Немцы лютавалі — махалі рукамі, крычалі, лаяліся і нечага патрабавалі. Сабачы павадыр, неадрыўна сочачы за бойкай, сіліўся расшпіліць кабур, нехта падахвочваў сабаку. Але оберштурмфюрар, які адзін, здаецца, не хваляваўся і туліў у вуснах задаволеную ўсмешку, раптам выпрастаўся за сталом і крыкнуў «Фу!».
Тым часам лейтэнант, прыхінуўшыся да сцяны, стаяў скрываўлены, у пашматанай гімнасцёрцы, а ў яго вачах мітусіліся, скакалі, віліся барвовыя вужакі. Вельмі хацелася яму ўпасці, памерці, каб скончыць пакуты, але ён стаяў усё, як крывавы сімвал страшнага людскога злачынства. Прыпаўшы да зямлі і хціва насторчыўшы вушы, гатовы рынуцца зноў, чакаў новай каманды Рэкс. Скончыўшы кароткую схватку, шкуматалі свае ахвяры іншыя трое сабак.
I тады сярод агульнага замяшання і вэрхалу з важнаю павольнасцю ўзняўся з-за стала оберштурмфюрар. Афіцэры адразу прыціхлі і пачціва павярнуліся да яго, а ён, тузануўшы на вочы блішчасты казырок фуражкі, ашчаперыў выпеставанымі пальцамі спінку гнутага школьнага крэсла.
— Этот русскнй офнцер есть храбрый зольдат. Он достоен уважения, но он потерял форму, господа. Рекс — фас!!!
Ваўкадаў коратка рыкнуў і распластаўся ў паветры на імклівым узлёце, але шырокія сабачыя грудзі глуха ляпнуліся аб смаляныя бёрны сцяны. Яго ахвяра, на якое імгненне апярэдзіўшы гэты скачок, мёртвая звалілася на здратаваны, скрываўлены дол.
Наступіла кароткая паўза, у якой ніхто не паспеў заўважыць, як змрочны малады афіцэр, што стаяў за ўсімі, дастаў танкастволы парабелум, рашуча ўзняў яго да светла-валосай галавы і стрэліў. Афіцэры здрыгануліся, схапіліся за кабуры, а ён ужо курчыўся на зямлі, і ў зялёную, прытаптаную ботамі мураўку хутка-хутка капалі з падстрыжанай скроні першыя кроплі яго арыйскай крыві.
— Вас іст лёс?[12]
— крыкнуў оберштурмфюрар.Але было зусім ціха, і ніхто не адказаў яму, быццам усе анямелі, толькі за бар’ерам здаволена вурчалі сабакі, ірвучы целы палонных.
1959 г.
На ўсходзе сонца
Над крутымі дахамі гарадскіх будынін, над балконамі з павіслымі ў цішы прасцінамі — флагамі капітуляцыі, над шызай брусчаткай вуліцы весела займаўся першы пасляваенны ранак. Ад далёкае ласкі нябачнага сонца прагным бляскам ірдзелі снегавыя вяршаліны гор, у суцэльнай засені вуліцы мацней запахла клейкім тапаліным водарам і хмельнай духмянасцю ўначы зацвіўшых акацый.
Яшчэ гэтак жа востра патыхала пыльнай сухменню бітае цэглы з руін вялізнага вуглавога дома, дзе заляглі байцы трэцяй роты, загнаныя сюды нечаканымі стрэламі з вежы ратушы. Нейкі здзічэлы гітлеравец, засеўшы з кулямётам, на золку спыніў іх тут, не даючы рухацца далей на злучэнне з саюзнікамі.
— Ах, воўчыя душы, ім яшчэ чатырох год мала, — казаў ротны, лежачы за вялізнай цаглянай глыбай і камечачы ў руках толькі што прастрэленую фуражку. Трэба было прызначыць байцоў выкурваць таго нягодніка, пасыльны ад камандзіра палка, прынёсшы такі загад, чакаў выніку, тулячыся ў каменні ззаду, а камандзір вагаўся. Было б гэта яшчэ ўчора ці калі раней, хіба адчуў бы ротны гэткую раптоўную нерашучасць! Але сёння… Сёння іх жыццё падаражэла ўдвая — яны дачакаліся міру.
— Вунь, вунь ён! — крыкнуў плячысты сяржант у залапленай на спіне гімнасцёрцы. Ён адзін тут стаяў, хаваючыся за ўцалелым прасценкам. — Вунь пад цыферблатам руля вытыркаецца. Во гадзюка!
Сінцоў, малады светлавокі баец, што ляжаў побач з ротным, асцярожна выглянуў і сцішана, але так, каб чуў камандзір, вымавіў:
— Чаго з ім цацкацца! На ўра атакаваць, і канец.
У гэты час чорная пляма рулі пад вежавым гадзіннікам раптоўна бліснула чырвонай іскрынкай — і ад прасценка ад жалезных бэлек абрушанага перакрыцця сыпанулі ва ўсе бакі кулі. Людзі хуценька дзёўбнулі галовамі — кожны за сваё сховішча; на каменне пасыпалася тынкоўка, і ў прыцемках руін ціха закурылася лёгкае воблачка пылу.
Калі шоргат спыніўся, ротны ўпарта варухнуў галавой і звыклым камандзірскім голасам выкрыкнуў:
— Вераб’ёў… Чарняк… Туркоўскі…
Сяржант у прасценку азірнуўся, нібы не адразу паверыўшы, што назвалі яго, неяк сумна глянуў на ратушу і зняў з пляча аўтамат. Нездаволена прабурчаў нешта ззаду між цагельнага друзу Чарняк, стараваты ўжо, аброслы шчаціннем баец — вохкаючы і лаючыся, ён палез наперад. За ім аднекуль з цёмнага кута, сагнуўшыся ў тры пагібелі, з’явіўся тонкі, як дубец, Туркоўскі.
Ротны не глядзеў на іх, і яны ні разу не зірнулі на камандзіра — усім было чамусьці няёмка. Пасля кароткай паўзы старшы лейтэнант павярнуў голаў убок і напаткаў позірк Сінцова. Баец зразумеў адразу і раней, чым было названа яго прозвішча, падхапіў аўтамат і падаўся да сяржанта ў прасценак.
— Ну вось, Сінцоў, табе першае пасляваеннае заданне, — услед яму неяк фальшыва пажартаваў камандзір. — А то ўсё бедаваў, чым будзеш займацца.
Сінцоў не адказаў і не ўсміхнуўся. Гэта праўда, што ўсе апошнія дні ён не на жарт клапаціўся, як уладкавацца пасля вайны — хлопец быў адзін, без бацькоў і радні, з чатырнаццаці год — выхаванец палка.