Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Імклівыя коні павярнулі з вялікай дарогі, мінулі бераг возера і ўжо ля брамы. Дзядзька сустракае гасцей: у возе сядзеў пан Марагоўскі, ля яго – трое дзяцей, ухутаных мядзведжым футрам і абвязаных хусткамі так, што толькі вочы відаць; выбегла з дому пані Мальгрэта, і дзяцей унеслі ў пакой.

На снеданне было пададзена падагрэтае піва; шкаляры, пачуўшы цяпло, зашумелі, як пчолы ў вуллі. Кожны апавядаў пра сваю вучобу, пра таварышаў, настаўнікаў, пра розныя школьныя выпадкі і здарэнні. Сляпы Францішак далучыўся да іх, і яны пад сакрэтам расказвалі яму свае вершы, якія вывучылі на памяць, каб павіншаваць бацьку.

Перада мною яны хваліліся ўзнагародамі за экзамены: дасталі са скрыначкі абразкі Клаўбера149 розных памераў, крыжыкі і медзяныя медалькі. Шмат расказалі вывучанага з альвара і шмат пераклалі з лаціны святое гісторыі.

Пан Марагоўскі пацвердзіў бацьку, што Стася і Юзіка за стараннасць у вучобе і за добрыя паводзіны хвалілі і ўзнагародзілі ксёндз-прэфект і настаўнікі; дзядзька цешыўся гэтым, абяцаў ім пашыць новыя капоты і даць грошай на розныя школьныя патрэбы.

Доўга цягнулася размова пра Красны150 полацкі кірмаш. Марагоўскі апавядаў пра кошт жыта, аўса і ячменю, пра свойскіх птушак, якіх там шмат адусюль прадаецца; пра кошт ільну, пянькі і пра купцоў, што прывезлі з іншых гарадоў хусткі, сукно, ядваб, баваўняную крамніну ды іншыя тавары для ўбораў; пра знаёмых гаспадароў, што прыехалі па сваіх справах і каб набыць патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.

У размовах прайшоў цэлы дзень; сонца схавалася за лес, звечарэла. Некалькі суседзяў, што жывуць ля возера Нешчарда, запрошаныя з жонкамі і дзецьмі на куццю, прыехалі да майго дзядзькі. Паказалася першая зорка на небе. Пасярод пакоя паставілі доўгі стол, заслалі яго сенам і накрылі белым абрусам. На стол падалі посную ежу з мёдам і найлепшую рыбу. Завальня ламаў аплатку з панам Марагоўскім, а пасля па чарзе – з кожным госцем. Апавядаў, як колісь князь Агінскі, добры і ласкавы пан, запрашаў да сябе на гэты вечар усіх суседзяў, не зважаючы, ці ён бедны, ці багаты, абы толькі шляхціц і прыстойны чалавек. З незвычайнай сардэчнасцю прымаў гасцей, шчыра і адкрыта з кожным гаварыў, бавіў яго, расказваючы размаітыя даўнейшыя гісторыі.

Марагоўскі прыпамінаў, што раней гэтых абрадаў свята трымаліся ва ўсіх дамах нашага павета. Сёння ўжо не тое! У некаторых паноў змяніліся старыя звычаі і парадкі, за што Бог не ўзнагародзіць, і часы ўсё горшыя і горшыя.

За гэтаю размоваю асобныя госці, седзячы за сталом, падсоўвалі руку пад абрус, выбіралі наўдачу даўжэйшую сухую сцяблінку; паказвалі адно аднаму, загадвалі, ці высокі будзе наступнаю вясною расці лён, а паненкам прадказвалі хуткае замужжа. Шукалі пад сенам зярнятак жыта, пшаніцы ці іншага збожжа, бо яно, выпадкам знойдзенае ў гэты вечар пад сенам на стале, вешчавала вялікія ўраджаі.

Пасля вячэры, гледзячы на яснае, з зорным сяйвом неба і на вогненныя дарогі метэарытаў, выказвалі надзеі на добрую вясну і на багаты збор садавіны і гародніны ўвосень.

О, салодкія ўспаміны забаў і звычаяў роднае зямлі! Як кароткае шчасце, як прыемны сон, як вера бацькоў! Навек застануцца яны ў памяці. Яны – наймілейшая забава самотным думкам; па іх, як выгнанніца з раю, сумуе заклапочаная душа.


ДУМКІ САМОТНІКА


На беразе Фінскае затокі, дзівячыся чароўным малюнкам травеньскіх начэй, сядзеў я ад захаду да ўсходу сонца. Не было зорак на небе: белае святло заліло нябеснае скляпенне і ўсю марскую прастору. Травеньскія ночы чужое краіны! Вы заўсёды былі сведкамі маіх тужлівых і самотных песень, калі тут, на беразе затокі, агорнуты думкамі, успамінаў я горы і лясы радзімае старонкі.

Гараць залатым полымем вяршыні святынь у сталіцы151; якая цішыня пануе ў паветры! Зазваніў гадзіннік з вежы, і моцнае яго гучанне дасягае далёкіх ваколіц горада. Човен плыве па спакойнай вадзе, чую вясёлыя песні матросаў; у пышных садах гучыць музыка, да позняга часу доўжацца вясёлыя забавы і не скончыліся яшчэ прыемныя спатканні пад шатамі паркавых дрэваў.

Травеньскія ночы радзімых ваколіц! Мілей мне было сустракаць захад сонца на беразе Нешчарды, не параўнаеш самую вытанчаную музыку з пяшчотным і чароўным спевам салаўёў і самотным голасам зязюль. Дзікія лясы мілей за пышныя паркі! Шум вашых галін акунаў мяне ў роздум, у засені вячыстых дрэў заўсёды адчуваў я нейкія неразгаданыя таямніцы прыроды. У народных апавяданнях сустракаў пачуццё і праўду, адчуваў іх мудрасць і малітвы цэлага народа, мілей гэта ў сто разоў, чым халодныя забаўкі ў багатых салонах.

Мора! Я чытаў пра цябе вершы паэтаў, ціхія і бурапенныя твае хвалі параўноўваў з роднымі азёрамі, калі яны зіхацяць, як крышталь, у зарослых берагах або шумяць у буру. Калі я быў яшчэ зусім малады, дык упрыгожваў людзей дабрынёю і справядлівасцю, а будучае – надзеяю і, быццам у бяспечным порце, ціхамірна марыў у той час пра навальнічнае неба і пра велізарныя акіянскія хвалі.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Самая страшная книга 2016
Самая страшная книга 2016

ССК. Создай Свой Кошмар.Главная хоррор-антология России. Уникальный проект, в котором захватывающие дух истории отбирают не «всеведущие знатоки», а обычные читатели – разного пола, возраста, с разными вкусами и предпочтениями в жанре.ССК. Страх в Сердце Каждого.Смелый литературный эксперимент, которому рукоплещут видные зарубежные авторы, куда мечтают попасть сотни писателей, а ценители мистики и ужасов выдвигают эти книги на всевозможные жанровые премии («хоррор года» по версии журнала «Мир Фантастики», «лучшая антология» по версии портала Фантлаб, «выбор читателей» по версии портала Лайвлиб).ССК. Серия Страшных Книг.«Самая страшная книга 2016» открывает новый сезон: еще больше, еще лучше, еще страшнее!

Александр Александрович Матюхин , Евгений Абрамович , Илья Объедков , Максим Ахмадович Кабир , Михаил Евгеньевич Павлов

Ужасы