Пра гэта цяжка пісаць, а ахвяраў былі тысячы, магільнік па іх вялікі.
Яшчэ адна зона была ў нашым лагеры для сьвіней. Яны таксама карміліся па норме, але яна ў іх была сытая, нармальная, і жылі яны, у параўнаньні з намі, як паны. У кожнай сьвіньні свая клетка і ўсе сьвінскія выгоды, культурна, як тут кажуць, і паказацельна. Ня ведаю, хто еў мяса з тых сьвіней, мы елі камсу й сьмярдзячыя трыбухі з аленяў. «Оленина (О, Ленина), о, сталина», — казалі мы. Яшчэ мы елі квашаныя ніжнія чорныя лісты капусты інцінскай, з пяском, дарэчы. Галоўкі былі для начальства. Гэтую капусту да немагчымасьці насольвала Камбала, адна нашая гора-суродзічка, нейкая Новік. Камбала таму, што вока адно навыкаце (Бог шэльму меціць). Яшчэ была адна такая Раіса Новікава й Марыя Мельнік, некалі адумысловая нямецкая прыслужніца і кат, і Іуда для нас у лагеры. Дзеля справядлівасьці нельга скрываць сваіх, вось гэтыя й запамяталіся найстрашней, кожная на розны спосаб… А яшчэ мы елі суп з рэдзькавеньня з гнілой рыбаю. Можна спрабаваць яго зварыць, каб пераканацца, які мае смак… Ды чаго мы ўрэшце ні елі… Але давалі нам і па аладцы на алеі, якую шумна называлі «пончык», і гэта падкрэсьлівалі. А рэшта пайка не заўсёды падобная на чалавечы хлеб, ну, і жуй-плюй, гэта авёс з шалухою, з якога суп, каша, а ў сьвята дык і катлеты. Мы дзівам дзівіліся, як тыя англічане ядуць гэта ўсе жыцьцё. Праўда, яны пэўна ядуць яго не сухама й ня посны. Можа, нам чаго й болей пападала б, але жывілася ля лагероў шмат начальства, ля прадуктаў дык асабліва. Сьвінскае нормы яны ня елі, і тут выйгравалі сьвіньні…