І добра яшчэ не зразумеўшы ў гарачцы, Валодзькін адчуў, што з’явілася нейкая новая акалічнасць, якая, здаецца, змяншала сілы ворагаў і абараняла яго. Нездаволена сцяўшы конскія сківіцы, яфрэйтар дастаў з кішэні закурку, а хлопец, цяжка дыхаючы, ужо ведаў, што ён нейкім чынам не падуладны гэтаму зверу-фашысту. І зразумеўшы гэта, Валодзькін так узрадаваўся, што аж засмяяўся сам сабе — гэта напоўніла яго новай адвагай і надало новыя сілы.
— Эй, ты, фашыст, Гітлер капут! — зноў закрычаў Валодзькін. — Гітлер шваін!
Немцы спалохана азірнуліся, быццам хто мог падслухаць іх у гэтым зімовым полі, а Валодзькін, мабілізаваўшы ўсё тое, што ведаў з нямецкай мовы, злосна крычаў:
— Гітлер капут! Герынг капут! Фашызм капут! Ротэ армее сіген! Бліц крыг! — зларадна рагатаў палонны. — Кукіш вам, во Капут вам, праклятыя дойчы! Москаў сіген Чарнявы змрочна маўчаў, а ўкормлены з яфрэйтарам збянтэжана пераглянуліся, не ведаючы, пэўна, што рабіць з гэтым нескароным палоннікам. Потым яфрэйтар нешта закрычаў на яго, заляскаў затворам і наставіў у Валодзькіна карабін, але той аж захліпаўся ад невыказнага зларадства. Яго зусім не палохалі гэтыя захады канваіра, і ён з кароткімі перапынкамі ўсё крычаў лютыя праклёны ворагам.
Урэшце старшы канваір, відаць, страціў цярпенне. Бачачы, што напалохаць палонніка не ўдасца, ён дзіка вызверыўся сваёй кастлявай фізіяноміяй, вочы яго замуціліся ад шаленства, і ён замахнуўся прыкладам. Нібы раз’юшаны сабака, накінуўся фашыст на Валодзькіна. Разоў колькі ён моцна ўдарыў хлопца, у вачах таго бліснулі іскры, зацяло дыханне, ён паваліўся ў снег. Але гэта не пахіснула яго намеру супраціўляцца, прагнасць дапячы ворагу ўзмацнялася разам з болем, які прычыняў яму немец. І ён, задыхаючыся, праз стогны і енкі, крычаў, шаптаў тое, што цяпер так бянтэжыла ворага.
Невядома, чым скончыўся б гэты няроўны паядынак, калі б у той час не ўскочыў з долу чарнявы і моцным рыўком за плячо не адкінуў яфрэйтара ад яго ахвяры. Нібы звер, якога адрываюць ад свежай крыві, гітлеравец рвануўся з яго рук, нешта крыкнуў падначаленаму і, калі гэта не падзейнічала, наводліў стукнуў яму прыкладам у грудзі.
Прагна хапаючы ротам паветра, Валодзькін якраз узнімаўся з долу і бачыў, як нядобрым агнём успыхнулі строгія вочы чарнявага і як ён, хіснуўшыся, спрытна ўзмахнуў карабінам і з крэктам, як гэта выходзіць у дрывасекаў, апусціў яго на яфрэйтара. Той кінуў зброю, аберуч схапіўся за галаву і, надламаўшыся ў каленях, выцягнуўся на снезе.
Раптоўная магчымасць адпомсціць, быццам на крыллях, падхапіла Валодзькіна з зямлі, зацьміла боль, і ён у два скокі апынуўся ля варожай зброі. Ён не думаў тады ні пра небяспеку, ні пра свае шанцы перамагчы — увесь свет ад яго засланіў нялюдскі скрыўлены твар яфрэйтара. У марозным паветры грымнуў стрэл з варожага карабіна — немец, што дагэтуль грэбаў на снезе рукамі, здрыгануўся і заціх.
Перазарадзіўшы карабін, Валодзькін адскочыў убок і, гатовы да бойкі, прысеў на зямлю. Раптоўным магутным выбухам узнікла ў ім прытушаная ўжо прага жыць. Неадольная і ўладарная, яна сваёй хмельнай, апантанай рукой узняла хлопца, які нечакана адчуў сябе спрытным і дужым. Але ворагі чамусьці не кідаліся на яго. Чарнявы ў першае імгненне быццам аслупянеў над забітым, а потым, штосьці сцяміўшы, крутнуўся да трэцяга канваіра. Той, спалохана лыпаючы вачыма, заікліва мармытаў нешта, круціўся ў снезе на сваім тоўстым задзе і ніяк не мог уз — няцца з долу. Чарнявы нешта пагрозліва крыкнуў, падскочыў, выхапіў з яго вінтоўкі затвор і кінуўся на дарогу.
Валодзькін толькі тады скеміў, хто ўратаваў яго, і адразу быццам апамятаўся. Ён хуценька ўскочыў і, апасліва пазіраючы на тоўстага, кінуўся за сваім збаўцам.
Немец шпарка крочыў па цвёрдай снегавой цаліне, за ім з карабінам пад пахай спяшаўся Валодзькін. Ён не ведаў, што зробіць з ім яго канваір, не ведаў, ці варта зусім давярацца яму, але агульны ўдзел у нядаўняй сутычцы з’яднаў іх, і хлопец адчуваў у чарнявым свайго саюзніка.
Так, крывуляючы з пагорка на пагорак і штораз азіраючыся, яны дасягнулі хваёвага ўзлеску. Лес, відаць, быў стары і вялікі. Растапырыўшы ў бакі кашлатае сучча, цесна стаялі запарушаныя снегам яліны, з узлеску некуды ў глыб змрочных нетраў вялі сцяжынкі воўчых слядоў. Тут немец спыніўся, павярнуўся да зморанага, узрушанага і абнадзеенага Валодзькіна і паклаў яму на плячо сваю руку.
— Как твой фаміль? Вальодкін? Надо убегіваць, Вольодкін. Этот Лепечанск пушч, — паказаў ён на лес. — Там рус партызан, многа партызан. Ты будэш партызан, будэш крыг фашызм.
Ён падаў былому палонніку руку, і Валодзькін з нечаканым жалем узяў яе, а ў грудзях зашчымела сэрца ад прадчування адзіноты і ростані з гэтым загадкавым чужым чалавекам.
— А як жа вы? — запытаў хлопец. — Унд вохін зі?
Немец сумна ўсміхнуўся куточкамі вуснаў, моўчкі махнуў на развітанне і таропка пакрочыў па ўзлеску. Валодзькін апошні раз паглядзеў на дарогу, дзе на пагорку пад трыма соснамі ўсё яшчэ сядзеў збянтэжаны ўкормлены немец, і таксама падаўся ў лес. Хутка заснежаныя галіны зусім затулілі яго.
1958 г.
Загад