– Цяпер людзі вяртаюцца з Полацкага кірмашу, – сказаў дзядзька. – На возеры ўжо, пэўна, замяло дарогу.
Кажучы гэта, ён паставіў свечку на падваконне.
Тут на падворку пачалі брахаць сабакі. Дзядзька надзеў футра і пайшоў паслухаць галасы падарожных.
Вярнуўся хутка.
– Трэба нешта яшчэ прыдумаць, бо бура падняла ў паветра столькі снегу, што агонь у вакне ледзь відзён.
Сказаўшы гэта, ён запаліў у ліхтары свечку і ўдвух з парабкам моцна прывязаў яго да высокае жэрдкі пры самай браме.
Зайшоўшы ў пакой, сказаў Францішку:
– Маё жытло – гэта порт на беразе мора; мушу кожную буру такім чынам ратаваць ад няшчасця падарожных.
Калі Завальня сказаў гэта, пані Мальгрэта, якая была ў гэтым самым пакоі, не магла больш стрымліваць свой даўні гнеў на гэтых гасцей, што Бог ведае адкуль збіраюцца на начлег.
– Збярэцца тут цэлы кірмаш, – сказала яна, наракаючы на выдаткі і начную мітрэнгу, – ніколі спакойна не заснеш. Усё здароўе страціла.
– Ты, васпані, гневаешся, бо не разумееш нічога, – азваўся дзядзька. – А можа, пан Марагоўскі з дзецьмі ў дарозе? Такая бура! Барані Божа, калі якое няшчасце.
– Я сама чула: Марагоўскі абяцаў прыехаць на самую куццю, а куцця яшчэ заўтра. Цяпер ён начуе недалёка ад Полацка.
– Гэта, васпані, не твой інтэрас. Я пра гэта лепш ведаю.
– Не мой інтэрас? А хто мусіць думаць пра хлеб і яду, каб было чым накарміць гурт гэтых басякоў, байкі якіх ты так любіш слухаць. Хутка і самім не будзе чаго есці.
– Ты, васпані, не маеш ані веры, ані любові да бліжняга, – сказаў дзядзька з гневам. – Шкадуеш хлеба людзям, забываючы пра тое, што ўсё ад Бога, і за дарункі зямныя мы набываем спакой сумлення і надзею на добрую будучыню. Анічога не забяром на той свет, і цяжка грашыць хцівы, што не верыць ва Ўсемагутнасць Божую.
Пані Мальгрэта выйшла з пакоя. Мой дзядзька загаварыў да сляпога Францішка:
– Чуеш, пане Францішак, як часам людзі шкадуюць чужога, а сваё, пэўна, даражэйшае ім за жыццё; ім здаецца, што яны ніколі не памруць; на цэлую вечнасць хочуць забяспечыць сябе на гэтай зямлі. Не так думалі мае бацькі (вечны ім спакой!) Памятаю, калі было мне блізу васемнаццаці гадоў, мой бацька купіў у Полацку сукна (локаць каштаваў у той час пяць злотых), загадаў пашыць мне капот129
, даў пояс падперазацца і сказаў такія словы: “Ідзі ў свет, шукай сабе долі, твае продкі не пакінулі нам маёнтка, і мы табе не даём яго ў спадчыну. Бласлаўляю цябе, зарабляй на кавалак хлеба і будзь пачцівы: УсемагутнасцьБожая цябе не пакіне; любі бліжніх і жыві ў згодзе з людзьмі. А як непрыемнасці цябе спаткаюць у жыцці – трывай. Будзеш служыць – будзь верны і працавіты. Памятай заўсёды такую прыказку: як пасцелеш – так і выспішся. Калі літасцівы Бог дасць табе добры лёс і ўладу над сваімі зямнымі скарбамі – не шкадуй бліжнім, памятаючы, што міласэрныя атрымаюць міласэрнасць і будуць спадчыннікамі каралеўства нябеснага”.
Пасля, убачыўшы слёзы на вачах мае маці, сказаў:
– Ты не плач, васпані, у маладосці папакутуе – і будзе шчаслівы.
Прыняўшы блаславенне і маючы заўсёды ў памяці бацькаў наказ, з хатульком за плячыма і з кіем у руках пакінуў я родны дом.
Найперш выправіўся да камісара130
князёў Агінскіх прасіць пратэкцыі. Той мяне прыняў на службу, загадаў практыкавацца ў пісанні і вучыцца рэгістратуры, і я ў хуткім часе зразумеў увесь гэты парадак; сваёй пільнасцю стараўся заўсёды заслужыць добрую рэпутацыю. З цікавасцю слухаў я размовы пра гаспадарку і, калі ўжо адчуў, што і гэтым магу заняцца, прасіў пана камісара, каб дапамог мне атрымаць месца аканома ў якім-небудзь князевым фальварку.– Ты малады, – сказаў камісар. – Каб гаспадарыць у маёнтку – мала старання, трэба быць чалавекам дасведчаным, добра ведаць якасць зямлі, дзе што пасеяць; ведаць час, калі сеяць гарох, пшаніцу, ячмень ці авёс, а што найцяжэй – прадбачыць перамену надвор’я, калі прыйдзе час сенакосу. О! Тут гаспадару трэба паказаць розум; каб сена не згніло на лузе.
– Дабрадзею, – кажу я, – кожны ж гаспадар некалі вучыўся на практыцы, а калі не хопіць мне прадбачлівасці ў якіх цяжкіх справах – параюся з людзьмі старэйшымі і спрактыкаванымі.
– Добра, пане Завальня, – сказаў камісар. – Пагавару пра гэта з князем. Толькі глядзі, каб не падвёў мяне.
– З Божаю дапамогаю апраўдаю рэкамендацыю пана камісара.
Хутка стаў я аканомам у маёнтку Магільна. Прызначылі мне трыццаць талераў131
гадавое пенсіі, дазволілі трымаць пару сваіх коней дзеля раз’ездаў па вёсках, і я прыступіў да абавязкаў з найвялікшай стараннасцю, каб апраўдаць рэкамендацыю пана камісара і заслужыць у князя прыхільнасць і рэпутацыю.Міласэрны Бог блаславіў маю працу і клопаты. Надышло лета. Зямля ўсюды добра ўрадзіла. Жыта вырасла такое буйнае і густое, што калі чалавек ішоў па дарозе праз жытнёвае поле, дык ледзь можна было ўбачыць ягоную шапку. На пшаніцу, авёс і ячмень міла было глянуць. Усюды калоссе гайдалася на ветры, нібы хвалі на возеры.