Ворагі тым часам чакалі сабак, чацвёра палонных, самкнуўшыся плячмі, чакалі пагібелі, сотні людзей за пабітымі вокнамі душылі ў сэрцах бяссільную роспач і ледзь стрымлівалі сябе.
I вось з-за рога будынка, туга напяўшы раменныя павадкі і прыцяўшы к ілбам вострыя вушы, выскачылі два шэрыя ваўкадавы — вялізныя, шыракагрудыя, з клоччам зляжалай поўсці на брухах. Яны ўжо ведалі свае абавязкі, гэтыя дрэсіраваныя людаеды, перад тым іх добра памарылі голадам, і яны рваліся цяпер, дыхавічна саплі, пырскаючы з ляп слінаю, драпежна аскальваючы жоўтыя іклы. 3а імі бег іх павадыр, нейкі эсэсаўскі ўнтэр — чалавек з агідным насатым тварам, пакрэсленым сінімі рубцамі старых шрамаў, у рудой скураной куртцы і абшытых скураю брыджах. Упіраючыся ў дол абцасамі, ён ледзьве стрымліваў на павадах раз’юшаных сабак.
Крайнія ад рога немцы са стрыманай бояззю адступілі назад, загаманілі, забліскалі вачыма. Оберштурмфюрар задаволена ашчэрыўся і з нечаканай лагоднасцю на сухім твары паляпаў сябе па сцёгнах.
— Рэкс! Рэкс!.. Гут, Рэкс!
— О Рэкс, — падхапілі афіцэры, нясмела падыходзячы бліжэй, каб палашчыць сабак, якія, тузаючы доўгія павады, рваліся за загародку. Оберштурмфюрар яшчэ паляпаў па сцёгнах, адхінуў крысо мундзіра, нешта дастаў з кішэні і невысока падкінуў. Вялізная ваўкарэзіна з чарнабурай вузкай хрыбецінай лёгка скочыла ўгору, схапіла ў паветры гасцінец і, прыгнуўшы голаў да кіпцюрыстых шырокіх лапаў, прагна зжэрла яго.
Услед за першымі выскачылі з-за рога яшчэ дзве, праўда, не такія вялізныя, як першая, але гэткія ж сквапныя да чалавечай крыві, надрэсіраваныя дужыя аўчаркі. Афіцэры загаманілі, іхняя ўвага пераключылася на сабак, і відаць было, што яны ведалі і любілі гэтых жывёлін. Такое жахлівае відовішча было ў іх накшталт таталізатара і, пэўна, весяліла тылавое жыццё ў гэтым сумным, панішчаным вайной прыфрантавым гарадку.
Лейтэнант ведаў, што чаго лепшага, як толькі памерці з найбольшай годнасцю, ужо не выпадзе ў яго кароткім жыцці. Апошні раз паглядзеў ён на лагоднае прыволле вячэрняга неба, на якім у недасяжнай высі, бы срэбнае крыло дзівоснае птушкі, ціха ляжаў касячок празрыстых дробных аблокаў, услухаўся ў пакорлівы самотна-ўрачысты шэпт лістапада і адступіў бліжэй да сцяны.
Прадчуваючы хуткую асалоду відовішча, немцы падступіліся да бар’ера, оберштурмфюрар запалым жыватом узваліўся на ўскраек стала, толькі той малады афіцэр стаяў усё на ранейшым месцы і скамянелым позіркам з-пад шырокага казырка фуражкі ўглядаўся ў палонных.
I тады каты спусцілі сабак.
Чацвёра няшчасных шчыльней прыціснуліся да сцяны і адзін да аднаго, і хоць яны ўжо не мелі ніякіх шанцаў у барацьбе, але ўсё ж не хацелі здавацца адразу. Лейтэнант шырэй расставіў босыя ногі, нарыхтаваў для абароны здаровую руку і сачыў. Натрэніраваныя сабакі спрактыкавана выбралі кожны сабе ахвяру і, ударыўшы вобзем пругкімі хвастамі, усе разам рынулі на людзей.
Ён скочыў можа на якой паўсекунды раней за астатніх, гэты здаравенны чарнабуры Рэкс. Лейтэнант мяльком паспеў убачыць яго хцівую ікластую ляпу і, больш інстынктыўна, чым па сваёй волі, з усяе сілы ўскінуў нагу. Шырокія сабачыя грудзі балюча ўдарылі ў ступню, але не павалілі чалавека, прыпёртага да сцяны, і ваўкадаў, шалёна завыўшы ад няўдачы, адскочыў назад. Іншыя драпежнікі аднак ужо ўчапіліся ў свае ахвяры і дзіка тузаліся. Наўкола ўсчаўся сабачы віск, брэх, штурханіна лютай, незвычайнай барацьбы.
Услед за першым наскокам Рэкс адразу ж сігануў зноў, цэлячы вышай; чалавек не паспеў замахнуцца нагою, як сабачыя лапы ўдарылі яго у бок, і зубатая зяпа ўпілася ў плячо. Лейтэнант рвануўся ад болю і жудасці, ухіляючыся ад страшнай касматай істоты — затрашчала гімнасцёрка, і сабака адарваўся. Але ў той жа момант ён скочыў яшчэ раз і ўжо апынуўся на карку.
Гэта было самае страшнае. У нейкае імгненне, зыходзячы крывёю, што ліпкім гарачым струменем лілася з пляча, лейтэнант адчуў ля сябе адну толькі апору — сцяну, людзей ужо не было побач. Ля ног раўлі, екаталі, вішчалі сабакі, і за бар’ерам з парт гэтак жа раўлі, гарлапанілі, стукалі немцы.
3 апошняе сілы ён утрымаўся каля сцяны, не даўшы сябе паваліць і тым скончыць усё. Сцяўшы ў душы пякельны боль, ён зноў рвануўся ўсім целам і здаровай рукой ухапіў ваўкадава за шыю. Выгінастыя іклы звера ўжо ўчапіліся ў яго карак: нясцерпны боль пранізаў усё цела, мозг, кожную часцінку яго істоты. Памутнела ўваччу. Сабачыя кіпцюры задніх лап дралі яго сцягно, і ён, як толькі мог, усім цяжарам аслабелага цела бразнуў сабаку аб сукаватае бярвенне сцяны.
Ваўкадаў коратка віскнуў і хоць не адчапіўся, але расслабіў сківіцы, і ў той жа момант лейтэнант, намацаўшы рукой ашыйнік, з усяе сілы ўхапіўся за яго і крутнуў. Гэта памагло, націск ваўкадава паменшаў, звер абмяк, чалавек адарваў яго ад сябе і скінуў на зямлю.