I так толькі ўдумацца ў становішча сваяго народу: выбітыя ці расьцярушаныя па Нямеччыне з польска-нямецкай вайны, вынішчаныя страшліва немцамі ў краі, так жа на савецкім фронце, спаласованыя ў 37-м годзе, выгубленыя ў штрафных батальёнах, вывезеныя як кулакі двойчы, тысячы асуджаных пасьля вайны ў незлічоных лагерох, тыя, што адразу паўцякалі ў Польшчу, тыя, што выехалі туды па дагавору ўжо ў мірны час, і тыя ўсе, што засялілі цаліну, Казахстан, Данбас і інш. Адарваныя разам з беларускаю адвечнаю Вільняй, жыўцом узяты беларускі элемэнт, адданы латышом Дзьвінск і з ім да ста тысяч беларусаў, не гаворачы ўжо аб Смаленшчыне. Пусты край, у які сілком сунуць чужы элемэнт, безумоўна, не на фізычную працу. Зьняважаныя й безгалосыя без пратэсту прымаюць чужую мову, не свае парадкі. Зноў жывуць з нас, як яшчэ ніколі. Гінем. Яшчэ адно нашае гора — каталікі. Людзі, якія слова ня ўмеюць па-польску, якіх спрадвечнай моваю была беларуская, — сталі палякамі. Ксяндзы йшлі да нас ня толькі з Богам і з крыжам, ішлі, як калянізатары, дзяліць і няволіць народ, адбіраць яму сьведамасьць яго нацыянальную, яго мову.
Бедныя, цёмныя мае браты, кожны з іх на загад тых, якім прадаўся ахвотна, павёў бы мяне на эшафот. Я ня сплю начамі й думаю, што калі выжывем і далічымся якога мінімуму землякоў, дык знача, станецца цуд! Родзіцца нас вельмі мала. Крывавыя рукі савецкіх гінеколагаў патрашаць без перарыву бедных жанчын. Такая сыстэма, што дзяцей гадаваць нельга многа, дый няма гдзе, дый няма як. Маці на дзяржаўнай працы, і маленькім належыць замоўкнуць… Працуючы сястрой-гаспадыняй больніцы, з жахам я глядзела на трупікі ў сьметніку, у рэчцы Зальвянцы. Калі чысьцілі ўборную, дык іхнія галоўкі затыкалі шланг і трэба было яго дадаткова чысьціць… О мае ненароджаныя Купалы, можа, Багдановічы, а можа, і Кастусі… Засталіся зубры ў Белавежы, якіх, праўда, па-расейску гутарыць не навучаць, яны ня людзі.
Нейк зайшла да нас аднойчы настаўніца з Ваўкавыску, не хачу яе называць. Яе муж беларус, і мне жаль яго. Пераконвала мяне жыць, зьвяртацца да начальства, плюнуць на сваіх землякоў, з якімі можна рабіць рознае, яны як ня людзі, і г.д. Я ёй сказала, што я не пацьверджу на сваім прыкладзе яе тэорыі, няхай аб гэтым ведае. Чалавек яна, паводле яе слоў, які многа можа, зьвязаны так ці іначай з хэўрай усякага начальства, ад вобласьці пачынаючы, і ўсе яны ня нашыя, і ўсе яны адно. Дык пытаюся: «Ну, калі мы ўжо такія па-вашаму нікчэмныя, пасыўныя, дык скажэце, а нам дазволілі б мець, напрыклад у Ваўкавыску, свае школы?» — «Это я могу сказать — никогда!» Яна абяцала нас адведаць са сваім мужам. Давялося прасіць яе сваякоў, каб не паказваліся лепш мне на вочы. Ня маем права пагнаць к чорту нават усіх марадзёраў і ўласаўцаў, якія аселі тут як «пануючая нацыя», увайшлі ў ролю «культуртрэгэраў». Такіх з грашкамі як жа выкарыстоўваюць да брудных розных спраў, да дэнацыяналізацыі. Яны як піяўкі на целе народу, і ім усе прывілегіі ад зямлі пад бульбу, сена для кароў, кватэр і т. п. пачынаючы. Гэта ў малым мястэчку, а што ў гарадох? Ёсьць, праўда, Акадэмія навук у нас, але на ўсю Беларусь, як яна шырокая й даўгая, няма ніводных дзіцячых ясьляў на нашай мове… Ёсьць школы з ангельскай, з французскай мовамі выкладаньня, але на ўсю сталіцу Менск няма ніводнай школы з беларускай мовай выкладаньня… Няўжо нам прыйдзецца загінуць? Як жа жаль мне маяго Народу, куды ж ужо адступаць? О Божа, Якому маліцца не даюць нам нават на роднай мове. О Рым, якога ксяндзы ня йдуць да нас з салодкім і вечна мудрым словам Божым і любоўю, а з палітыкай, з дэнацыяналізацыяй тых, якія так намагаюцца, так хочуць выжыць як народ, як лепшыя людзі…
Я адарвалася ад лагеру. Пра яго мне так ня хочацца пісаць, так цяжка вяртацца думкамі ў тое пекла. Божа, які ў найболыпай безнадзеі забраў крывавага Сталіна, зьлітуйся над народам, якога зямля прасякла сьлязьмі й крывёю яго замучаных сыноў. Гэта дом наш, гэта зямля продкаў нашых, і мы тут пратрывалі вякі. Сочаць і рыскаюць за намі, якія думаем аб народзе, і нож накіраваны ў нашыя сэрцы…
А ў лагеры міналі гады. Найчасьцей вытарфоўка. «Вот надо строить, — казалі часам канваіры, — сюда еще привезем и англичан, и американцев, для них и строим…» Апэтыт нязгоршы. А тым часам архіепіскап Кантэбэрыйскі[121]
шукаў паразуменьня свае веры з камунізмам і сваіх мысьляў з думкамі Сталіна й яму падобных. Чыталі мы аб гэтым у газэце Комі АССР нейкай там «Северной», мусіць, праўдзе. Ах, сэр з Кантэбэры, казалі мы, каб гэта цябе папаганяць тут крыху на нашым месцы, то ведаў бы ты, неразумны дзядок, з кім табе гутарыць, і да каго зьвяртацца, і чаго дамагацца для людзкасьці на тваім адказным становішчы. Не працягвай рукі тым, якім яе не падала б мудрая жыцьцёвай практыкай, простая ўкраінская жанчына. Падобнае не для дэбатаў, як яно й не для жыцьця, Нехта сказаў, што, калі б рабілі камунізм вучоныя, яны яго дасьледавалі б сьпярша на сабаках… I так мы існавалі гады й дзесяцігодзьдзі. «Такі элемэнт, які тут прамерз ужо, нам ня страшны», — цьвярдзілі начальнікі.