Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

Бачаць суседзі дзіва нечуванае: Альберт купляе найдаражэйшыя люстры, гадзіннікі, дом яго свеціцца золатам і срэбрам; коні і карэты – шыкоўныя, лёкаі ў дарагіх ліўрэях, – быццам меў ён некалькі тысяч душ у маёнтку; запрашае да сябе гасцей, дае балі; найдаражэйшых він ў яго невычэрпная крыніца.

Мальвіна, чуючы пра гэтую неспадзяваную перамену лёсу, дзівіцца, як і іншыя: адкуль узяліся ў яго такія вялікія грошы? Доўга спадзявалася, што ён, можа, калі наведае яе; прайшло колькі месяцаў – не прыязджае; перамяніўся ўжо, дарэмна чакаць! У яго душы цяпер – толькі адна пыха.

Прыйшла восень, доўгія вечары. Альберт, стомлены забавамі, у якіх доўга бавіў час з гуртам лісліўцаў, вырашыў застацца дома адзін; сухія бярозавыя дрэвы гарэлі ў печы, настольны гадзіннік іграў мелодыю, за сцяною шумеў восеньскі вецер; ён сеў перад агнём і, гледзячы на яго, аддаўся марам, думаў пра сваё мінулае, пра няўдзячнасць і здраду сяброў, якія некалі кінулі яго, бачачы, што ён зазнаў няшчасця і роспачы.

Калі так пераходзіў ад аднае думкі да другое – успомніў Мальвіну. Памяць ярка малявала яму прыемныя з ёю забавы да позняе ночы і той апошні вечар, калі голас гадзінніка з зязюляй пачаў тую размову, што давяла яго да невыноснае роспачы. Гэтыя ўспаміны абудзілі ў яго сэрцы забытае каханне, і прыйшло жаданне абавязкова яе ўбачыць.

Ужо вырашыў быў ехаць да яе, але крыху задумаўся:

– О, не! – кажа. – Яна любіць багацце, а я цяпер багаты і ўладар яе пачуццяў; не буду зневажаць сябе сёння так, як некалі. Я пашлю ёй багаты прэзент, і яна сама адразу з’явіцца ў маім доме.

Сказаўшы гэта, паклікаў, гледзячы на полымя:

– Нікітрон!

Бярозавыя дровы стрэлілі, быццам з пісталета: вугельчык вылятае з печы, круціцца па падлозе, расце ўсё больш і больш, уздымаецца ўгору, ператвараецца ў чалавечую постаць, і вось стаіць перад ім вялізны мурын.

– Слухаю загад, – сказаў ён, гледзячы на Альберта вогненным позіркам.

– Не хачу бачыць цябе ў такім чорным і страшным абліччы, – сказаў Альберт. – Вярніся ў агонь і, выкупаўшыся ў белым полымі, з’явіся да мяне з белым тварам, з лагоднейшымі вачыма і ў пекным вобліку маладога чалавека.

Мурын, як клуб дыму, кінуўся ў печ; праз колькі хвілін адтуль вылецеў язык полымя, з якога ўмомант утварыўся юнак і, стоячы, чакаў загаду.

– Пакуль я напішу ліст да Мальвіны, ты павінен прынесці мне сюды дыяментавыя завушніцы, дыяментавыя бранзалеткі і ўбор на галаву з рубінаў і дыяментаў.

Дух, як бліскавіца, вылецеў у вакно, і яшчэ Альберт не дапісаў ліст, а ўжо ўсе тыя каштоўнасці ляжалі на стале і ля яго стаяў дух у абліччы юнака. Альберт, заклеіўшы ліст, загадаў аддаць яго Мальвіне разам з каштоўнасцямі; паслаў коні і карэту сваю, каб тэрмінова прыехала.

Самотны, шпацыраваў па пакоі; думаў, з якой радасцю яна прыме яго дарункі, з якім пачуццём прывітае яго пасля такога доўгага расстання; бо ведаў, што кабета, бачачы маладога чалавека шчаслівым, у багатым уборы, у пышных салонах, ставіць яго вышэй за іншых людзей; у гэты час ён Бог у яе вачах.

