Аднойчы сутоньнем я трымала Юрачку на руках, было вельмі ціха, нікога не было ў хаце. Я думала аб лёсе нашага народу й раптам адчула такую пэўнасьць, такі прыліў сілаў, штр ўсе стала мне ня страшным і я не баялася за далейшы мой шлях. Моцна прытуліла да сябе дзіця й аж замерла ад нейкага шчасьця. З той пары я йшла наперад упэўнена й толькі згодна з маім сумленьнем. У Зэльве парадзіла мне жонка тагачаснага войта, між іншым беларуса, каб я, калі зноў паеду ў староства па дазвол, сказала, што мая народнасьць польская. Я хутка туды паехала й сказала ім, што я беларуска, каб ведалі, што беларуска й ніколі свае народнасьці не зьмяню й цяпер знаю, што толькі таму яны мяне не пускаюць да мужа! Яны зьбянтэжыліся й сказалі, што ад часу, як я падала паперы на выезд, яны ўжо пусьцілі за граніцу 300 яўрэяў і што справа ня ў гэтым. Падышоў да мяне нейкі высокі ўраднік і сказаў, што ён беларус таксама, што пастараецца мне дапамагчы. За нейкі час мне сапраўды далі дазвол. Я паехала разьвітацца з бацькамі. Усе былі радыя, што мы едзем, а я так плакала, так плакала, як ніколі. Мне так цяжка было іх усіх пакідаць. Гэта зноў я сваімі нэрвамі, сваім завостраным адчуваньнем прадбачыла ўсю трагэдыю, якая чакала маю сям'ю. Горача я разьвіталася з татам мужа, узяла сына, крыху пасьцелі, абраз свой, якім мяне благаславілі, чамадан — і паехала. Да Ваўкавыска праваджалі мяне мама й Люсенька. Мама надта любіла Юру, калі я ад іх ад'яжджала, мама схапіла яго й аднесла ў поле, каб ніхто ня бачыў яе болю й сьлёзаў па каханым унуку. Вось і цяпер трудна было ёй адарваць хлопчыка ад грудзей. Я яшчэ купіла Люсеньцы маленькія падаруначкі, расцалавала маму, яе вочы й рукі, і ўскочыла ў цягнік. Мама пахіснулася, яе падтрымалі, цягнік рушыў.
3. Прага
У Варшаве сустрэлі мяне знаёмыя й назаўтра пасадзілі ў праскі цягнік. Нямодна апранутая, худая й сумная, я трымала на каленях цікавага хлопчыка, тоўсьценькага й чырванатварага. Людзі частавалі хлопчыка ў купэ хто чым меў, а ён шчабятаў ім па-беларуску.
Прайшлі мы польскі кантроль, яны былі няветлівыя. I вось прыходзяць амаль такія ж, але сардэчна вітаюць нас, сьмяюцца, і мне дзіва. Аказалася, што гэта ўжо чэхі, хоць гутарылі па-польску. Каля мяне сабраліся людзі, нехта ўзяў Юру на рукі й сказаў, што ен яго тата. Хлопчык запярэчыў, але сваяго тата ён пазнаў адразу, абняў яго за шыю, і так мы пайшлі да таксі.
Два гады зрабілі нейкую трэшчыну ў нашых адносінах, і гэта адчувалася. Муж быў на кватэры, з нейкім студэнтам наймаў пакойчык. Мы прыехалі ў апошнія дні 37-га года, мужа калега паехаў да сваіх бацькоў. Пару тыдняў мы пажылі разам, а пасьля завёз муж мяне й сваяго цікаўнага залішне хлопчыка, які ўжо пасьпеў яму паламаць стрэлкі на гадзіньніку (бо чаму яны круціліся?), у Моджаны. Гэта быў прыгарад Прагі, і там жыў дзядзька Васіль Захарка, якому нядаўна памерла дарагая жонка, і пані Марыя Крэчэўская. Вось там ён нас і пакінуў. Сам ён жыў і працаваў у Празе, да нас часам прыяжджаў, на нядзелю абавязкова.
Мяне сустрэлі тут як сваю, сардэчна й цёпла. Пані Крэчэўская была ўдавой па памершым Старшыні Беларускай Народнай Рэспублікі Пятру Антонавічу Крэчэўскім, была гэта старэйшая інтэлігентная й вельмі тактоўная дама. Жылі яны з дзядзькам Васілём у адным доме, але паасобку. У яе быў маленькі пакойчык, ледзь на адну асобу, а дзядзька меў два пакоі й кухню. Вось адзін пакой ён і адступіў нам.
Дзядзька быў намесьнікам П.Крэчэўскага, а некалі ва ўрадзе БНР міністрам фінансаў. Гэта быў вельмі паважны чалавек з думкамі толькі пра Беларусь. Ён вельмі цікавіўся ўсім, што рабілася на нашых землях. Ад мяне ён многа даведаўся. Палітычнай дзейнасьці ен ніякай не праводзіў, часам толькі пісаў пратэсты супраць бяспраўя над нашым народам у Лігу Нацыяў[17]
, падтрымоўваў эміграцыю й меў цесную лучнасьць з эміграцыяй другіх народаў — украінскай, рускай. Быў ён беларускім эсэрам. У Бога ня верыў, але пасьля прасіў пахаваць яго па-хрысьціянску. У Прагу запрасілі іх чэхаславакі ўжо з Літвы, куды спачатку пераехаў урад БНР. Мелі яны невялікую дапамогу ад ураду, а за акупацыі ад чэскага Чырвонага Крыжа.Пасьля зьезду, які быў скліканы ў Бэрліне, дзе заклікаліся ўсе беларусы, каб вяртацца й будаваць т. зв. «Народны свой дом», як тады казалі, цэнтр БНР не прыняў прапанову Цішкі Гартнага (Жылуновіча) і не ліквідаваў БНР. На Бацькаўшчыну яны не вярнуліся й захавалі чэсна, хоць самыя былі ў цяжкіх матэрыяльных варунках, ідэю незалежнасьці Беларусі. Цьвікевіч, Заяц і Пракулевіч вярнуліся ў БССР, але хутка іх там зьліквідавалі фізычна.