Чуваць далёкі, перарывісты, трывожны пошчак барабанаў, які даволі хутка нарастае, набліжаецца, запаўняе сабою прастору. З абодвух парталаў сцэны выбягаюць па тры-чатыры салдаты і становяцца перад першым радам залы, накіраваўшы стрэльбы са штыкамі над галовамі гледачоў. З глыбіні сцэны, з гэтых злавесных шыбеніцаў-ценяў да натуральнай шыбеніцы ідзе Кастусь Каліноўскі. Ён у чорным летнім гарнітуры і бялюткай сарочцы пад шырокім гальштукам. Вецер шавеліць яго светлыя, хвалістыя валасы. За тры-чатыры крокі ззаду за ім ідуць, у зімовай жандарскай форме, палкоўнік Лосеў і Паліцмайстар. Замыкае шэсце доктар Фавелін у цывільным з медычным сакваяжам. Усе спыняюцца, калі Каліноўскі становіцца на эшафот пад пятлю. Паліцмайстар паднімае руку. Барабаны змаўкаюць.
Лосеў
(раскрывае чырвоную папку з залатым цісненнем двухгаловага арла пад каронамі, чытае вельмі зычна). Именем закона Российской империи военно-полевой суд Виленского военного округа 4-го дня месяца марта 1864 года приговорил… дворянина Викентия Константина Калиновского…Каліноўскі
(не вельмі гучна, але выразна). У нас няма дваранаў, усе роўныя!…Паліцмайстар становіцца побач з Каліноўскім, раіць «прекратить».
Лосеў.
…приговорил дворянина Викентия Константина Калиновского, сына Семёнова, 26 лет, за принятие звания члена революционного Комитета Литвы, а вместе с тем за измену государству, склонение к бунту жителей, казнить смертию повешением, как самостоятельного распорядителя в течение нескольких месяцев восстанием во всём Северо-Западном крае России.Показания в суде снимал аудитор Егоров. Присутствовали: представитель суда полковник Глейнинг, асессоры капитан Понтелеев, поручик Соколовский, подпоручик фон Стендер, прапорщик Баженов, прапорщик Гейслер, прапорщик Ветелин.
Здаецца, Каліноўскі не чуе прысуду. Ён абводзіць позіркам натоўп, углядаецца ў яго, шукае некага, вельмі яму патрэбнага. Потым бярэ ўслончык, ставіць пад пятлю і лёгка ўзнімаецца на гэту апошнюю прыступку ў жыцці.
Каліноўскі
(да натоўпу нечакана для катаў).Бывай здаровы, мужыцкі народзе,Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.І часам спамяні пра Яську свайго,Што згінуў за праўду для дабра твайго!Лосеў губляецца, Паліцмайстар таропка лезе на лесвічку, але не можа адразу дацягнуцца да пятлі.
А калі слова пяройдзе ў дзела,Тагды за праўду станавіся смела,Бо адно з праўдай у грамадзе…Лосеў узмахвае рукою і апошнія словы Каліноўскага заглушаюць барабаны. Паліцмайстару нарэшце ўдаецца авалодаць пятлёю. Святло рампы гасне. I так жа раптоўна цемру праразае кароткі надзвычай яркі ўсплёск маланкі. (Менавіта яркі, як маланка, усплёск святла бачаць у першую секунду тыя, хто памірае ў пятлі.)
Усё цішэй і цішэй трашчаць барабаны. Знікаюць салдаты.
Эпілог
Праз пэўны час у промні святла з глыбіні сцэны да рампы падыходзіць чалавек у сучасным цывільным гарнітуры, падобны на Фавеліна.