Мальвіна паспешіва пачала апранацца; бярэ найлепшую сваю сукенку, сяброўка ўбірае ёй галаву, стараецца, каб усё ёй пасавала. Надзела на сябе і дыяменты, што прыслаў Альберт, сядае ў карэту; паўгадзіны ехалі – і ўжо на месцы.
У вітальні сустракае яе Альберт, запрашае ў гасцёўню, дзе ўсё зроблена з густам і багацце ззяе паўсюль. Дзівіцца Мальвіна з такое нечаканае перамены яго долі. Альберт у яе вачах зрабіўся зусім іншы. Яго постаць і твар набылі дзіўную прыгажосць, у яго размовах Мальвіна заўважыла незвычайны розум і дасціпнасць.
Імгненна дарагая садавіна і размаітыя сочывы з’явіліся на сталах; просіць яе выбіраць сабе пад густ і ў час гэтае пачосткі расказвае, як у яго прачнулася жаданне абавязкова сёння яе ўбачыць.
Кожнае слова каханага было ёй прысудам.
– Ці ўспамінала ты хоць калі пра мяне, – спытаўся Альберт, – з тае пары, як апошні раз бачыліся з табою?
– Як жа не ўспамінаць, калі пра тваё шчасце ва ўсіх дамах штодня гавораць?
– А што гавораць?
– Рознае, але нічога пэўнага.
– Няхай людзі мучаць сабе галовы; я ж скажу толькі, што забагацеў, не крыўдзячы блізкіх.
– І я не чула, каб каго-небудзь Альберт пакрыўдзіў.
Застаўшыся ў пакоі адны, яны размаўлялі, прыпамінаючы ўсё тое, што было між імі раней. Гадзіннік на сцяне зайграў мелодыю, і ўжо прабіла поўнач.
– Ці хочаш, Мальвіна, – сказаў Альберт, – убачыць мой хатні тэатр?
– Хто ж будзе іграць у тэатры, калі нас толькі двое?
– Маю актораў, зачыненых у шкатулцы, ураз усе з’явяцца перад табою.
– Ці не будзе толькі чаго страшнага? Злітуйся, не палохай мяне, цяпер якраз поўнач.
– Думаеш, я такі жорсткі, што магу жартаваць з твае палахлівасці? Не будзе аніякага страху, толькі пабачыш цуды, табе незразумелыя.
Сказаўшы гэтак, ён узяў агатавы крэмень, крэсіва і, стоячы ля яе, пачынае высякаць агонь. Нечуваныя цуды бачыць Мальвіна: іскрынкі, што падаюць на падлогу, ператвараюцца ў язычкі полымя, а з гэтых язычкоў нараджаюцца дзеці, на іх галовах гарэлі кучары валасоў – як бавоўна ці лён, што ўзяліся агнём; вочы, як іскрынкі, мігалі чырвоным святлом, і празрыстыя матылёвыя крылцы былі ў іх на плячах. Адны лёталі пад столлю, вырабляючы самыя неверагодныя фігуры, другія сваволілі на сталах, канапах, на падлозе, каля люстраў і карцін – перакідваліся ў зверанятаў, птушак, жамяру.
– Ах! Досыць, досыць ужо! – закрычала Мальвіна. – Не магу больш глядзець на гэтыя жахі. Нейкі страх мяне забірае.
– Палахлівае стварэнне! Ці ж іх выгляд мае што-небудзь страшнае? Гэта ж купідоны, якіх ты можа, няраз бачыла на карцінах пекнае Венеры.
– Ах, Альберт! Полымя ў іх на галовах і гэтыя жахлівыя пагляды!.. Кроў мая замірае.
Альберт махнуў рукою, і ўсё знікла. Быццам было гэта толькі ў сне. Перапалоханая Мальвіна доўга яшчэ не магла супакоіцца. Ён смяяўся з яе палахлівасці. Калі мінуўся страх і скончыліся жарты, яны бавілі час, пераходзячы ў размовах ад аднаго да другога, аж пакуль узышла не небе дзянніца.
Мальвіна, вярнуўшыся дадому, не магла забыць тыя цуды; расказала пад сакрэтам сваёй сяброўцы, і, размаўляючы між сабою пра гэта, вырашылі, што ў вобліку тых дзяцей з’яўляліся злыя духі. Альберт – чарнакніжнік, і праз гэта зрабіўся багаты.
Такі сакрэт, пераходзячы ад сяброўкі да сяброўкі, у хуткім часе ўжо быў вядомы ў гарадах і вёсках; усюды са страхам пра гэта гаварылі.
Старыя нагадвалі маладым і недасведчаным; каб пазбягалі Альберта і сяброўства з ім. У яго доме непрыстойныя забавы, размовы і віно, што пілі без меры, нішчылі маральныя і цялесныя сілы ўсіх тых, хто збіраўся там бавіць час у ганебных уцехах.
Прайшоў адзін год, другі. Альберт не шкадуе грошай; усё робіцца паводле яго волі; уцехі не спыняюцца. Мальвіна хоць і не сумняваецца ў яго сувязях са злым духам, але падпарадкуецца ягоным жаданням.
Аднаго разу Альберт з гуртам гультаёў пры картах і віне бавіўся да поўначы. Гаспадар і госці былі ў гуморы. У жартаўлівых размовах адзін з гэтай грамады сказаў:
– Ці праўда, Альберт, што ты – чарнакніжнік, як сцвярджаюць некаторыя?
Выкліч перад намі духа. Мы яшчэ яго ніколі не бачылі.
– Я ведаю, – сказаў Альберт, – хто разнёс пра мяне такія пагалоскі. Але не хачу сёння хаваць ад вас гэтага і зараз усё пакажу вам. – Глянуў на полымя свечкі і паклікаў: – Нікітрон!
Са страхам пазіраюць усе на гэты неспадзяваны цуд: полымя свечкі выбухнула пад самую столь і нечакана ў паветры ўтвараецца празрыстая хісткая асоба, спускаецца на падлогу ў абліччы юнака і чакае Альбертавага загаду.
– Як найхутчэй ляці да Мальвіны і запрасі яе да мяне.
Дух вылецеў у вакно; прайшло не больш за паўгадзіны: заходзіць у пакой Мальвіна, бледная ад сполаху, і гаворыць дрыготкім голасам:
– Навошта ты, Альберт, прывёў мяне сюды? Хочаш выставіць адну на посмех перад гуртам тваіх бяседнікаў?
– Не будзеш адна.
Ён глянуў на карціны з міфалагічнымі німфамі і кажа:
– Вось табе таварышкі.
І ўмомант голыя німфы ў натуральную чалавечую велічыню, пакінуўшы палатно, сышлі са сцяны.
Усе знерухомелі, са страхам паглядаючы на гэтыя цуды. Перапалоханая Мальвіна закрычала страшным голасам і ўпала непрытомная на падлогу.