Читаем Споведзь полностью

Далёка засталося тое, што называецца жыцьцём, а яно такое простае: голас сына, муж прыходзіць з працы, супольныя абеды, дружныя вечары. Радыё й мяккае крэсла, ложак выгодны, цішыня, цеплыня, кніжка. Шчыміць сэрца, калі гэта ўспамінаеш, проста спыняецца сэрца, і ўвесь арганізм бы ахапляе параліч, калі пачнеш думаць пра сына. Сьніцца вялікая камера, вязьні, вязьні, а пасярод іх мой сын, ужо юнак, бледны, танклявы. Падыходзіць да вязьняў і кажа: «Я вам дам проса, а вы мне кусочак сала…» Што за сон? У кожным лагеры ёсьць такія свае аракулы, старыя мудрыя бабкі, якія разгадваюць сны. Зьвярнулася і я да такое. Глянула яна на мяне сумна й кджа: «Недзе пасадзілі вашага сына, незьляцілага хлопца, і ён просіць есьці ў людзей, проса — гэта знача прасіць». Гэта аказалася праўдай, аб якой я даведалася пасьля.

Я хворая, брыгада нашая адыходзіць на аб'ект, а мяне пакідаюць у бараку. Днявальныя шаруюць швабрамі драўляныя дошкі падлогі, паляць у печках, на якія строга па норме выдаецца вугаль нават тут, гдзе ён дабываецца. Я заснула й з крыкам схапілася з нараў, крычу, шукаю сваяго сына, які, здаецца, быў толькі што тут, яшчэ чую на плячы дотык ягонай рукі й словы: «Уставай, мамачка, панясем з табою на Новы год ёлачку на магілкі…» Божа мой, што ж гэта? Мяне ўсю калоціць, у дзьверы ўрываецца стадо надзорак, пачынаецца шмон. Усе пасьцелі на нарах ператрэсеныя й раськіданыя, шчупаюць мяне. Натрэніраваныя рукі абмацваюць зашыты ў целагрэйку сьвяты абразок, аблічча Божае Маці. Яго мне некалі вышылі на ганучцы ўкраінкі ў Львове. Як жаль. Ёсьць яшчэ адзін, але гэтага жаль асабліва, там вышыты тры літары: БББ (Божа, барані Беларусь).

Сяньня куцьця, вяртаюцца брыгады, некаму ўдалося пранесьці пад бушлатам малую ялінку. Божа мой, Сьвяты Вечар… «Пані Ларысочко, зробымо Святый Вэчэр». Мне ўсё яшчэ ў вачох сын, як добра, што можна яшчэ некаму памагчы ў нечым, асабліва сяньня… Дзяўчаткі даўно ўжо зьбіралі камсу, не зьядалі кусочкаў рыбы. Недзе ў сушылцы ці ў качагарцы зварылі куцьці й кампоту. У некага кансэрва, у некага з пасылкі яблык ці жменя гарэхаў. Вечар, стаіць ялінка на адзіным стале. Правізарычныя сталы зроблены з нараў, накрытыя такія ж лавы. Ёсьць і кусочак прасьвіркі ў некага, у некага аплатак. Ежа на стале, мы ўсе па-сьвяточнаму. Раней умудрыліся дастаць якія драбніцы са сваіх мяшкоў, што перахоўваюцца ў капцёрцы. Чалавек, можа, сорак, такія ўсе сьцішаныя, па-хрысьціянску ўрачыстыя. Я ў белай блюзцы на першым месцы, мне належыць ад сэрца сяньня ўсіх прывітаць. Молімся супольна. Я ўстаю. Цішыня… Не змагла б паўтарыць таго сяньня, што мне тады дыктавала доля нашая горкая й змагарная, любоў да сваіх сем'яў і земляў, туга па іх і тая сіла, якая загадвае нам ня здацца, а перамагчы! У вачох мне сын. Калі прыходзяць надзоркі, у нас ужо ўсе схавана, толькі ў сэрцах сьвятло, і доўга яшчэ пасьля іх адыходу не сьціхаюць калядкі.

