Читаем Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 полностью

— Што ж, калі трэба, дык трэба. Я хутка, аўтобусам. Але як яе, гэтую частку?

— Кандэнсатар, там у Змітрукова ці ў Цярэшчанкі спытаеш — дадуць, — казаў ён, выпраўляючыся за ёю. — Я і сам збегаў бы, ды груз у машыне, на шашы ўсё ж.

У яго голасе чулася вінаватасць за тое, што турбуе, ён збіраўся выйсці следам, але яна запрапанавала:

— А вы нішто, не турбуйцеся. Пагрэйцеся тут. Калі што, дык у акно відаць.

Ён падзякаваў і застаўся, стомлена апусціўшыся на лаўку ля акна, а яна, на хаду зашпільваючыся, падалася ў горад — трэба было спяшацца, каб не зачынілі гараж.

Кандэнсатар Фрузына адразу ж дабыла ў Змітрукова, ён аказаўся маленькай лёгкай штуковінай, але часу на абодва канцы шляху ўсё ж мінула нямала. Калі яна зноў адчыніла свае дзверы, святло ў пакоі было выключана, пэўна, каб лепей бачыць у акно. У расчыненай грубцы, пырскаючы іскрамі, трашчалі сукаватыя смалякі, што нерассечаныя гады два валяліся на панадворку, а побач, на табурэтцы, змораны, аблакаціўшыся на шырока расстаўленыя калені, драмаў шафёр. Ён не варухнуўся на стук дзвярэй і, звесіўшы долу заблытаныя валасы, ціхенька і мерна высвістваў носам.

Фрузына паклала на стол кандэнсатар, зняла ватоўку, стараючыся не нарабіць шуму; пацерла густа запацелую шыбу, каб бачыць машыну, і прысела на лаўцы.

Невядома, колькі мінула часу, а шафёр усё драмаў. Дровы ў печцы спакваля дагарэлі, пакінуўшы груду зіхатлівага вуголля. На сцяне пад столлю варушыліся густа-барвовыя водбліскі; схіленую голаў, плячо і рукаў чалавека заліло гарачай мігатлівай чырванню. Ад грубкі на ўвесь кут і паўстолі нерухома падаў вялізны раскідзісты цень чалавека.

Раз — пораз пазіраючы праз акно на шашу і на гэтага здарожанага чалавека, жанчына пакрысе пранікалася ціхай жаласлівай спагадай да яго нялёгкага турботнага жыцця. Тая спагада ўсё глыбей і глыбей пранікала ў яе ўзрушаныя пачуцці, шырылася недзе ў душы, паступова перарастаючы ў лагодную пяшчоту. Усчалася і прывычная шчымлівая самота па сваім няўтульным, неўладкаваным жыцці, паціху ўваскрасала былая паўзабытая прагнасць жаданага чалавечага цяпла. Але Фрузына, як магла, усё стрымлівала, глушыла ў сабе тыя няясныя адчуванні, толькі ціхенька ўздыхала, баючыся патрывожыць шафёра.

Праз нейкі час ён, аднак, схамянуўся, глыбока ўздыхнуў і здзіўлена агледзеўся.

— О, ты ўжо? — прамовіў ён і ўзняўся. — Ну што?

— Вось прынесла, — сказала яна, устаючы з лаўкі і падаючы яму кандэнсатар. Але ён, відаць, адпачыў зусім мала і, яшчэ не прачнуўшыся як след, пазяхаючы і пацягваючыся, зноў сеў на табурэт.

— Ага, во добра… Ну дзякуй. А што гэта нікога не чуваць, ці ты адна жывеш?

— Ды ўжо ж, адна, — адказала яна і ўздыхнула.

— А дзе ж твой… муж? — паволі вызваляючыся ад санлівай знямогі, пытаўся чалавек. — Ці не было?

— Не было, ага, — пацвердзіла Фрузына.

Пасля яна таксама прысела на лаўку насупроць яго і раптам адчула сябе слабай, маленькай і нават у нечым вінаватай ад гэтай стрыманай мужчынскай цікаўнасці.

