— Ладна, паправім. Цяпер няма калі, а пасля абеду папраўлю. Напомніш, цётка.
Напаследак ён, здаецца, усміхнуўся ледзь-ледзь, аднымі толькі куточкамі вачэй і, пакінуўшы ў вестыбюлі моцны, непрывычны тут пах махоркі, выйшаў. Ёй чамусьці адразу зрабілася вельмі самотна адной і захацелася яшчэ зірнуць у акно, як ён, няспешна тупаючы па снезе, ішоў да сваёй машыны.
Батарэю ён адрамантаваў, праўда, не пасля абеду, а на другі дзень і зноў, закурваючы, спыніўся ля Фрузыны, пазіраючы, як спрытна мільгаюць у яе руках сталёвыя пруткі і ўвачавідкі даўжэе, расце рукавіца.
— Ладныя рукавіцы будуць, — сказаў ён і, злёгку ўсміхаючыся, з цыгаркай у руцэ, быццам ад сцюжы, пацёр свае шырокія парэпаныя далоні.
Фрузына вязала рукавіцы на рынак, дзе патроху прадавала ў нядзелю, і цяпер адчула, што за ягоны клопат нечым абавязана гэтаму чалавеку.
— А што, падабаюцца? — спытала яна і нясмела ўзняла вочы. — Можа, звязаць вам, калі не маеце?
— Не, дзякуй, — сказаў шафёр. — Што толку з іх — на адзін рэйс. Каб тут якія скураныя і то — на тыдзень, не болей.
Яны зноў разышліся, і зноў Фрузыне стала ніякавата адной — хацелася яшчэ пагаманіць з гэтым зважлівым чалавекам, але жанчына ведала, што яна нецікавая, дык ці будзе ён бавіцца з ёю?
Можа, праз тыдзень ці болей пасля гэтай размовы Фрузына ўжо ўпрыцемкі вярталася з працы дадому. Яна жыла на самым ускрайку горада, ля шашы, у цесным кутнім пакойчыку дашчанага, пракуранага вугальным дымам барака. Каб дабрацца сюды з цэнтра, ад яе ўстановы, трэба было, два разы перасаджваючыся, ехаць аж на трох аўтобусах, а пасля яшчэ з кіламетр абходзіць пустку. Зімой, праўда, можна было сцяжынкай перайсці цераз роў з замёрзлаю ручаінай і такім чынам зрэзаць добры крук дарогі.
Яна ўжо выбралася з рова, выйшла на агароды і набліжалася да шашы, цесна атуленай дамамі гэтай ускраіннай вуліцы.
Тым часам добра сцямнела, чорнае, без зорак неба мяккім змрочным полагам вісела ўгары, на снезе, у нясмелых паўзмроках чарнелі навокал будынкі, дрэвы, невыразныя плямы зямлі. Снег быў мяккі, мароз адпусціў нанач, бралася на адлігу, і было золка.
Жанчына зранку не была дома і цяпер спяшалася — на сконе дня прывычна вабіла хатняе цяпло, спакой і адпачынак. У кірзавай чорнай сумцы яна несла з сабою небагаты харч — хлеб, селядзец, кілаграм круп і ўсё гадала, каб як абысціся гэтым якіх два ці тры дні і зэканоміць на дровы.
На шашы яе асляпіла святлом фараў, абдало грукатам і лязгам імклівых аўтамабіляў. Якраз у тым месцы, дзе яна заўсёды зварочвала з дарогі на сцяжынку да свайго дома, нерухома стаяла машына. Фрузына не стала звяртаць на яе асаблівай увагі — ці мала машын спыняецца на шашы — пастаяць, шафёры зробяць што трэба і паедуць далей. Жанчына ўвайшла ў сенцы, намацала ў кішэні ватоўкі ключ, адамкнула дзверы. У пакойчыку было холадна — ужо два дні яна не паліла грубкі, пахла нечым неабжытым і пакінутым. Чагосьці тут не хапала ў гэтай кватэры, хоць і было ўсё прыбрана — і вузкі ложак з высока падбітай падушкай і лебедзямі на танным дыванку на сцяне, і вымытая падлога, засланая наўскасяк палавічком, і накрыты марляю посуд на невялічкім століку. Яна прыслухалася — суседзяў штось не чуваць было. Распрануўшыся, жанчына адчула холад і падумала, што трэба было б прапаліць у грубцы, каб былі насечаны дровы.
У гэты час у дзверы пастукалі.
Да яе рэдка калі хто заходзіў, і кожны раз на стук Фрузына насцярожвалася. Але не паспела яна што адказаць, як дзверы адчыніліся і ў пакой увайшоў апрануты ў паўшубак чалавек. Не зважаючы на зіму, ён быў увесь расхлістаны — і паўшубак, і кашуля, і шапка, ссунутая на патыліцу, з рота вырывалася бачная на холадзе пара. Яна адразу пазнала — гэта быў яе нядаўні знаёмец, іх шафер. Прыжмурыўшыся ад яркага святла, ён пераступіў з нагі на нагу і, відаць, не пазнаючы жанчыны, загаварыў:
— Добры вечар, гаспадыня. Ці не паможаце ў бядзе, так сказаць? Ліха на яе, машына занаравілася — аднаму не справіцца.
Фрузына ўжо развязала хусцінку, але зноў чамусьці пачала закручваць на шыі рагі, пазірала на чалавека, як ён не дужа ёмка таптаўся ля парога, і сэрца жанчыны ў нейкім недарэчным прадчуванні хутчэй затукала ў грудзях.
— А што здарылася? — як мага спакайней спыталася Фрузына.
— Э, — здзівіўся шафер, прыгледзеўшыся і толькі цяпер пазнаючы яе. — Гэта вы? Тут жывяце?
— Ды тут. Вось прыйшла толькі.
— А я гляджу — святло загарэлася, думаю, дай пастукаю, — казаў ён ужо больш упэўнена і з прыкметнай іскрынкай радасці ў голасе. Адталымі пляскатымі валёнкамі прагінаючы маснічыны, ён адышоў ад парога.
— Чорт бы яе ўзяў, шафёрскую долю. У Мінск ездзіў учора, праз ноч туды, цяпер адтуль і вось не дацягнуў — кандэнсатар прабіла. А тут адзін, машыну не кінеш і завесці нельга — хоць плач. Можа б, вы паглядзелі, каб не чапаў хто? Ці, можа, у гараж падскочылі б, там у хлопцаў ёсць запасныя. А то проста бяда…
Яна, усё яшчэ недарэчна хвалюючыся, запрашала шафёра прысесці, пагрэцца, казала нешта пра холад у пакоі — не паспела насекчы дроў, а сама тым часам апранала ватоўку, гатовая ўслужыць чалавеку.