Дайшла вестка ад людзей, якія ездзілі з таварамі ў Рыгу, што яны сустракалі там сялян нашае воласці. Дык пан неадкладна паслаў мяне, каб я з дапамогаю мясцовых уладаў вярнуў тых людзей на ранейшае месца жыхарства.
АРГАНІСТЫ З РАСОНАЎ
У гэты момант нечакана адчыняюцца дзверы – заходзіць увесь абсыпаны снегам арганісты з Расонаў; ледзь ступіў на парог – гучна прамовіў:
– Laudetur Jezus Chrіstus135
. Вясёлых святаў! – і кладзе стус аплатак136 розных колераў на стол.– А! Дзякуй, вялікі дзякуй! – сказаў дзядзька. – Чакаў пана Андрэя і ўжо думаць пачаў, што сёлета ён, можа, забыў, дзе жыве Завальня.
– Як можна забыць пра пана Завальню, асабліва ў такую лютую буру, бачачы зыркі ліхтар на доме, добры і ветлы гаспадар якога клапоціцца пра жыццё падарожных.
– У той толькі час і госці ў мяне, калі пакрые Нешчарду лёдам, але за гэта вясной і летам жыву, нібы пустэльнік які, акружаны вадою і лесам.
Арганісты звяртаецца да сляпога Францішка:
– О, даўно не бачыліся! Грамадзянін усяго свету! А пра Расоны ўжо зусім забыў. У нас і цяпер успамінаюць, як некалі ў час Юбілею спяваў ты на хорах. Хто з ксёнжкі, а пан Францішак – усе песні на памяць. Ну калі ж ты нас наведаеш?
– Жыву я цяпер вельмі далёка.
– Але ж ты жывеш там, дзе сустракаеш ласкавых і сапраўдных сяброў, а такіх у цябе шмат па ўсёй Беларусі.
– Цяпер з ласкі пана Б. маю свой дамок на выспе пасярод возера Рабло. Там маю намер пакласці канец свайму тулянню (пакуль мне пан Бог дазволіць жыць).
– Ведаю пана Б., добры ён чалавек. Маёнтак яго ля самага возера Рабло ў Рабшчызне. Я бываў там некалі, а адгэтуль будзе не менш за шэсцьдзесят вёрст.
Але як мяне трасе, увесь замёрз: такі моцны вецер і мароз, што нельга вытрымаць.
– Вып’ем гарэлкі, пане Андрэй, – сказаў дзядзька, – а там вячэру цёплую прынясуць на стол – то і сагрэешся.
– А добра было б гарэлачкі, бо людзі кажуць, што гэты трунак у гарачае лета халодзіць, а ў зімовыя маразы – грэе.
Пасля гарэлкі і закускі павесялелы арганісты сказаў:
– Пан Завальня сёння мае гасцей, мае і новыя апавяданні.
– Кожны чалавек нешта адрознае ад іншых сустракае ў сваім жыцці, дык кожны адрознае ад іншых і расказвае.
– І Янка – філосаф137
езуіцкае акадэміі – мусіў ужо расказаць шмат гісторый. Чуў я, што калі ён быў яшчэ ў школах138, дык вельмі любіў чытаць кніжкі.– Яго гісторыі вучоныя; расказваў мне пра нейкія паганскія народы, што жылі Бог ведае ў якія даўнія часы; імёны іх такія цяжкія, што на другі дзень ужо не памятаю.
– І я хадзіў да езуітаў у школы, альвар139
і цяпер ведаю на памяць, перакладаў прамовы Цыцэрона, і з “De arte poetіca”140. Гарацыя яшчэ памятаю гэты верш: “Оmne tulіt punctum quі mіscuіt utіle dulcі”141. Але калі я ўбачыў, што гэта ўсё vanіtas vanіtatіs142, не захацеў паглыбляцца ў далейшыя мудрасці; навошта філасофстваваць, лепш верыць сэрцам. Дык пачаў вучыцца музыцы, і цяпер, дзякуй Богу, маю месца пры касцёле і задаволены.– І ўсё ж цяпер чарга пана Андрэя расказаць што-небудзь.
– А ці не будзе гэта ўжо позна? Колькі часу?
– Не маю гадзінніка, – сказаў дзядзька, – але ведаю, што яшчэ далёка да поўначы.
– У мяне дома ёсць гадзіннік – памятка ад ксяндза-пракуратара; калі б’е, – з’яўляецца зязюля і кукуе столькі разоў, якую выбівае гадзіну. Адзін падарожны начаваў ў мяне і, пачуўшы голас гадзінніка і зязюлін спеў, расказаў мне апавяданне пра роспачнага маладога чалавека і вогненных духаў.
АПАВЯДАННЕ СЁМАЕ.
ВОГНЕННЫЯ ДУХІ
Мы селі ля арганістага; у пакоі ўсталявалася цішыня, толькі шум буры чуваць за сцяною. Арганісты пачаў сваё апавяданне так:
– Адзін малады чалавек Альберт (добра выхаваны і з прыгожым абліччам) атрымаў у спадчыну ад бацькоў некалькі тысяч талераў. Не задумваўся, што грошы лёгка страціць, а набыць цяжка; не ашчаджаў, што меў, любіў гульні ды забавы і зразумеў, нарэшце, што ўжо яго скарбніца як цела без душы, і сябры зніклі, якіх раней было шмат.
Мальвіна, яго каханая, нарадзілася і вырасла ў горадзе, ведала свет і згаджалася з агульнай думкаю кабет, што сэрца можна аддаць таму, да каго мімаволі цягнецца душа. Але руку – толькі таму, хто золатам і пашанаю абяцае жыццёвы дабрабыт.
Мальвіна кахала Альберта, любіла з ім доўга размаўляць. За такімі прыемнымі размовамі хутка ляцеў вечар, і гадзіннік часта біў на сцяне, лічачы гадзіны, а шэрая зязюля сумна кукавала з адчыненых дзверцаў.
– Журботны зязюлін голас наводзіць на мяне невясёлыя думкі, – сказаў Альберт. – Здаецца, ён гаворыць сэрцу, што і вясна мае сваю горыч, хутка час пралятае, хутка міне маладосць, чалавек на схіле свайго жыцця на ўсё глядзіць холадна. Мальвіна! Давай карыстацца часам, пакуль яшчэ маладое пачуццё робіць нам забавы прыемнымі.
– Вясна, лета і восень людскога жыцця маюць свае аздобы, – сказала Мальвіна, – калі чалавек на ведае беднасці і мае чым задаволіць усе свае жаданні.
– Ці ж багацце – найбольшае шчасце?
– Без гэтага і каханне стыне.
– Ты любіш, як бачу, грошы? – сказаў Альберт.
– Хто ж не любіць тое, што абавязкова патрэбна.