Бадзяй прачнуўся ад цішыні. Было ціха, як на планеталёце, які захоўвае нармальную сілу цяжару. Што здарылася? Звычайны перапынак або?.. Бадзяю падумалася, што, можа, усё гэта неяк эвязана э пошукамі «Талнаха». Некалі падводныя лодкі выключалі рухавікі і клаліся на грунт, каб ніводным гукам не выдаць сябе. А хіба прыборы на паверхні Мімаса не заўважаць ваганні, якія ідуць ад магутных установак, што стаяць у сутарэннях? Гэта было б здорава, каб Чаўр са сваімі хлопцамі з’явіўся сюды! Бадзяй успамінаў тэкст паведамлення, падпісаны Чаўрам, і не мог пагадзіцца, што Чаўр здаўся так хутка. Ён верыў, што Чаўр будзе шукаць.
Варухнуўся Юрась, спытаў:
— Вы не спіцё?
— Не зважай на мяне,— адказаў Бадзяй.— Бачыш, святла няма, так што пераварочвайся на другі бок і спі.
— Зараз,— пазяхнуў Юрась і намацаў бадзяеву далонь.— Пакладзіце ў вуха.
Бадзяй сціснуў пальцы, каб не выпала часам ракавінка, пагладзіў хлопчыка па галаве і ўставіў гарошынку ў вушную ракавіну.
Эфір маўчаў, не было чуваць нават звычайных шумоў. Бадзяй падумаў, што Юрась нешта недарабіў, і незаўважна задрамаў. Ён быццам апынуўся на Гарыстай планеце жоўтага Сонца. Яе горы, якія выпіралі нават пасярод акіянаў, былі пакрыты густымі зялёнымі лясамі. Планета перажывала сваю першую маладосць. На ёй яшчэ не з’явіліся палярныя снегавыя шапкі, усюды было аднолькава цёпла, і жыццё, нібы ловячы імгненне, расцвітала бурна, нястрымна. Яно прымала самыя неверагодныя формы. Напэўна, у свой час так было і на Зямлі. Побач з карлікавымі дрэвамі раслі паўкіламетровыя волаты, у ствале якіх можна было б схаваць вышынны дом. Лёталі агромністыя двуххвостыя птушкі, вельмі падобныя на катамараны. Тут можна было натрапіць на расліну, якая раптам пачынала паўзці, або на куст, што на справе быў жывёлінай.
Усюдыход-амфібія даставіў Бадзяя і Чаўра на гару-востраў, які адзінока ўзвышаўся сярод вадзяной пустыні. Як ні дзіўна, у тутэйшых морах жыцця было мала. Быццам дачакаўшыся нарэшце часу, усё жывое рушыла прэч з вады. Нават на астравах было амаль пустынна.
Бадзяй ужо не помніць, што ім спатрэбілася на тым востраве. Чаўр застаўся ва ўсюдыходзе, а Бадзяй выйшаў на бераг. Ён ішоў, прабіраючыся праз густыя кусты, якія раслі толькі каля вады, і любаваўся яркай сінявой бязвоблачнага неба.
Атмасфера на планеце была, увогуле, прыдатнай для чалавека, але ўсё-такі чужая, і Бадзяй быў апрануты ў лёгкі ахоўны касцюм. Гермашлем замінаў бачыць усё наўкола, і, напэўна, таму Бадзяй не згледзеў, як ззаду, з куста, высунулася доўгая, эластычная і ўчэпістая, як шчупальцы кальмара, рука, ухапіла яго, і ён, паспеўшы толькі войкнуць, апынуўся ў цемнаце. Прывыклыя да яркага светлага дня, вочы не хутка разгледзелі, што гэта — пячора. Яго круціла, ламала магутная сіла, ён супраціўляўся, як мог, і клікаў Чаўра, раптам здзівіўшыся, што шлемафон маўчыць. Але што гэта? Вось што значыць сон! Столькі гадоў прайшло, Бадзяй добра памятае, што шлемафон так і не ажыў, бо Чаўр спачатку забіў страшыдла, а потым паправіў сапсаваную антэну. А ў сне ўсё наадварот: страшыдла трымае яго ў сваіх руках, цісне на сэрца, нібы хоча вырваць з грудзей, і ён чуе недзе побач голас Чаўра. Але каму ён гэта гаворыць? Адкуль узяўся памочнік Шарлан: «Абследуй выяўленыя пустоты»?
Бадзяй сеў. Успыхнула святло. Яно ўключалася аўтаматычна, варта было ўстаць з ложка. Вельмі балела сэрца. Мусіць, праз гэта і прысніўся такі сон. Бадзяй уздыхнуў і зірнуў на Юрася. Хлопчык пацмокваў пухлымі губамі. Бадзяй азірнуўся, шукаючы, дзе б памыцца і... У пакоі выразна прагучала: «Пачнем з квадрата А-4». Гэта зноў было, як працяг сну, бо голас належаў Чаўру. «Вар’яцею я, ці што?» — мільганула ў Бадзяя ў галаве. «Там могуць быць людзі». Бадзяй у знямозе сеў на ложак, хацеў закрыць далонямі вушы, каб не чуць нічога, і раптам палец натыкнуўся на нешта чужое, што чамусьці сядзела ў вуху. I тады ўспомніў: гэта Юрасёў прыёмнік, ён ловіць чаўравы перагаворы. Выратавальнікі не ведаюць, дзе шукаць. Як даць аб сабе знаць? Як памагчы ім? Калі Чаўр тут, ён абавязкова знойдзе гэтае сховішча, як бы глыбока яно ні знаходзілася. Тэхнічна гэта не надта складаная справа. Выяўляць пустоты ў зямной кары людзі ўмелі яшчэ ў дваццатым веку.
Аднак ці ўдасца Чаўру і яго хлопцам пранікнуць сюды без згоды гаспадароў. Бо інакш — разгерметызацыя памяшканняў і імгненная смерць для ўсяго жывога... Значыць, Чаўру трэба памагчы. Бадзяй устаў. Ён яшчэ не бачыў, як гэта зрабіць, але ведаў, што павінен зрабіць.
Увайшоў вартаўнік. Ён паводзіў сябе, як і ўчора. Схіліўшыся ў паклоне, падаў снеданне. Бадзяй падумаў, што камандор і яго паплечнікі хочуць адседзецца, затаіўшыся. Тым лепш, што яны нічога не робяць.
Бадзяй, пабудзіўшы Юрася, пастукаў у дзверы.
— Хочам пагуляць,— сказаў Бадзяй.
Вартаўнік схіліўся і моўчкі выйшаў.
— От дзікуны! — абураўся Юрась.— Нават людское мовы не ведаюць!
Аднак неўзабаве з’явіўся ўчарашні праважаты. Відаць, Хуан яшчэ спадзяваўся на Бадзяя.