— Таварыш капітан, малодшы… — і чамусьці змоўк, бы заікнуўся, і праз момант ужо іншым голасам, спалоханым і ўзрадаваным адначасова, ускрыкнуў:
— Ой, Іван… ты?
Пятрашкін, апусціўшы ад вуха трубку, крутнуўся быў ад свайго камутатара, чакаючы, што строгі, зусім не настроены жартаваць капітан што-небудзь крыкне на гэтага дзівака-лейтэнанта, які так спляжыў свой службовы даклад. Але капітан Полазаў не крыкнуў, у яго шырока раскрытых вачах адбілася здзіўленне, і, стросшы з кален паперы, з расшпіленай на баку сумкай, ён ускочыў насустрач.
— Аркадзь!? Адкуль? Як жа гэта? — разгублена казаў ён, абхапіўшы таго за плечы і ўзіраючыся ў яго радасны твар.
— Ды вось прыбыў, — збянтэжана адказаў малодшы лейтэнант. — З вучылішча вось… Скончыў ужо. Прыехаў у дывізію, пасля сюды…
— Глядзі ты!.. Вось нечаканасць! — усё здзіўляўся начальнік сувязі, і Пятрашкін падумаў, што гэты афіцэр нейкі, відаць, знаёмы капітана Полазава.
Так яно, бадай, і было.
Увечары тады стала зацішна, мінамётныя выбухі змоўклі, толькі недзе за пагоркам у напрамку трэцяга батальёна трашчалі «МГ» і нашы «максімы» ды ўзляталі ў чорнае неба імклівыя хвасты ракет. Рухавыя зеленаватыя водбліскі мільгалі па сценах бліндажа, на брустверы траншэі, дзе доўга сядзелі гэты малады афіцэр і начальнік сувязі. Яны ўсё гутарылі і гутарылі аб нечым — ціха ўспаміналі далёкія даваенныя часы, нейкі горад, незнаёмых людзей, чужое, невядомае Пятрашкіну жыццё. Пятрашкін вельмі хацеў спаць і драмаў неўпрыцям між тэлефонных званкоў і дрынкання клапанаў, і, дрэмлючы, усё слухаў ці мо сніў нават тыя размовы. Здаецца, афіцэры так і не паспалі да ранку, а на світанні здарылася вось гэтая бяда з танкамі.
— Эх, гады, накрылі! Накрылі нашага Айбекава! — амаль залемантаваў у траншэі Сімакоў. — Упаў!.. Устае… Не, усё! Ляжыць!
Туды, у траншэю, у прадчуванні нядобрага падаліся капітан, малодшы лейтэнант; нават Бутэнка і той няспрытна ўзняўся з-пад сцяны і палез у дзверы. Утрох яны нейкі час тапталіся ў вузкай цеснаце траншэі і з прытоенай трывогай на спахмурнелых тварах усё ўзіраліся туды, дзе здарылася ліха з Айбекавым. Пятрашкіну таксама хацелася зірнуць на той здрадлівы пагорак, але зноў зазваніла «Волга», і тэлефаніст у трубцы спытаўся пра сувязь.
У той крытычны момант узрушаны нецярплівы Сімакоў вылаяўся, махнуў рукою, нібы з усяе сілы разбіваючы што аб зямлю, і коратка гукнуў начальніку сувязі:
— Дайце я!
Не чакаючы дазволу, ён хуценька скінуў дзягу, дрыжачымі рукамі здзёр з сябе цесны шынель і, як апантаны, ускочыў на бруствер.
— Сімакоў, глядзі ж! — крыкнуў наўздагон капітан. Ён, відаць, шкадаваў гэтага радыста і хоць якой-небудзь парадай хацеў засцерагчы сяржанта ад той небяспекі, што на ўзгорку чакала яго.
Зноў пацягнуліся марудныя хвіліны чакання. Пятрашкін усё падзьмухваў у трубку, спадзеючыся злавіць хоць якія-небудзь прыкметы сувязі, але нават мадуляцыі не было па — ранейшаму. За спіной, недзе ў зямной далечы, таўкліся і гудзелі выбухі, нешта калацілася і стагнала — здавалася, нейкі падземны асілак варочаецца там і злосна бурчыць, ніяк не знаходзячы сабе зручнага месца. Гукаў і нейкіх невыразных рухаў там стала болей, чуўся ўжо і грукат матораў, нейкі далёкі цягучы гул. Пясок з дзіркі ўжо сыпаўся няспынна — бы танюткі вадзяны струмень, цурчэў і цурчэў у саломе.
Пятрашкін так і не ўбачыў, што сталася з Сімаковым, толькі маўклівы і напружаны капітанаў твар балюча тузануўся, і афіцэр непрывычна злосна і роспачна вылаяўся. Далей ён, ужо не стрымліваючы свайго хвалявання, зычным, нейкім чужым голасам, ад якога аж здрыганулася ў Пятрашкіна трубка, скамандаваў яфрэйтару:
— Бутэнка — упярод!!!
Пятрашкін і здзівіўся, і спалохаўся — яшчэ ні разу не чуў ён такога камандзіравага вокрыку і поўнымі жаху вачыма глядзеў на капітана. Бутэнка нібы змярцвеў у сваёй флегматычнай нязрушнасці, толькі яшчэ вузей прыжмурыў заўсёды заспаныя вочы. Пасля некалькі разоў, часцей чым звычайна, ён цмыгнуў напаследак свой тоўсты недакурак, прыпасліва сунуў яго ў пілотку і, зняўшы з рэменя аўтамат, нібы на якую будзённую справу, нязграбна вылез з траншэі. На бліндажы пратупацелі яго цяжкія крокі; пэўна, скрануты імі, з кута на вечка камутатара ўпаў і рассыпаўся камячок усохлай зямлі.
У траншэі ля ўваходу засталіся двое. Капітан Полазаў, сутаргава ўчапіўшыся пальцамі ў бруствер, упіваўся вачыма ў далячынь, куды бег Бутэнка. Побач, плячо ў плячо, стаяў гэткі ж маўклівы малодшы лейтэнант — ён, відаць, хваляваўся і, ледзь стрымліваючыся, кусаў свае пабялелыя тонкія вусны.