Читаем Прарок для Айчыны полностью

Вартаўнік. Быў у нас такі Янка — ілгаў, не давядзі бог. Яму ўжо не тое што суседзі, родныя дзеці не верылі. Дык прыходзіць ён аднойчы да свайго дзядзькі, а той і кажа: салжы, пляменнічак, толькі гладка, — авечку дам. Няма, адказвае, часу лгаць, — бяры, дзядзька, венікі і прыходзь у лазню. Прыйшоў дзядзька з венікам, а лазня, вядома, не топленая. (Весела рагоча.) Я тут усялякіх нагледзеўся, але, калі шчыра, — ты мне даспадобы. Люблю вясёлых.

Скарына. Дзякуй на добрым слове.

Вартаўнік. Ілжы на здароўе — у мяне ўсё роўна авечкі няма. А хлеба дабаўлю.

Скарына. Шчыра дзякую.

Вартаўнік. Дзякуй на зуб не пакладзеш.

Скарына. Многа есці шкодна.

Вартаўнік. Сказаў бы нехта іншы, можа б, я і паверыў.

Скарына. Ты мне павер — я лекар.

Вартаўнік. Можа, ты яшчэ поп ці ксёндз? Тыя таксама пасты хваляць.

Скарына. Я і не поп, я і не ксёндз, хоць нейкае дачыненне да царквы і паствы маю… I, можа б, ты да кашталяна турмы схадзіў і сказаў яму, каб ён мне маю Біблію вярнуў. Скажы, з Богам захацеў даўжнік-бадзяга пагаварыць.

Вартаўнік. Там будзе відаць… А малаком я з табой падзялюся. Мне мае мальцы вечарам яшчэ прынясуць. Харошыя ў мяне мальцы растуць… што па-польску, што па-палачанску сякуць — аж ад зубоў адскоквае. I Псалтыр, як рэпу, грызуць…

Скарына (нечакана). З полькай ажаніўся, а сам з Полацка будзеш?..

Вартаўнік (насцярожана). А табе скуль ведаць?!

Скарына. Хлопцаў «мальцамі» называюць толькі на Полаччыне. Дзе ні быў — і ў Гародні, і ў Навагародку, у Нясвіжы, Міры, Слуцку, Клецку, Мазыры, Тураве — толькі хлопцы. А ў Полацку — мальцы.

Вартаўнік. Чаго не ведаў, таго не ведаў. А мальцы, яны і ёсць мальцы. Хлопцы — то ад халопаў. А каму халопам быць ахвота?

Скарына. Я і пра нятопленую лазню з авечкаю ў Полацку чуў. Землякі мы, выходзіць, з табою, служывы.

Вартаўнік (адчужана, адступаючы да дзвярэй). Хопіць языком мянціць! А то ты да мяне і ў сваякі напросішся. Пры службе я — разумець трэба, і палёгкі не чакай. Палёгку суд дае, а я па-чалавечы паспачуваць магу. I граху ў тым не бачу. Якія б яны ні былі, а ўсе людзі — чалавекі. (Забраўшы конаўку, выходзіць.)

Грымяць запоры.

Скарына (задуменна). Усе людзі — чалавекі… Усе людзі — чалавекі… Адкуль жа тыя здрада, вераломства, ліхвярства, ілжывасць?.. Сам, сваёю рукою ў закон каралеўскі і велікакняжацкі першым артыкулам запісаў аб адказнасці за паклёпы і абгаворы. I тым не менш у турме не паклёпнік, а я, Францыск, сын Скарынін… у якасці валацугі, што збег ад даўгоў, якіх ніколі і ні ў кога не пазычаў. О свет! О людзі-чалавекі… Хіба не для вас законы ў душах вашых і на паперы напісаны для паспалітага добрага?!. (Зноў чуе песню.)

Ой, не так жаль тое, што ўтапілася,Ой, не так жаль тое, што зверы з’елі.Ой, не так жаль тое, што зверы з’елі,Вельмі жаль тое, што татары ўкралі…

(Садзіцца на лаву, заціскае вушы.)

Святло згасае, у цемры з’яўляюцца прывіды Маргарыты, а потым Бабіча, Астрожскага, Максіма Грэка, Івана, Гусоўскага.

Маргарыта. Што ты клічаш мяне, любы? Хіба не ведаеш, што я два гады таму, як памерла? Калі б жывая была, хіба не прыйшла б? Хіба не прыбегла б? Зязюлькаю шэраю, галубкаю шызаю, ластаўкаю імкліваю не прыляцела б? А што не забыў — паклікаў, дзякуй. Ці ж не я была тваёю адзінаю, тваёю любаю? Ці ж не я была табе памочніцай і дарадчыцай? Ці ж не я нарадзіла табе двух сыночкаў? Кахала, як умела, аберагала, як магла. Толькі мінула маё лецейка. Як жа я адсюль дапамагу табе, любы мой, адзіны мой, гаротны мой?!. Цярпі! Трымайся! Ёсць жа Бог на свеце, хоць ты ніколі на яго вельмі не спадзяваўся. Да людзей найбольш былі твае малітвы. Ды не ўсе, відаць, іх слухалі. А сярод тых, што пачулі, як бачыш, звяры драпежныя трапіліся. Ад іх паратунку не чакай. Цяпер уся надзея на Якуба Бабіча… (Знікае.)

Бабіч. Адкуль ведаць табе, бедная жанчына, што ў хуткім часе і я пайшоў за табою. I карысці з Якуба Бабіча памерлага аніякае. Не крыўдуй. Не спадзявайся. Найстаршы бурмістр слаўнага горада Вільні бездапаможны. Не папракай, дружа, — справу тваю кніжную я падтрымліваў, колькі мог. Ганарыўся дружбай з табою, рад быў аддаць дом свой пад друкарню тваю, што была і застанецца першаю ў нашым краі. А што згарэла яна з домам маім — бяда вялікая і няўцешная, калі ж лічыць, што тры чвэрці самога горада згарэла… Дасць Бог, выблытаешся з цянётаў, пераможаш здраду і каварства і зноўку сваю вялікую справу распачнеш. Канстанціну Астрожскаму пакланіся. Гетман дапаможа. Ён міласнік царквы, школы і кнігі, якіх у княстве нашым мала. (Знікае.)

Перейти на страницу:

Похожие книги