антак выйшаў з-за спіны Наталі, голас яго зрываўся. — Я… я пайду. Я і так вам не перашкаджаў. Я… проста сядзеў.