Мае нэрвы напружаныя, мне не даюць спакою. Бывае, ноччу прыходзіць якіх шэсьць надзоркаў са знамянітым азьвярэлым Прасьветавым. Сьпімо, мяне ж сьцягваюць з нараў, Прасьветаў залазіць з нагамі на мой убогі сяньнік бяз простыні й пачынае трасьці й вытрасаць усю маю лахманную маёмасьць. Выкідае нават стружкі з падушкі, на якой сплю гады, бы мярцьвяк. Забіраюць мне звычайна кожны кусочак паперы, агрызачак алавіка. Вядуць мяне ў БУР. Там гаспадарыць адзіны людзкі чалавек, нейкі Кабылін. Ён не прымае мяне, без віны, без загаду опера. Мяне водзяць так амаль да раніцы. Вяртаюся, уся дрыжу, але дзяжурыць украінка ў бараку, з ёю сядзіць нейкая другая. У іх поўныя вочы жалю, боль выпісаны на чыстых абліччах: «Выдэржыць, пані Ларысочко, просімо выдэржыць…» Мне лепей, людзкія словы часам так неабходныя. Да раніцы ўсё ж калоціць мяне, раніцай на работу. Аб працэсе далей не гавораць, часам шэпчуць. Жэня Врублеўская расказвае, як яе выклікалі. Пыталіся, што я пісала, што пасылала на 1-шы ОЛП? Яна сказала, што хустачкі, торбачкі, любоўныя запіскі й болей нічога. Яе цягаюць, яна ўсё цьвердзіць тое самае, бо й што ж інакшага магла сказаць? Які ж быў разумны Сямён… За «любоў» ня судзяць… Яна рарсазвала, як аднойчы на ДОКу зайшла ў нейкую мужчынскую сушылку (яна была медсястра на аб'екце), там ляжаў той Паўлаў. Ён пачаў расказваць ёй аб патрэбе змаганьня, аб тым, што ніхто ня будзе нас ратаваць, трэба ратавацца самім і г.д. Жэня казала, што спалохалася гэтай гутаркі й адразу расказала аб ёй нейкаму сваяму знаёмаму на ДОКу, ня ведаючы, што 6н быў стукач. Стукач там і нейкі Міхаіл Барысавіч, лагерны прыдурак. Стукалі, відно, і розныя Шапавалы, бо хто ж аддаў чакістам усе мае вершы, аб якіх ведалі толькі беларусы. Усюды здрада за пайку, за работу ў зоне, за баланду.
Палякі не маглі згадзіцца з правам беларусоў на беларускія землі, яны нішчылі нас усюды, і ў лагерох. Як мячык, перакідалі нашыя землі між сабою палякі й расейцы. Усе яны раскошна жылі з нас. Для нас з іх ня жыў ніводзін, за выняткам, можа, Федароўскага. Народ давялі да неймавернае нішчаты, прынізілі да апошняе гібелі. «Грамаду» нішчылі адныя й другія, планава й па дагаворанасьці, усіх дзеячоў. Сьціналі й сьціналі[120]
, як голавы, нарастаючую інтэлігенцыю народу. Ахвяры клаліся моўчкі, ніхто не крычаў і не пратэставаў за нас, нават за жудасны 37-мы год, за ўсіх нашых пісьменьнікаў, за Бярозу Картузскую. Ішлі біцца за Польшчу, за свае путы… Наступаў Гітлер, быў жудасны, але ці ж меней жудасным быў для нас Сталін? Гітлеравых ахвяраў яшчэ ня ведалі, а сталінскія перавышалі ўсякія ўявы аб самавольнай, легальнай праступнасьці. Між кім выбіраць, калі абодвыя нелюдзі. Казалі, калі ў Беласток прыйшлі немцы пасьля саветаў, дык палякі выйшлі іх спатыкаць з кветкамі, адзін немец, які ўмеў па-польску, і кажа ім: «Не ойцец пошэдл, не матка пшышла…» Быў праў. Заставалася выжыць, ашчаджаць народ фізычна, ня даць бяздольных і няшчасных на загубу.Божа, дай жа мне сілы, каб хоць слова змагчы сказаць ім сваё, чыстае, праўдзівае, адпаведнае нашаму гору… Як абысьці гітлерызм і ўсб ж гаварыць? Гаварыць так, як наказвае сэрца. Стрымоўваю боль, каб ня мсьціцца, на гэта ня час. Маяго бацьку зьнішчылі саветы, вывезьлі ўсю маю сям'ю. Пасьля даведваюся, што ўсе мае тры браты на фронце. Божа мой, якая ж іронія. Як жа дарам пальецца нашая кроў. Нас проста аберуч вынішчаць. Спачатку брат Расьціслаў памагае партызанам, бо шкадуе сваіх людзей. Яны яго слухаюць, і ен ім радзіць, каб хоць захаваць свае сёлы. А ці сёлы яго захавалі, ці ўспомнілі? Пасьля кінулі ў яго каменем, як і ў сваю родную мову, у свае правы, у цьвярозы розум. Выйгралі не героі, а хітрыя, тыя, якія ўмелі пляваць на сваё й лізаць пяты фюрэру, які выйграў. Нават аддалі карэнную сваю Беласточчыну, падзялілі наш адзіны скарб — Белавескую пушчу, разам з жывымі братамі разарвалі яе на палову. Гэта за партызаншчыну? Што вы думалі, партызаны? Ці вы наагул ня ўмелі думаць? Героі думаюць аб народзе й аб дзяржаве, халуі толькі аб собскай выгадзе. Я не сустрэла сваіх землякоў, якія б любілі клятага Гітлера, такіх не было. Такіх ніхто ня бачыў! Дурняў, якіх паліцаяў толькі, яны, гады, выкарыстоўвалі для сваіх брудных спраў. Можа, ідучы яны й ня ведалі, як жа іх выкарыстаюць, як іх унізяць бязмозглыя нацы. Якая трагэдыя! Сталін — Гітлер: і адно, і другое нечалавечнае, і ніякае трэцяй магчымасьці для народу…
Нічога не было для мяне немагчымага ў жыцьці. Я ўмела выйсьці з любой бяды, бо кожнаму змагла лагічна даказаць сваю праўду. Я не магла ратавацца толькі ад саветаў, бо тут была адна толькі магчымасьць: прадаць сумленьне, чорнае назваць белым, адрачыся ад Хрыста і ўпасьці на твар перад Сталіным. Не, не, не!!! Даруй, малы пакінуты юнак, даруй, мой сын… Хачу, каб некалі ты зразумеў мяне, каб дараваў свае мучэньні. Не было ў мяне выбару, сын, — Бацькаўшчына і яе інтарэсы важней за цябе, за мяне, за нашага тату…