Літоўцы нейк асабліва добра да мяне адносіліся. Часам, калі ляжала мая торбачка з кусочкам хлеба, яны падкрадалiся й між хлеба клалі кусочак «лашэнюкас», сала па-іхняму, і я толькі заўважала гэта на рабоце, мне тады хацелася плакаць.
Дні міналі трывожныя, безнадзейна прыгнечаныя. Начальства прыдумвала штораз то новыя, вышуканыя мэтады маральнага зьдзеку. Нарэшце начапілі нам на плечы нумары. Чорныя цыфры на белай ганучы. Мой нумар быў «0–287». Калі быў крыху лепшы канвой, а пачыналася пурга, нельга было працаваць і зараньне яшчэ было вясьці нас у зону, дык мы рознае прыдумвалі, а калі перамерзьлі, як тыя дзікары, барукаліся, качаліся па сьнезе. Зусім не дзіўлюся, калі глядзелі на нас як на дурняў. А часам чапляліся, каб я гаварыла ім нейкую імправізацыю, і так аднойчы аб намярох я сказала вершык на кожны номер. На свой яшчэ памятую сяньня:
Многа было прыдумана розных эпіграм, яны забыліся амаль. Мы былі рабамі, і гэта груба, па-пралетарску, нейк зьдзекліва, давалі нам заўсёды адчуць. Тады я ім казала:
З намі хадзіла часам на работу полька пані Тэрэса. Звычайна яна была вечным прыдуркам і з начальствам знаходзіла супольную мову, але часам, з нейкіх меркаваньняў, выводзілі і яе. Была гэта даволі сымпатычная, інтэлігентная жанчына. Некалі, відно, даволі прыгожая, бо ўсё бедавала, што цяпер за ёю «нікт пэвно шалець не бэндзе…». Аднойчы, калі мы кіркавалі асабліва брудныя сьметнікі ля начальнікавых кватэраў, яна вельмі міла папрасіла мяне аб вершы. Ну, я ўжо ей сказала яго на яе мове:
Беларускіх вершаў не пішу тут, бо частачка з іх усё ж захавалася ня толькі ў памяці.
Я была лагернай энцыкляпэдыяй, і да мяне часта зьвярталіся ў спорах. Стаімо раз шэрай, ад сьвежага сьнегу прамоклай грамадкай пад сьцяною нейкага інцінскага «палаца», прад намі праходзяць інцінскія жыхаркі, едуць студабэкеры[119]
. Дзяўчаты з Прыбалтыкі і ўкраінкі пачынаюць крытыкаваць іх уборы, негустоўныя, прэтэнсыяльныя ў гэтым нялюдзкім клімаце. Расейкі тут і сьцяліся з імі, што ў іх лепш, як у Эўропе! «I машыны?» — пытаюцца ўкраінкі. «Да, и машины». — «Та, пані Ларысу, скажыце вы: е ў іх маркі своіх машынів?» Кажу: «Е». Тут мае дзяўчаткі й скісьлі… «А яка ж у іх марка?» — «Яка? А «чорны воран», — кажу. Ну й пачаўся хохат.Нейкі начальнік лагеру Палякоў, гад з гадаў, забараніў нам хадзіць па лагернай дарозе, гдзе маршыраваў звычайна сам з надзірацелькамі, а нам заставалася толькі дарога ля раду ўборных, якія адчайныя літоўкі на дзяржаўныя сьвяты ніколі не забываліся «ўпрыгожыць» дзяржаўнаю зоркаю. Усе былі прыніжаныя вельмі й абураныя, пакуль я не растлумачыла ім ясна, што на нашай дарозе сьмярдзіць уборнай, а на той другой жа сьмярдзіць начальствам, дык што горай? Усе згадзіліся, што лепей уборныя…
Ідзем пяцёрачным строем Інтою й бачым плакат: містэр Чэрчыль, капіталіст, трымае запаленую галавешку, а над ім рука рабочага з нейкаю жалезінай, але так, што гэтая рука зусім над галавешкай. Мілая латышка Лайма Крэтуліс, якая дзень у дзень ішла са мною строем два гады, глядзіць на мяне й шэпча: «Глядзеця, як жа ён утрымае сваю жалязяку, калі гэты яму яўна добра прыпякае?» Дзелімся зараз спасьцярогаю з другімі. Лайма была цудоўная, высокая, стройная, вельмі чэсная. Была ў яе хворая сяброўка, а наступала вясна, было вельмі мокра. У Лаймінай сяброўкі, як ува ўсіх, брэзэнтовыя чаравікі, якія днём поўныя вады, а пад вечар на лёд зьмярзаюцца разам з нагамі. Прыходзіць раз Лайма й просіць адпушчэньня грахоў: у нейкага прыдурка ўкрала чаравікі ў далёкім бараку, жаль хворай Мільды… Пільна мне ўзіраецца ў вочы. Кажу: «Маладзец, добра зрабіла, тая дрэнь дастане іншыя, а вось Мільдзе будзе цяплей». Калі нам з ею давалі норму, дык часта мы сварыліся. У Лаймы быў тубэркулёз, і я яе ашчаджала. Я была многа старзйшай, і яна ашчаджала мяне. Аднойчы загадалі нам адкідаць сьнег. Ніколі ў жыцьці я ня бачыла столькі сьнегу разам, проста горы! Кідаем яго, кідаем, і я слабею. Лайма гэта бачыць і просіць мяне, каб адпачыла. Я — не. Не магу кінуць яе адну. Яна просіць мяне доўга, нарэшце з дзікай злосьцю кідаецца на мяне, коціць мяне на зямлю й сілай вырывае лапату. Тады стаіць, і поўныя вочы адчаю… Харошая Лайма.