Як жа часта шчаміла мне сэрца туга па сваіх. У вачох стаяла мама з сьлязамі пры прашчаньні — так я апошні раз яе бачыла й болей ужо не сустрэла ў жыцьці. Нарэшце мы знайшлі пакойчык у Празе й разьвіталіся з дзядзькам Васілём і паняй Крэчэўскай. Там жылі зімою артысты цырку. Вясною яны выяжджалі на гастролі па мястэчках і сёлах і на гэты час здалі нам кватэру са скромнымі мэблямі. Наш сын зусім добра чуўся й праяўляў вялікую самастойнасьць. Аднойчы недзе падзеўся, і знайшла я яго на другім баку шырачэзнай вуліцы, гдзе сядзеў за столікам і папіваў спакойна малачко. Гэта менавіта замовіў. Чэхі любяць дзяцей і ахвотна яго абслужылі, пэўныя, што я за ўсё разьлічуся. Хлопец быў харошы настолькі, што зьвярталі на яго ўвагу ў трамваях, на вуліцы, а суседзі вельмі яго любілі, насілі яму розныя смачнасьці, клікалі да сябе.
Жылі мы ў вялікім доме, т. зв. Кашпараку. Жыла там, за малымі выняткамі, пераважна бяднота, эмігранты й прастытуткі. Побач з намі жыў чэскі настаўнік з сям'ей, і мы з імі пасябравалі. Яшчэ прыяжджалі да нас Вострыя, гэта быў малады інжынер са сваею жонкай-настаўніцай. З гэтым харошым і надзвычайна інтэлігентным мужавым сябрам са студэнцкіх часоў мы пасябравалі на ўсе жыцьцё. Я навучылася варыць чэскія стравы, пячы булкі па-іхняму.
Прагаю я захаплялася болей, як людзьмі ў ей, якія, тады здавалася мне, былі куды ніжэй яе велічнасьці. Некранутая войнамі Прага захапляла, прамаўляла гісторыяй старых будынкаў, вузенькіх вулачак сярэднявечча. Прагу я палюбіла, але кахала толькі маю Беларусь.
Мы жылі ў адных сенях з той сям'ей, гдзе жыў мой муж раней з панам Новакам — маладым студэнтам. Якія дзіўныя чэхі! Аднойчы прыйшла да мяне тая гаспадыня з прэтэнзіямі, што, пэўна, з мае віны выберацца яе добры кватэрант. Я зьдзівілася, бо амаль ня ведала яго. Аказалася, што прыгожы студэнт ня можа вучыцца, ён, бачыце, улюбіўся ў пані дактарову, бярэ ўсе да сябе Іжычка, згубіў спакой і зусім ня можа вучыцца, і я вінавата! Хто такую несуразіцу чуў? Пасьля мы шчыра пагаварылі з панам Новакам. Ён стараўся зразумець незразумелае. Паводле яго слоў, быў ён сынам гандляра, ніякі не рамантык, меў нарачоную, якую, здавалася яму, кахаў. Усё абдумана, заплянавана як належыць, і раптам нешта такое, з чым яму ніяк ня справіцца! Для мяне гэта таксама было дзіўным, як можна плянаваць і пачуцьці? Я нічым не магла памагчы разбуджанай душы гэтага чалавека, і ён з гэтай кватэры ўцёк. Вось такія былі чэхі — цьвярозыя, чэсныя, але душа ў іх была.
Чэскі быт памалу ўваходзіў у мае прывычкі. Каб лепей варыць, я купіла сабе кулінарную кніжачку й з цікавасьцю прачытала там, як прыгатаваць на абед «жабі стэгінка» (жабіныя кулыпачкі). У гэты час мне прыпомніліся нашыя каўбасы, сальцэсоны, вантрабянкі, парасяты і індыкі, якія так смачна падавалі на Беларусі. Жабы, гэта ж, мусіць быць, несусьветная несмач! Але чэскія кнэдлікі[20]
мне падабаліся.А тым часам падзеі не стаялі на месцы. Нейк Прага ня спала цэлую ноч, гэта тады, калі немцы акупавалі Аўстрыю. Чэхі адчувалі, што падобнае можа аднойчы быць і з імі. На жаль, яны не памыліліся. А тым часам быў у Празе апошні й цудоўны Сакольскі зьлёт[21]
. Гэта была адчайная дэманстрацыя патрыятызму, прыгажосьці, спартыўнасьці, сілы. Прага некалькі тыдняў не прачыналася й не засынала, Прага проста ня спала! Яна вітала, паіла, карміла, дарыла й гасьціла чужых і айчынных гасьцей. Яна сьмяялася й плакала, адчыняючы людзям насьцеж свае чыстае сэрца й быццам просячы зразуменьня, ратунку й помачы супраць таго, што маршыравала адмераным каваным крокам з Захаду й на цэлую Эўропу ўжо крычала: «Гэйль Гітлер!» На стадыене былі цуды зладжанай масавай гімнастыкі, быў улюбёны свой прэзыдэнт з неадступным другам — мілай і дастойнай першай дамай Рэспублікі — сваей жонкай. Але гэта быў апошні размах свабоднага народу. Насоўваліся цяжкія хмары. Усе мясьціны свабоднай дзяржавы прывезьлі на гэты зьлёт любоў і вернасьць ураду сваяму й сталіцы. Я бачыла, як таргоўкі бралі ў прыпол цытрыны й памяранцы са сваіх латкоў і нясьлі іх моладзі, якая ўсё прыбывала й прыбывала ў Прагу, вітаючы дарагую сталіцу. Я бачыла пасьля, як кожная з гэтых гандлярак трымала ў руках газэту, гдзе пісалася аб адарваньні ад Рэспублікі яе правінцыяў і галоўнае — Судэцкага краю, і як кожная плакала з гора. Плакаў тады ўвесь гэты харошы, пакінуты ўсімі народ. Гэта не была Рэспубліка, а дом іх дарагі й гасьцінны, сям'я іх адзіная, на якую тупым маршам ішоў іх адвечны вораг, і зьнікуль не відно было ратунку. Прагна адскубла сабе з жывога цела Рэспублікі й ачумелая Польшча, быццам ня думаючы аб тым, што чакае заўтра яе безабаронны, няшчасны народ. Адна толькі Румынія засталася ў тыя страшныя дні чалавечнай і дружнай. Недарма, знача, румынскія жанчыны на Сакольскім зьлёце крычалі перад трыбунай ураду аб сваей адданасьці й аб дружбе…