Аднак гнятлівы дух дома Туарылы панаваў не ўсюды. І паху яго не было на гэтай пясчанай дарозе, па якой шыбаваў Юсі тым ціхім нядзельным вечарам. Ногі лёгка нясуць яго, з вуснаў вось-вось сарвецца радасны свіст, і мроіцца хлопцу, што ён ужо сапраўдны вольны парабак. Так добра было б яшчэ і пагарланіць ад душы, ды неяк замінае святло, што ўздымаецца над вершалінамі соснаў. Нічога, можна будзе, калі туман паплыве з балотаў і пракрычыць начная птушка…
Такога шчасця Юсі ніколі не адчуваў ажно з тае пары, як трапіў у гасподу Туарыла. Чысты сасновы бор і ласкавы вечар яшчэ болей змякчаюць ягоную вызваленую ад вярыгаў душу. Цяпер ён сапраўдны дарослы парабак, мужчына, які ўжо ходзіць да прычасця. Вядома ж, нялёгка пакінуць Туарылу, але ж гэтая гаспадарка самая лепшая ў вёсцы. «Я ж цяпер начую ў хаце для работнікаў, вось бы шафу як-небудзь здабыць… Дый гаспадар мне дзядзькам даводзіцца, я лепшы за любога парабка, і не трэба мне нікуды сыходзіць… Парабкі сыходзяць толькі тады, калі іх ніхто і не трымае… Гэта ж так добра – спаць у парабкавай хаце, а шафу сабе я так ці гэтак здабуду…»
Са скальнага пагорка раптам разгарнуўся шырокі краявід: хацінкі торпараў, палі, платы-агароджы. Праваруч, над далёкім узлессем, вісіць самотнае чырвонае сонца, стомлена асвятляючы ўсю мясцовасць, да самай вяршыні пагорка напоўненую шчасцем і воляй. Немагчыма нават уявіць, каб людзі тут сварыліся між сабой; кожны можа ў нядзелю вечарам ісці куды захоча, нават дзеці. Тут ёсць тарпы, дзе трымаюць парабкаў. Вось бы неяк трапіць сюды! Ён усяляк пастараецца затрымацца тут як мага даўжэй.
Здаецца, што ў Роўка жніво ідзе поўным ходам, працуюць на трох палосах. Час ад часу то адзін, то другі жнец выпростваецца і кідае цераз голаў жмутак каласоў. Гаспадар частуе працаўнікоў півам, некаторыя ўжо на падпітку. «А што, калі паб’юцца ды мяне паб’юць…»
У Роўка была талака, і Юсі адразу ўбачыў, што тут працуе шмат хто з тых, да каго яму трэба было зайсці. Ён па чарзе падыходзіў да кожнага торпара і баязліва паўтараў, як завучаны ўрок, тое, што павінен быў перадаць ад гаспадара. Сёй-той у адказ на пачутае страшэнна вытарашчваў вочы, трос узмакрэлай барадою і крывіў рот.
– А што, у Кале жыта ўжо асыпаецца? – сярдзіта пытаўся які-небудзь стары.
– Не, яшчэ не асыпаецца, але… – ціха, з некаторай доляй боязі адказваў Юсі.
Аднак ніхто яго не пакрыўдзіў і не аблаяў. Ён зноў выйшаў на дарогу і падаўся папярэдзіць тых, каго не знайшоў на полі.
Ласкаваю ноччу ў Роўка ладзіцца вечарына з танцамі, і Юсі Туарыла таксама там. З хутара, які Юсі наведаў апошнім з паведамленнем аб жніве ў Туарыла, з ім пайшоў таварыш з канфірмацыйнай школы і зацягнуў яго на гэтыя танцы ў Роўка. Прыцемак у хаце поўніцца хмельнаю шматгалосаю гаворкай, і той, хто нечакана першы раз у жыцці трапіў на такую вечарыну, выдатна сябе пачувае, утульна ўладкаваўшыся ў якім-небудзь кутку. Хата для парабкаў у Роўка вялікая, тут шмат месца для танцаў і чароўна гучыць голас скрыпкі. Дык на свеце маецца шмат чаго большага і значнага, таго, што ўзвышаецца над усім духам гасподы Туарыла! А як бы выглядалі гаспадары Туарылы ў гэтым натоўпе танцораў? Напэўна, па-дурному і недарэчна. А вось Юсі пачувае сябе надзіва добра. Некалькі разоў ён выходзіў на двор, і ніхто яго не лаяў і не дакараў – наадварот, з ім нават размаўлялі і пыталіся, хто заўтра пойдзе на жніво ў Туарылу. Нароўні з усімі яго пачаставалі дамашнім півам, ён нават паспрабаваў танцаваць польку з адным хлопцам і цяпер мерыцца паскакаць яшчэ. Ніхто не чапляецца да яго з пытаннямі, чаму гэта ён так затрымаўся, калі перадаў усім просьбу гаспадара. Цудоўная ноч, самая цудоўная ў жыцці!
Усё выдатна, але час ад часу Юсі выбягае на двор і спрабуе прыпомніць, ці ўсе загады гаспадара ён выканаў як след. Стоячы ў двары, ён бачыць пагорак, ахутаны начным змрокам. Адтуль адвячоркам ён глядзеў сюды ўніз. У Туарыле ўжо спяць, і гаспадар не даведаецца, калі ён вернецца, а таму і лаяць яго не будзе. Манта таксама тут, і ён пойдзе дамоў толькі з ёю. Юсі вяртаецца ў хату і рашуча накіроўваецца да дзежкі з півам. Ён ужо ходзіць да прычасця, ён ужо дарослы, і з чаго гэта гаспадар Туарылы, чорт ягонай мацеры, чапляецца да яго?
Вядома, лепей было б пайсці дамоў адразу ж цяпер, але не ісці ж аднаму так далёка, ды яшчэ і праз лес, а Манта танцуе з усё большым імпэтам! Здаецца, што Манта і не збіраецца ісці разам з ім. Калі ж ён ціхенька падыходзіць да яе і спрабуе сказаць штосьці, дзяўчына робіць выгляд, быццам зусім яго не чуе. Яна сядзіць у абдымках з хлопцамі. Ці стане яна чыёю-небудзь жонкай?
Александр Васильевич Сухово-Кобылин , Александр Николаевич Островский , Жан-Батист Мольер , Коллектив авторов , Педро Кальдерон , Пьер-Огюстен Карон де Бомарше
Драматургия / Проза / Зарубежная классическая проза / Античная литература / Европейская старинная литература / Прочая старинная литература / Древние книги