Час поўз, прыйшла восень, нас вадзілі на розныя аб'екты, часам за 12 кіламэтраў. Тады я «пісала» ў памяці свае вершы Памяць ніяк нельга было прашманаць надзоркам, сэрцы нашыя й душы таксама. Адзінае шчасьце. Калі мне траплялася папера й алавік ды такая зацішная ад начальства й стукачоў хвіліна, я тады перапісвала свае вершы-думы й рассылала сябрам. Частка душы мае — глюкоза для іх. А як жа жудасна за мною сачылі! Запісачкі пісаліся дробненька. Сшываліся малюсенькія й хаваліся ў валасы, у вату бушлатаў, у боты, чаравікі і т. п. Адчайныя дзяўчаты клалі поўную рукавіцу запісак і, расшпіляючы шырака для шмону бушлат, так манэўравалі, каб рукавіца ня трапіла гадаўкам на вочы. Калі ж разувалі, дык умудраліся два разы зьняць з нагі той самы чаравік, каб у другім якраз перанесьці запіскі. На аб'ектах, калі недалёка працавалі мужчыны, дык мы, напрыклад, выносячы торф пры вытарфоўцы, ламалі свае насілкі ці тачкі. Работа стаяла, тады адзін з канваіраў валок да іх мужчынаў. Тыя ўмудраліся гіпсам замацаваць у кутку жменю запісак альбо прыбіць іх дошчачкай. Мы лёгка кіркой адбівалі дарагі груз і разьбіралі што каму. Рэшту адносілі ў зону другім. Дзень без запіскі быў сумны дзень. Калі б нашая нянавісьць не выбівалася ў змаганьні, яна ўзарвала б нас, як дынаміт. У нас дэвіз: «Кіп смайлінг» — з ангельскага. Мы ведалі, што, плачучы, загінем хутчэй. Мы вынаходзілі прычыны для сьмеху, для забыцьця таго, што нас акружала. Што магло нас няшчасных чакаць, каб ня сьмерць таго найстрашнейшага з усіх грузінаў ва ўсіх вяках. Воля пахла нам цеплыней хаты, хлебам, толькі не парфумамі. Мы іх ненавідзелі, уздрыгаліся, калі іх пранюхалі. Справа ў тым, што ўсе чакісты, сьледавацелі і ўся іх парода вельмі намагаліся пахнуць рознымі гвазьдзікамі, ружамі і т. п. Яны заглушалі гэтым смурод сваяго сумленьня ці такім чынам хацелі выдзяляцца сярод іншых, што сьмярдзелі потам, — гэтага я не магла разгадаць. I вось доўга для мяне асабіста парфумы нагіаміналі мне нелюдзяў, як і сабакі. Усе добрыя, мілыя сабакі напаміналі мне тых аўчарак, з якімі сустрэлі нас на менскім вакзале, якія акружалі ў будках нашыя зоны й дружна з канваірамі суправаджалі нас на аб'екты работы.
I так восень, разыходзяцца брыгады раніцай, даўгі іх шнур, пахмурныя, як дажджлівае неба, канваіры. Нас павялі недалёка. Мы ўжо ў час работы адчулі, што нешта здарылася, канваіры нашыя азьвярэлі. Калі нас прывялі ў зону, мы даведаліся, што ля Інты застрэлілі Галю Готэс. Гэта была полька. Да сроку дзесяць год ёй дабавілі яшчэ тры за нейкую лагерную справу раней, але яна ўжо й гэты срок дапрацоўвала… Які ж жаль… Была ў яе цудоўная дзяўчынка Ната. Жыцьцё і інстынкты куды сільнейшыя за нашыя ідэі, калі цярпеньні цягнуцца дзесяцігодзьдзі, і вось у лагеры быді дзеці, і нямала. Гэта былі дзеці жанчын, якіх цяжарнымі забралі з волі, і дзеці з мімалётных сустрэч з шаферамі пад час пагрузкі пяску на аб'ектах, пры разгрузцы вугалю і т. п. Такое дзецятка ад украінца было і ў Галі. Лагер наш грозна замоўк. Нянавісьць, прага помсты й жах з нашае бездапаможнасьці проста пырскалі слязьмі з кожных вачэй. Першымі прыйшлі да мяне полькі: «Што рабіць, пані Ларысо, што рабіць?» Галю кінулі на вахту, а так як яна была прахадная й цесная, дык цераз труп хадзілі. Харошай дзяўчынай была Зося Андрушкевіч, вось і пайшлі мы з ёю прасіць, каб далі нам Галіну. Надзоры думалі, а пасьля папыталіся ў мяне, ці магу заручыцца за спакой у зоне? Я сказала, што магу. Труп нам выдалі. Хутка мы назначылі, што каму рабіць. Былі нейкія кветкі, у зоне хутка паявіліся вянкі і т. п. Мы з Зосяю мылі цела. Маленькая ранка ніжэй жывата, і ўсё. Іх брыгада выбірала бульбу, тую вадзяную, рэдзенькую… Машына, куды яе зсыпалі, стаяла за агароджаю з вяроўкі, якімі мы самых сябе мусялі заўседы апярэзваць. Дзяўчаты туды сыпалі бульбу. Пайшла яе высыпаць і Галя, вось і застрэлілі — выйшла за агароджу…[122]
Дзяўчаты прыходзілі, клалі пальцы на ранку, шайталі нешта, прысягалі. Масквічка Рэгіна Тарасава, якой маці была францужанкай, прынясла з пасылкі вялікі кусок батысту. Наташа нічога ня ведала, але ўсё пыталася пра маму, яе нейк суцяшалі, абманвалі. Вечарам мы палажылі ўсю ў белым Галіну на лагерны брудны возік, прыкрылі яе батыстам і вянкамі і ўсе праважалі да вахты. Дзіка крыкнула нам надзорка, калі мы апошні раз цалавалі нежывы тварык: «Мы завтра другую пристрелим…» Мы горда й моўчкі ўзялі гэта пад увагу з разьлікам некалі ім адпомсьціць. На вахце, паводле лагерных правілаў, малатком яшчэ ўдарылі труп па галаве (а можа, жывая?) альбо пракалолі штыком. Пасьля павязьлі яе на мужчынскі ОЛП для ўскрыцьця. У саветаў усё «панавучнаму». Зося Андрушкевіч хацела ўдачарыць Галіну Наташу, ёй не дазволілі…