Новы год надыходзіць, да мяне адносяцца ўсе нейк дзіўна, мінаюць, маўчаць. Увесь лагер… Божа, што сталася? Элка кліча мяне ў кіно, купляе білет. Ня памятаю, што паказвалі. Яна нахіляецца да мяне й просіць, каб я не закрычала, кажа даць слова. Даю. Тады яна кажа мне, што ёсьць тэлеграма аб сьмерці мужавага таты. Мне дадуць яе пасьля Новага года, прыдуркі нават шкадуюць… Нейк так, як з тым судом над маімі сябрамі. Я ледзянею, але не крычу. Яна просіць мяне, каб трымацца, бо магу сказаць тут з бяды нешта, чаго сказаць нельга. На гэта разьлічваюць, і стукачы ўжо нагатове. У бараку я енчу, гавару тое, што сказаў бы кожны людзкі чалавек на маім месцы! З-за іх, гэта з-за іх гінем мы па аднаму, забытыя, хворыя. Элка ў паніцы, а мне на ўсе, чым палохаюць мяне, — напляваць! Знача, ёлачка на могілкі на Новы год… Сьпі спакойна, дарагі мужаў тата, які быў татам і для мяне, вечны пакой табе, даражэнькі замучаны, запалоханы, адзінокі й абакрадзены нават па сьмерці.

Хлопцы ўжо зараблялі, і нехта з іх пераслаў мне крыху грошай. О, якая я чулася багатая! Я купіла ад некага акуляры, бо іначай ужо не магла чытаць і заказала манашанькам у лагеры паніхіду па тату. Ім не плацілася, але звычайна куплялася ў лагернай краме крыху цукеркаў, якіх сухарыкаў, калі былі, і пасьля, па ўсіх правілах адпраўленай паніхіды, частавалася прысутных на ей людзей.

Я крыху забегла наперад, гэта ўжо, мусяць, было па сьмерці Сталіна ці цесна перад тэтым. Як жа мы былі галодныя! Як жа хацелася бульбы, звычайнай паранай бульбы, якою на Беларусі кормяць сьвіней. Калі нашую брыгаду бралі ў «овощехранилище», гдзе былі прадукты для начальства, дык мы на іх накідаліся. «Пані Ларысочко, а можна нам красты?» — пыталіся дарагія ўкраінкі. «Колькі ўлезе, — казала я, — можна нам браць усё з ежы й лахманоў, каб не замерзьці, гэта ніякі грэх, нам яны адабралі ўсё». Часам прысылалі цыбулю з Горкага, і мы на яе накідаліся, елі яе, як яблыкі, грызьлі й не адчувалі, што яна горкая, — так смакавала. Часам была морква, а часам капуста, якую мы зьядалі галоўкамі, і нас здувала.

Перейти на страницу:

Похожие книги

100 великих казаков
100 великих казаков

Книга военного историка и писателя А. В. Шишова повествует о жизни и деяниях ста великих казаков, наиболее выдающихся представителей казачества за всю историю нашего Отечества — от легендарного Ильи Муромца до писателя Михаила Шолохова. Казачество — уникальное военно-служилое сословие, внёсшее огромный вклад в становление Московской Руси и Российской империи. Это сообщество вольных людей, создававшееся столетиями, выдвинуло из своей среды прославленных землепроходцев и военачальников, бунтарей и иерархов православной церкви, исследователей и писателей. Впечатляет даже перечень казачьих войск и формирований: донское и запорожское, яицкое (уральское) и терское, украинское реестровое и кавказское линейное, волжское и астраханское, черноморское и бугское, оренбургское и кубанское, сибирское и якутское, забайкальское и амурское, семиреченское и уссурийское…

Алексей Васильевич Шишов

Биографии и Мемуары / Энциклопедии / Документальное / Словари и Энциклопедии