Мальвіна сядзела ў сваім пакоі з суседкаю, што прыйшла ў гэты вечар, і размаўляла з ёю пра розныя дзіўныя здарэнні. Нарэшце пачалі абгаворваць Альберта: адкуль здабыў ён такія вялікія грошы, бо пра гэта разыходзіліся розныя чуткі. Адны казалі, што ён недзе далёка ездзіў і выйграў мільёны ў карты, другія – што нібыта выкапаў багаты скарб з зямлі, трэція – што навучыўся недзе чарнакніжніцтву і стаў багаты, злыгаўшыся са злым духам. Але ўсё гэта былі толькі здагадкі.

Мальвіна расказвала сваёй сяброўцы, як раней Альберт часта наведваў яе, нязменна паўтараючы пра сваё шчырае каханне; успамінала і той апошні вечар, калі холадна даводзіла яму, што без грошай каханне стыне, а ён, разгневаны, імгненна выйшаў з пакоя і больш не вярнуўся.

У гэты момант яны пачулі, як нейкі шыкоўны экіпаж спыніўся ля ганка. Падхапіліся абедзве: бачаць – карэта, а ззаду яе – лёкай. З’яўляецца незнаёмы малады чалавек, аддае ліст і багатыя падарункі. Мальвіна глянула ў вочы пасланцу, і нейкая трывога нарадзілася ў яе сэрцы. Хацела сказаць яму колькі слоў, але не паспела і азірнуцца, – сталася нейкім чынам, што яго ўжо не было ў пакоі.

Яна здзіўлена глядзіць на бляск дарагіх дыяментаў; такога вялікага багацця і ў сне не бачыла ніколі; сарвала пячатку з ліста, глядзіць на Альбертаў подпіс; дрыжучы, дачытала ліст да канца і стаіць уражаная: не ведае, што рабіць.

– Альберт прыслаў мне прэзенты, – сказала яна сваёй сяброўцы. – Піша, каб я ў гэтай карэце тэрмінова прыехала да яго. Не ведаю, што мне рабіць.

– Без сумненняў трэба неадкладна ехаць.

– Ці ж не страчу яго павагі за такі смелы ўчынак?

– Ён не думаў пра гэта, пасылаючы да цябе коней і запрашаючы ў гэты самы вечар прыехаць.

– Як ён перамяніўся! Раней, калі наведваў мяне, дык кожнае слова яго лучылася з нейкай трывогаю, а цяпер такі саманадзейны!

– Прыслаў багатыя падарункі, – мае права быць саманадзейным. Аднак у вялікім свеце не лічыцца ганьбаю, калі хто добра пакарыстаецца багаццем якога пана.

– Дык я еду.

– І трэба спяшацца. Бо ад нецярплівасці зменіцца яго настрой, і сустрэне не добрым вокам.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Самая страшная книга 2016
Самая страшная книга 2016

ССК. Создай Свой Кошмар.Главная хоррор-антология России. Уникальный проект, в котором захватывающие дух истории отбирают не «всеведущие знатоки», а обычные читатели – разного пола, возраста, с разными вкусами и предпочтениями в жанре.ССК. Страх в Сердце Каждого.Смелый литературный эксперимент, которому рукоплещут видные зарубежные авторы, куда мечтают попасть сотни писателей, а ценители мистики и ужасов выдвигают эти книги на всевозможные жанровые премии («хоррор года» по версии журнала «Мир Фантастики», «лучшая антология» по версии портала Фантлаб, «выбор читателей» по версии портала Лайвлиб).ССК. Серия Страшных Книг.«Самая страшная книга 2016» открывает новый сезон: еще больше, еще лучше, еще страшнее!

Александр Александрович Матюхин , Евгений Абрамович , Илья Объедков , Максим Ахмадович Кабир , Михаил Евгеньевич Павлов

Ужасы