Ён трохі памаўчаў, аб нечым задумаўшыся, жанчына ўсё пазірала на яго, ледзь прыкметнага ў прыцемках дагарэлай грубкі, быццам чакала яго.

— Адной кепска, — сказаў ён, счакаўшы. — Цяжка адной… Гэта я ведаю…

Ён пачаў закурваць, прыпаліў паперкай ад вуголля, асвяціўшы на момант зашчацінены, зусім не прывабны, але добры, спагадлівы твар, а яна сядзела, стаіўшыся, ля акна і, бы злоўленая на якой несумленнай справе, баялася паварушыцца.

Накурыўшыся, ён кінуў у печ недакурак, падышоў да яе, стрымана і далікатна дакрануўся да яе пляча сваей заскарузлай далонню і пагладзіў:

— Цяжка адной, толькі што зробіш… Ну, не бядуй! Дзякуй за турботы… Так.

Калі ён выйшаў, Фрузына, не зашчэпліваючы за ім дзвярэй, таропка павярнулася да акна, прыціснулася лбом да запацелай шыбіны і доўга пазірала, як ён там поркаўся ў маторы, бразгаў капотам, тупаў ля машыны. Яна нічога не думала, не выцірала слёз, што няпрошаныя і нястрыманыя паціху каціліся па шчоках, толькі глядзела ў прыцемкі ночы і не магла ўжо заглушыць роспачнай трывогі ў сваёй душы.

З таго зімовага вечара Фрузына стала яшчэ болей маркотная. Часта ўздыхала на дзяжурстве, радзей усміхалася на жарты інжынера Шаўрова, часцей выходзіла на панадворак, дзе часам сустракала яго. Калі-нікалі, завіхаючыся ля машыны, ён кідаў ей некалькі звычайных малазначных слоў, але — чула яна — ставіўся добразычліва і ветліва, зусім не так, як другія зубаскалы-шафёры. Ей хацелася запытаць гэтага чалавека пра яго жыццё — адчувала жанчына, што і ён не вельмі шчаслівы, што добры і нечага лепшага ў жыцці хацелася яму. Яна ўжо ведала яго прозвішча — Пархомаў — ведала, што ён з Баранавіч, але ці сямейны, ці не — было невядома.

Так у маўклівай жаночай тузе мінула зіма і наступіў першы месяц вясны — сакавік. Снег на вуліцах растаў, рэшткі яго вывезлі на машынах за горад; удзень з дахаў, гулка лопаючы аб асфальт, падалі рэдкія цяжкія кроплі. У парках і за горадам, праўда, было яшчэ снежна, але з кожным сонечным днём усё шырэлі, злучаліся адна з адной праталіны, наліваліся пупышкі лазы і вербаў.

Перейти на страницу:

Все книги серии Васіль Быкаў (зборы)

Похожие книги

Музыкальный приворот
Музыкальный приворот

Можно ли приворожить молодого человека? Можно ли сделать так, чтобы он полюбил тебя, выпив любовного зелья? А можно ли это вообще делать, и будет ли такая любовь настоящей? И что если этот парень — рок-звезда и кумир миллионов?Именно такими вопросами задавалась Катрина — девушка из творческой семьи, живущая в своем собственном спокойном мире. Ведь ее сумасшедшая подруга решила приворожить солиста известной рок-группы и даже провела специальный ритуал! Музыкант-то к ней приворожился — да только, к несчастью, не тот. Да и вообще все пошло как-то не так, и теперь этот самый солист не дает прохода Кате. А еще в жизни Катрины появился странный однокурсник непрезентабельной внешности, которого она раньше совершенно не замечала.Кажется, теперь девушка стоит перед выбором между двумя абсолютно разными молодыми людьми. Популярный рок-музыкант с отвратительным характером или загадочный студент — немногословный, но добрый и заботливый? Красота и успех или забота и нежность? Кого выбрать Катрине и не ошибиться? Ведь по-настоящему ее любит только один…

Анна Джейн

Любовные романы / Современные любовные романы / Проза / Современная проза / Романы