Мне здавалася, што такія ўжо ў нас страляць ня здольныя. Даўгі час перашэптваліся канваіры ля вогнішчаў (для іх былі вогнішчы), паглядаючы ў мой бок пасьля таго страшнага суда над нашымі хлопцамі. Канваіравалі, відавочна, іх бедных і многае ведалі.
А час поўз. Дні былі страшна даўгія й цяжкія, але годы праляталі хутка. Кожны дзень цяжкія работы, прогаладзь і дакучлівыя маразы. Часам так зьмерзьнеш, што здаецца табе — ты ледзяная сасулька. Жаночы гладкі твар робіцца ад інсю хлюпаты, быццам шэрсьць нарасла на ім. Плачам тады, як перад скананьнем, саграваемся сьлязьмі. Калі трэба выйсьці, дык часта канвой загадвае рабіць гэта пры ім. Мёрзлыя рукі ня здолеюць расшпіліць ватніх нагавіцаў, а зашпіліць іх тым болып… Адна адной памагаем, ратуем сябе, і рукі нашыя робяцца як нежывыя калоды. Гэта калі халадно. Паўночным кароткім летам зноў вытарфоўка, карчоўка пнёў ці гоняць нас на рэчку Інту, гдзе баграмі выцягаем сплаўлены лес, альбо заганяюць нас у ваду, і так мы часамі па шыі ў ледзяной вадзе папіхаем наперад нагрувашчаны лес, кіламэтрамі йдучы па вадзе. Тады ў нас адна толькі думка, вось: гнаць бы так гэтай рэчкаю клятага «айца» тае савецкай Расеі й страляць гарохам яму ў патыліцу і так, пакуль здох бы. Няволя, і калі падумаеш, што так мучыцца сорак мільёнаў людзей (так мне казалі кампэтэнтныя: 40–45), то здаецца, сьвет ня той. Як жа могуць жыць спакойна тыя культурныя людзі ў высокацывілізаваных краінах, як жа могуць яны спаць і есьці, калі голас столькіх мільёнаў людзей моўкне ў бясконцых прасторах краю, які ня мае права на існаваньне, бо ніколі ня ведаў людзкасьці ў адносінах да людзей, толькі мучэньні й нагайкі, якія цяпер замяніў аўтамат, які стаўся сымбалем гэтай сыстэмы. 45 мільёнаў маладых найлепшых людзей, мозг і сумленьне гэтага краю, яго сіла. Калі ўзяць усю колькасьць насельніцтва СССР і адкінуць якіх 100 мільёнаў усякіх нацменаў, якія лагероў, як правіла, не засялялі, то знача, што гэта з Украіны, з Беларусі, з Прыбалтыкі й самой Расеі столькі найлепшых сілаў. А што засталося? У лагерох армія, вышкаленая прытым, і камандны састаў, але ўсё маўчыць, ніхто яе не падымае, яна чэзьне, раскладаецца, гібне й ратуецца тым, што, як некалі, падае на жывот перад Джынгісханам і безапеляцыйна прымае ўсе яго несуразнасьці. Няма сьвятасьцяў, быць адно — суцэльная хлусьня, і ў гэтым трэба трэніравацца, хто гэта можа. Шмат што тут нагадвае змрочныя часы й парадкі Джынгісхана. Тут прызнаюць толькі рамесьленьнікаў, лекараў, тых, хто можа працаваць на гэты «гэршэндэ фольк»[116]
, як казалі немцы. Іншыя могуць гінуць. Важны той, хто з 30-га года (былі 50-я гады), яго яшчэ хваляць, даюць болыпую пайку, пакуль глуміць кіркой мерзлату, а калі заняможа — на звалку. Страх з думкі: сьляпая паслухмянасьць сьляпой тыраніі, а не, дык голаў далоў.Божа мой, Ты з дзяцінства ўліў у маю душу літасьць, праўду і пачуцьце справядлівасьці, даў сумленьне й розум, як жа я, чалавек, які ведае законы чалавечыя й Божыя, магу згадзіцца з джынгісханамі пасьля Масарыка, Абрагама Лінкальна, Талстога, Рабіндраната Тагора? Не, не, я чалавек, гдзе б мяне ні закінулі, і ў гэтым мне памажы, Божа! Я прыпадала душой да ўкраінскае стыхіі простых дзяўчат і жанчын, якіх адарвалі жыўцом ад зямлі і іх сем'яў. Яны былі шчырыя, стойкія, чыстыя, як вада карпацкіх крыніцаў, і гэтым непаканана сільныя. Яны не стараліся зразумець, разгадаць, гаварыць з ворагам, яны яго раз пазналі й раз назаўсёды адкінулі як нешта супрацьжыцьцёвае, агіднае й згубнае для жыцьця й людзкасьці. Сьмяяцца з такога не было ахвоты, згадзіцца з гэткім — ніколі. Іначай захоўваліся тыя болей інтэлігентныя ўкраінкі. I яны пераважна былі стойкія, але ізаляваліся ад свае масы, лічылі сябе лепшым элемэнтам тады, калі было гэта наадварот. Мяне любілі адныя й другія, ды ўрэшце мяне, здаецца, любілі ўсе, калі ўжо не на вонак, то ў сэрцы, і я гэта адчувала! Нават тыя, якія губілі мяне й на мяне даносілі, а іх было болей, як можна было падумаць. Даносіць на мяне цяжка, я й сама скажу тое, што думаю, кожнаму ў вочы, а слова сапраўды жывая рэч! Прыклад дзейнічае яшчэ болей. У лагеры кожны адкрываецца, само жыцьце паказвае нутро чалавека, тут чалавек — адкрытая кніжка, адзін другога ведае наскрозь. А людзі бсьць людзі, яны, як расьліны, цягнуцца да сонейка, да лепшага, да праўды. Вякі хрысьціянства стварылі душу людзям, і яна прагае сьвету й адкідае ўсю агіду сярэднявечча, з якім усе амаль сустрэліся ў час допытаў, ну й цяпер. Прад намі гады мукаў, ніякага спадзяваньня на збаўленьне, а людзі ўсе ж хочуць застацца людзьмі.