Асцярожна паклаў Бушцеца на падлогу, стаў падымацца сам. І ў той жа момант у праломе ўспыхнула рознакаляровае зарава. Загрукаталі аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты. Як салют па тых, хто толькі што загінуў. Па апошніх. Дзерваед як-кольвечы дабраўся да сцяны, трымаючыся рукой за параненае вайной сэрца. А кананада нарастала, шырылася, трасіруючыя кулі ляцелі з зямлі да зорак. І з гэтай кананады вырас немы нечалавеча радасны крык-стогн: «ПО-БЕ-Е-Е-ДА-А-А-А!!!» Але не чуў наш салдат гэтае доўгачаканае весткі. Не было ў яго сілы пачуць гэта. Не бачыў ён і таго, як глуханямы нямецкі падлетак знайшоў хлеб і грыз, прагна грыз яго. Прагна еў рускі салдацкі хлеб. А Дзерваед плакаў. Горка, няўцешна. Грымеў салют над усёй зямлёй, радаваліся ўсе людзі. А Дзерваед плакаў.
Дзерваед.
Даруй… Даруй мне, Мар’я… Мы больш не будзем. Мы больш ніколі не будзем… Даруй…І ўзнікла Жанчына з дзіцем, і стала набліжацца да салдата. І падышла, трымаючы на руках сваё дзіця, сваё прадаўжэнне на гэтай зямлі. Падышла зусім блізка да свайго мужа і салдата і спынілася, каб суцешыць яго. Грымеў салют. А далёка ад свайго разбуранага дома, далёка ад спаленай зямлі сваёй сядзеў і плакаў просты салдат. Салдат-пераможца. Радавы.
Зацямненне.
1982