Поўнач. На далёкай вежы б’е дванаццаць. Прабіў гадзіннік у кутку гасцёўні і ледзь дайграў мелодыю – нечакана патухлі васковыя свечкі. Адна толькі лямпа свяціла бледна, нібы пакрытая густою імжою. З’явіліся па кутах і пасярод салона жахлівыя монстры: велізарныя стварэнні ў белым, вочы гарэлі, як агонь, гангрэнавыя плямы палілі іхнія твары. Учарнелыя шкілеты абапіраліся спарахнелымі рукамі на мэблю. Знік гарэлачны чад, перапалоханыя госці з крыкам уцякалі з дому, іншыя, знепрытомнеўшы, пападалі на падлогу. Нямы і бледны Альберт пазіраў на гэтых пачвараў; дрыготка прабегла па целе і адчуў у гэты час, што нейкі холад увайшоў у яго грудзі, і ён застыў увесь ад холаду.
Зніклі гэтыя страшныя монстры; ачуліся перапалоханыя бяседнікі, але не вярнулася цяпло, каб сагрэць Альберта; увесь быў халодны, як кавалак золата.
Жыў ён яшчэ некалькі гадоў, але ўжо нішто не магло яго адагрэць. Увесну і ў летнюю спякоту мароз прабягаў па ўсіх яго жылах. Кажуць, што калі хто сядаў блізка ля яго, каб пра што-небудзь пагаманіць, – з вуснаў яго зыходзіў такі холад, што нельга было вытрываць і колькі хвілін.
Уначы прыходзілі да яго тыя самыя страшныя здані, якіх ён запрашаў да сябе з магіл, і часта чуў нейкія дзіўныя галасы, якія клікалі яго па імені “Альберт! Альберт!” – не толькі ў змроку, але і сярод белага дня. Пытаўся ён у людзей, што яго часам наведвалі, ці не чуе хто-небудзь з іх галасы, што клічуць яго па імені? Усе са здзіўленнем адказвалі, што не чуюць аніякіх галасоў.
Абазнаныя ў сваёй справе медыкі, прывезеныя з далёкіх краёў, параіўшыся, прызначалі яму размаітыя лекі, але руплівасць і веды дактароў не маглі яму дапамагчы.
– Божая кара нарэшце кранула чарнакніжніка і спакусніка, – паўтаралі старыя людзі.
А між простым людам па вёсках і мястэчках хадзілі чуткі, што Альберта за бязбожнае жыццё мучаць усе трасцы148
разам, ні на хвіліну не даючы яму спакою.Найчасцей ён быў самотны; назаўсёды зніклі балі і шумныя забавы; рэдкі госць наведваўся, і той, змучаны халоднаю размоваю, стараўся як мага хутчэй пакінуць ягоны дом. Пакінулі ўсе. Часам толькі слуга з’яўляўся на голас пана.
Дзень быў хмурны, шумеў вецер, сонца засланялі воблакі; у Альбертавым доме панавала цішыня, нібыта ў якой пустэльні. Чуваць былі галасы крумкачоў, вялікая чарада якіх кружылася ў паветры над палацам. У вечаровым сутонні вокны былі нібыта завешаныя чорным мошастам; доўга не гарэў у шыбах агеньчык свечкі. Знайшлі яго труп; сканаў, седзячы на крэсле. Рукі і ногі здранцвелі, нібыта ад моцнага зімовага марозу.
– А з Мальвінай, каханкай яго, што сталася? – спытаў Завальня.
– Мела дыяменты і грошы, лёгка і мужыка знайшла; гадзіннік з зязюляю не наводзіў на яе сумных думак. Выехала ў сталіцу і сярод шуму вялікага свету забылася пра мінулае і пра Альберта.
– Заўсёды такая смерць тым людзям, – сказаў дзядзька, – што шукаюць шчасця на гэтым свеце, а пра будучае жыццё не дбаюць. Як жахліва памёр гэты няшчасны Альберт!
Арганісты ўстаў з месца і сказаў, гледзячы ў вакно:
– Некалькі зорак ужо свецяцца на небе, і вецер сціх; заўтра будзе добрае надвор’е; перш чым вярнуцца дахаты, мне трэба яшчэ сюды-туды заехаць. Дык ты, пане Завальня, дазволь ужо адпачыць падарожнаму. Мне трэба заўтра раненька ўстаць.
Гасцям ужо прыгатавалі пасцелі, пасля пацераў патушылі агонь, і я, думаючы пра няшчаснага Альберта, заснуў.
КУЦЦЯ
Я прачнуўся і, лежачы яшчэ ў пасцелі, прыпамінаў апавяданні сляпога Францішка і арганістага: Плачка, Сын Буры, Вогненныя духі – усе гэтыя цуды паўставалі ў маіх думках у дзівосных, самотных і страшных карцінах. Тут дзядзька адчыніў дзверы і, гледзячы на мяне, сказаў:
– Уставай, Янка. Не прывыкай да ляноты; зімовыя ночы доўгія, можна выспацца; усе падарожныя яшчэ перад світаннем выехалі; цяпер толькі паны спяць да дня; за іх іншыя думаюць і працуюць. Памятай, што ты чалавек бедны, мусіш сам служыць, дык адвыкай ад такіх звычак.
Завальня надзеў футра, выйшаў на падворак, загадаў парабкам паадкідаць снежныя сумёты ад вокнаў і ад сцен спіжарні.
Я хуценька ўстаў. У хаце было ціха і змрочна; святло слаба прабівалася праз шыбы, пакрытыя лёдам і засыпаныя снегам. Уваходжу ў чалядны пакой, там на лаве сядзеў сляпы Францішак, а пані Мальгрэта, гатуючы куццю, расказвала яму пра сваю гаспадарку: пра курэй розных парод, якіх яна разводзіла, маючы велізарнага пеўня на высокіх нагах, але ён быў такі нязграбны, што звычайны маленькі пеўнік яго перамагаў і няраз крывавіў; пра гусей, за якімі ўлетку хоць і заўсёды добра наглядала, але не магла ўпільнаваць ад лісіц. Расказвала, як аднаго разу на возеры паляўнічы адным стрэлам забіў некалькі свойскіх качак, мяркуючы, што гэта дзікія, і з таго часу трэба мець іх на воку, каб далёка не адплывалі ад дому.
Калі так размаўлялі, дзядзька пастукаў у вакно, кажучы:
– Бачу здалёк: па возеры нехта едзе; здаецца, гэта пан Марагоўскі з дзецьмі вяртаецца з Полацка. Загадай каму, васпані, хутчэй навесці парадак у пакоі: дасюль яшчэ падлога не падмецена.