– Нікітрон! – паклікаў Альберт. З’явіўся дух, і Альберт загадаў яму аднесці Мальвіну дахаты, дзе яна праз колькі хвілін ачулася, лежачы на ложку ў сваім пакоі, і дрыжала, успамінаючы тое жудлівае відовішча.
Суседзям, таварышам і ўсім знаёмым было ўжо вядома, што Альберт – страшны чарнакніжнік. Бацькі, сваякі і сябры напамінамі стрымлівалі моладзь, каб яна не мела з ім аніякіх сувязяў і дачыненняў. Старыя людзі стараліся рознымі спосабамі выбавіць яго з падману і павярнуць да цнатлівага і пабожнага жыцця.
Дарэмныя парады і напаміны. У багатым Альбертавым доме штодня поўна бязбожнае і распуснае моладзі; ён сам усё больш і больш быў нястрыманы ў непрыстойных жадунках і ўчынках; лічыў лухтою любоў да бліжняга, зводзіў і ганьбіў жанчын ды дзяўчат рознага саслоўя. Не пераводзілася золата, а перад золатам усё цьмее, і гэта яму было даспадобы. Ганаравалі яго лісліўцы і таварышы ў забавах, але ад бацькоў, мужчын і пачцівых людзей сыпаліся на яго страшныя праклёны.
Прайшло колькі гадоў; ад усіх гэтых празмернасцяў Альберт захварэў. Раскоша, якую піў поўнаю чарай, зрабілася яму няўсмак, і ўсюды нечакана пачаў сустракаць невыносную горыч; трывога і смутак пасяліліся ў яго багатых салонах.
Пачуў голас касцельных званоў, нехта яму сказаў, што гэта звоняць па нябожчыку; змяніўся з твару і неспакойны доўга хадзіў сюды-туды па пакоі і слова не сказаў прыяцелям.
Адскочыў ад вакна, калі ўбачыў людзей у жалобных уборах з паходнямі ў руках, што ішлі за возам, на якім стаяла труна.
Задрыжаў увесь, калі пачуў, што той, хто ўчора з ім баляваў, ужо не жыве на свеце.
Неспакой і меланхолія штодзённым цяжарам ляжалі на яго думках; гурт лісліўцаў не весяліў яго, жанчыны страцілі прывабнасць у яго вачах, у Мальвіны ўбачыў тысячы заган і не хацеў яе больш бачыць.
Самотны і задуменны блукаў Альберт па полі, зайшоў у густы лес, убачыў там чалавека з чырвонымі валасамі на галаве і ў пунсовым адзенні, які сядзеў на пні. Пазнаў яго; гэта быў той самы, што вучыў яго, як набыць золата і кіраваць духам.
– Чаму і цяпер ты незадаволены? – спытаўся чырвоны чалавек.
– Ні ў чым не маю прыемнасці, нейкі неспакой зацьміў мае думкі.
– Можа, Мальвіна табе здрадзіла?
– Мальвіна любіла і любіць багацце; яе каханне мне не патрэбна.
– Маеш дукат, на ім яркае полымя, што ўсё перамагае.
– Але спакою купіць не магу.
– Вогненны дух выконвае ўсе твае загады.
– Але і ён спакою не можа прынесці.
– Не ўмеў ты карыстацца шчасцем, а я казаў: будзь хітры і празорлівы, бо слабасць натуры загубіць цябе. Ужо не грэе ні залатое полымя, ні вогненны дух, ні погляд каханкі.
– Я пагарджаю ўсім, я хачу здранцвець, быць абыякавым, як труп, халодным, як ледзяная брыла.
– Дык паслухай апошнюю маю параду: збяры ўсіх сваіх таварышаў і, перш чым праб’е на вежы поўнач, ідзі на цвінтар; на магілах убачыш язычкі халодных агнёў – прасі іх да сябе на забавы.
Сказаўшы гэта, ён адышоў на некалькі крокаў і знік.
Вярнуўшыся дадому, Альберт адразу пастараўся выканаць тое, што яму раіў у лесе той дзіўны чырвоны чалавек. Гасцей пакінуў адных, а сам заспяшаў на цвінтар. Ноч была ціхая і цёмная, ледзьве відаць былі драўляныя крыжы і дзікія камяні, пастаўленыя сям-там на магілах; свяціліся язычкі агнёў, накшталт аплытых свечак.
– Халодныя духі! – сказаў Альберт. – Сёння вас запрашаю да сябе, хачу вашай дапамогі, хачу быць падобны да вас і пагарджаць светам.
Калі сказаў гэта, дык з’явіліся перад ім белыя прывіды волатаў у дзіўных і страшных абліччах. Яны кланяліся, прысягаючы, што ахвотна выканаюць яго жаданне.
У доме ў Альберта шум і вясёлыя размовы чуваць у асвечаных салонах. Вярнуўся бледны гаспадар, неспакой на яго твары.
– Што з табою дзеецца, Альберт? Чаму ты такі смутны? Які неспакой хвалюе твае думкі? Пра што турбуешся? Сто гадоў раскідваючы скарбы, што дала табе фартуна, не зможаш іх усё адно страціць. – Гаворачы гэта, віталі яго адзін за адным госці.
– Хто з нас будзе так доўга жыць?! – сказаў Альберт. – Не затрымае чалавек захаду сонца, каб дзень падоўжыць, і весялосць не прыкліча, калі яна прэч уцякае.
– Навошта зважаць на невясёлае; хто ведае, якая будзе будучыня; давайце жыць сённяшнім днём, – сказаў адзін з гасцей. – Выпі з намі – змрочныя думкі прэч уцякуць.
– Vіnum cor laetіfіcat!146
– сказаў другі. – Што будзе пасля, навошта думаць цяпер.Нясі віна мне жыва,
Хай пройдзе дзень шчасліва;
Душой клянуся, дружа,
Што мушу ўпіцца дужа!147
– Чакаю запрошаных гасцей, – сказаў Альберт. – Яны ўпершыню наведаюць мой дом.
– Адкуль і якіх гасцей чакаеш?
– Убачыце і будзеце ведаць.
– Дык старайся іх прыняць весялей, чым нас. Вып’ем за здароўе гаспадара.
Пеніцца віно ў келіхах; грымяць віваты:
– Няхай жыве Альберт!
Падхмеленыя моцнымі трункамі, яны пахваляліся адзін перад адным: хто больш выпіць можа; шум і гамана вясёлых гасцей адзываецца ва ўсіх пакоях. Сам гаспадар, захоплены вясёлай грамадою, асушыў не адзін келіх моцнага віна. Але яно слаба падзейнічала на яго; хвіліннае забыццё дало спачыць думкам, і зноў вярнуўся смутак мучыць ягоную душу.