Сувязі не было ўжо дваццаць хвілін.
Дваццаць хвілін тэлефаніст Пятрашкін, сагнуўшыся ў куце бліндажа над палявым камутатарам. то патрабавальна, то ласкава, то звонкім хлапечым крыкам, то шэптам паўтараў у запацелую трубку самы патрэбны цяпер у свеце пазыўны — «Клён». Але «Клён» маўчаў, загадкава стаіўшыся недзе на другім канцы провада. Затое суседні на камутатары клапан з карандашным надпісам «Волга», амаль не закрываючыся, ліхаманкава дрыжаў: д-р-р-р-р, д-р-р-р… Да самага нутра працінала Пятрашкіна гэтае дрынканне, і ён разпораз таропка пераключаў штэпсель і ад прыкрасці так сціскаў у азяблым кулаку трубку, што аж бялелі суставы на пальцах. Прыгнечаны ўласным бяссіллем, тэлефаніст з маўклівай пакорнасцю слухаў далёкі сярдзіты голас дваццаць першага — іхняга камандзіра палка:
— Чорт вазьмі, калі вы дасце «Клён»? — хрыпеў у трубцы яго нягучны суровы бас. — Дзе начальнік сувязі?
Капітан Полазаў не чуў таго, але па нейкай аднаму яму вядомай прыкмеце здагадваўся, што яго патрабуе камандзір, і, прысеўшы ля Пятрашкіна, валасатай кастлявай рукою браў трубку. Яго дужа худы, немалады ўжо, вельмі строгі і заклапочаны твар сцяўся ў прадчуванні нейкай суровай непазбежнасці.
— Есць, таварыш дваццаць першы! Загад будзе выканан — сувязь будзе, — спакойна і цвёрда казаў капітан, і Пятрашкін, сцяўшы ўсё цела ад восеньскай сцюжы і ад гэтага нязбыўнага клопату, глядзеў, як яшчэ болей хмурнелі капітанавы запалыя вочы.
Сувязь была неабходна — толькі яна магла выратаваць полк ад той страшнай бяды, якую неслі фашысцкія танкі, прарваўшыся аднекуль з фланга ў палкавыя тылы. Недалёка недзе з імі змагалася транспартная рота і каменданцкі ўзвод, але Пятрашкін, заняты камутатарам, не бачыў і не чуў тае бойкі, — ён толькі адчуваў спіною, як уздрыгвала ад выбухаў зямля. Часам яна скалыналася так моцна, што з дзіркі на сярэдзіне жывым струменем сыпаўся пясок, і ў куце, дзе стаяла падпорка, каціліся каменьчыкі і ўсохлыя камякі гліны. Пятрашкін за невялікі тэрмін свайго франтавога жыцця яшчэ не меў такога пераплёту і цяпер вельмі пакутаваў і ад страху перад нямецкімі танкамі, і ад суровых патрабаванняў камандзіра палка, і ад напружанага чакання, калі, нарэшце, адновіцца сувязь і адгукнецца тая батарэя, на якую цяпер была ўся надзея.
Апрача Пятрашкіна і начальніка сувязі, у гэтым адбітым у немцаў бліндажы з перацёртай саламянай трухой у доле быў яшчэ яфрэйтар Бутэнка — камлюкаваты маўклівы дзяцюк у вайсковым бушлаце з павырыванымі гузікамі. Ён выглядаў зайздросна спакойна ў гэты крытычны час і, падпёршы спіною сцяну, усё цмыгаў тоўстую, з палец, самакрутку, да якой меў, здаецца, адзіную ў жыцці ахвоту. Быў тут яшчэ і высокі. чубасты прыгажун сяржант Сімакоў — першы радыст палка, вельмі паважаны ўсімі сувязістамі і нават самім камандзірам, які, заходзячы на вузел сувязі, заўжды вітаўся з сяржантам за руку. Цяпер Сімакоў быў без справы, бо ўранку выбухам міны пашкодзіла яго рацыю і смяротна параніла ягонага напарніка Васю Болзіна. Чарнеючы з твару ад гэтай двайной страты і сённяшніх няўдач, ён з адчайным пакутніцкім выглядам стаяў у траншэі ля ўваходу ў бліндаж і сачыў за ўзгоркам, на якім недзе здарыўся парыў і куды пабег ужо тэлефаніст Айбекаў.
— Эх, с-сабака, так і садзіць, так і садзіць… Аблажыў разрывамі навокал… Эх, Айбекаў!..
Капітан Полазаў у той час круціў другі апарат і спакойна, нібы нічога небяспечнага нідзе не сталася, загадваў некаму звязацца з «Клёнам» праз нейкую «Зіму», што — памятаў Пятрашкін — значылася ў спісе пазыўных штаба дывізіі.
Быў у гэтым бліндажы і яшчэ адзін чалавек — малады, пэўна, Пятрашкіных год афіцэр у караткаватым новым шынялі, з тонкаю доўгаю шыяй, якая смешна вытыркалася з вялікага каўняра гімнасцёркі. Ён то падыходзіў да камутатара, то мацаў вывады правадоў, зазямленні, то, услухоўваючыся ў рознагалоссе блізкага бою, невясёла пазіраў на маўклівага, заклапочанага капітана. Пятрашкін не ведаў ні яго прозвішча, ні пасады, ён толькі бачыў учора, як надвячоркам з’явіўся гэты малодшы лейтэнант на іхнім вузле сувязі.
Пятрашкін тады, як і цяпер, абслугоўваў камутатар, і, чакаючы, пакуль Айбекаў прынясе вячэру, быў вельмі чуйны не толькі да сваёй трубкі, але і да крокаў у траншэі. Таму ён адразу павярнуўся да дзвярэй, калі пачуў там нечыя рухі, і ў незавешаным праходзе ўбачыў спярша незнаёмыя кірзавыя боты, пасля — полы зусім яшчэ новага шыняля. Неўзабаве, згорбіўшыся пад нізкай столлю, у бліндаж улез малады кірпаты вайсковец, падпяразаны жаўтавай зусім не пашарпанай папругаю, у суконнай пілотцы, залатых пагонах з адной зорачкай у прасвеце і сувязісцкай эмблемай ля гузіка. Пэўна, дрэнна бачачы ў прыцемках бліндажа, афіцэр спыніўся на парозе і запытаў:
— Начальнік сувязі тут?
Пятрашкін, усё разглядваючы незнаёмага, моўчкі кіўнуў галавой у бок капітана, які, прымасціўшыся на катушцы чырвонага трафейнага кабелю, маляваў схему сувязі. Афіцэр тады саскочыў з парога і, шчоўкнуўшы абцасамі, размашыста дзеўбануў кончыкамі пальцаў у край пілоткі: