На гэты раз Бадзяй і Юрась пайшлі ў другое крыло калідора. Тут быў адміністрацыйны цэнтр. Неўзабаве шлях перарэзалі сталёвыя дзверы на ўсё шырыню калідора. Вартавы тут не стаяў, таму што адчыніць іх было, відаць, не так проста. Праважаты спыніўся, і адразу ў дзвярах запаліўся зялёны агеньчык. Нейкі час ён свяціўся, як вока, потым міргнуў раз-другі і згас. I адразу за дзвярыма пачулася тонкая песня электрычнага рэле. Дзверы папаўзлі ў сцены, адчыняючы ўваход. За імі таксама нікога не было.
— Аўтаматыка...— усміхнуўся Бадзяй.
А гаспадары рашылі не таіцца ад яго: відаць, яны ганарыліся сваім прытулкам. Калідор крута павярнуў управа. Бадзяй пачуў, як за імі пстрыкнуў замок. Яны апынуліся ў цемры. Потым процілеглая сцяна замігцела тысячай іскарак, якія паступова раслі, зліваючыся ў суцэльную светлавую гаму.
— Экран...— шапнуў Юрась.
Так, гэта быў экран. «Кіно, ці што, будуць паказваць»,— падумаў Бадзяй. Але памыліўся. Хутка на экране ўзніклі абрысы незнаёмага пейзажу — голыя ўзгоркі. Сярод чорных і шэрых скал пераліваліся шматкі зеленаватых аблокаў. Паступова там, за экранам, пачало святлець, і нарэшце паказаўся акрайчык сатурнавага колца. Раптам відовішча прапала. На экране зноў замігцелі іскрынкі.
— Назіральны пункт,— сказаў Бадзяй уголас.
Успыхнула святло.
— Вы не памыліліся, капітан.
Бадзяй павярнуў у бок, адкуль пачуўся голас. За пультам ля сцяны сядзеў камандор.
— Адсюль,— сказаў ён,— мы назіраем за паверхняй. А гэта,— паказаў ён рукой на пульт, на панелі якога віднеліся шматлікія цыферблаты, сігнальныя лямпачкі, кнопкі,— наш цэнтр кіравання ўсімі службамі калоніі. Канечне, кожны вузел мае аўтаномныя сістэмы. Але цэнтр усяго — тут.— Пераможна зірнуўшы на Бадзяя, камандор сказаў: — Я вас не затрымліваю, знаёмцеся далей.
— 3 задавальненнем,— адказаў Бадзяй і пайшоў да дзвярэй, якія адчыніліся адразу, ледзь ён наблізіўся да іх.
Некалькі пераходаў, і Бадзяй з Юрасём апынуліся на невялікай шасцівугольнай плошчы. Тут скрыжоўваліся выхады з тунеляў.
Уздоўж сцен стаялі лаўкі. Зірнуўшы на стомленага хлопчыка, Бадзяй паказаў на іх. Юрась адкінуўся на спінку лаўкі, закрыў вочы. У паветры не хапала кіслароду, дыхаць было цяжка. I Бадзяй зноў пашкадаваў, што ўзяў Юрася. Забыўшыся, што праважаты не разумее, ён спытаў:
— Дзяцей вы трымаеце таксама на галодным пайку?
— Вы дрэнна пра нас думаеце, капітан,— раптам пачуў Бадзяй з чорнай скрыначкі, якую працягнуў яму праважаты. Бадзяй насцеражыўся — яму зусім не патрэбен быў гэты радыёкантакт з камандорам. Добра, што яны з Юрасём нічога лішняга не сказалі.
Адпачыўшы, пайшлі далей. Праважаты не пярэчыў, і Бадзяй паварочваў у любы ход. Праўда, цікавага тут было мала. Толькі ля аднаго ўваходу Бадзяй заўважыў аж трох вартавых. Ён хацеў быў ужо накіравацца туды, але раздумаў, прайшоў міма і раптам пачуў, што Юрась цягне яго за руку. Ён нахіліўся. Юрась прыпаў да яго вуха і шапнуў:
— Там выхад. Нас тут вялі.
Ледзь дабраўшыся да ложка, Юрась адразу заснуў. А Бадзяй увесь час, пакуль хлопчык спаў, не ўставаў з крэсла. Ён думаў, як і чым памагчы Чаўру знайсці іх.
Тым часам эфір на паверхні ажыў зноў. Відаць, удзельнікі пошукаў нарэшце ўстанавілі дакладна, дзе знаходзіцца сховішча, і падышлі да яго.
— Аднак яны раскошна ўладкаваліся! — Бадзяй пазнаў голас Шарлана.— Вунь які лабірынт выкапалі! Краты!
— Кусучыя краты,— гэта ўжо гаварыў Чаўр.
— Мы павінны знайсці ўваход,— зноў сказаў Шарлан.
— Ты памятаеш Анды? — спытаў Чаўр.— Не думаю, каб яны вынайшлі што іншае. Агледзь пячоры.
— Вам гэта нічога не дасць.— Бадзяй уздрыгнуў ад нечаканасці. Ён забыўся, што за перагаворамі шукальнікаў можа сачыць і камандор. I зараз ён уключыўся ў размову.
— А-а...— Чаўр адразу зразумеў, чыя гэта рэпліка, і шчыра здзівіўся: — Вы, што, збіраецеся супраціўляцца?
— Мы вас не звалі сюды,— адказаў Хуан.— Гэта наша планета...
— I захапілі зямны карабель...— перабіў яго Чаўр.
— Што? — у голасе камандора прагучала такое натуральнае здзіўленне, што Бадзяй ледзьве сам яму не паверыў.— Вы, мабыць, жартуеце?
— Слухайце вы, як вас там! — Чаўр ледзь стрымліваў сябе.— Не тлуміце нам галавы, адкрывайце сваё сховішча. Інакш...
— Вы адкрыеце самі,— закончыў за яго камандор, не тоячы іроніі.— Мы ж загінем. Але перш, чым гэта здарыцца, я пашлю на Зямлю радыёграму. Мы жылі тут ціха і мірна, а вы ўварваліся, як драпежнікі, і яшчэ пагражаеце нам.
— Даю вам тры гадзіны. Але тады я ўжо не адказваю за ваш лёс.
Эфір змоўк.
Бадзяй пасядзеў яшчэ некалькі хвілін. План выспеў у яго галаве. Ён толькі не быў упэўнены, што яго ўдасца ажыццявіць. Але паспрабаваць трэба было. Камандор Хуан мог, ратуючы сябе, знішчыць усіх палонных.
Вартавы прынёс міскі з ежай. Ён быў, як звычайна, раўнадушны, вялаваты. Бадзяй здагадаўся, што камандор не праінфармаваў сваіх служак аб падзеях на паверхні. Яны выканаюць яго любы загад. Марудзіць было нельга.
— Перавядзіце малога ў больш людскае месца,— паказаў ён на Юрася, калі яны пад’елі.
У чорнай скрыначцы, якую вартавы паклаў на стол, прасіпела:
— Капітан, мы ж з вамі дамовіліся. Зараз па яго прыйдуць. А вас прашу да мяне, не марудзячы.