I так мы пераехалі на вуліцу Гэжманову, № 7. Штодзённа я выпраўляла сваіх хлопцаў — аднаго ў школу, другога на працу. Чакала дамоў з нецярплівасьцю, бо час быў неспакойны й кожны шчасьліва пражыты дзень быў ужо сам па сабе выйгрышам. Прыходзілі да нас землякі. Я забылася сказаць, што зараз пасьля маяго прыезду ў Прагу зайшла да нас аднойчы доктар Галубянка. Была яна тоўсценькая, невялічкая, добра апранутая, мілая. Гутарыла са мною вельмі расчулена, здавалася мне, што ўсяго яна мне не сказала. Болей я яе ня бачыла. З пачаткам вайны яна закончыла жыцьцё самагубствам.
Да нас многа прыяжджала сяброў. Людзям было цікава, як выглядае іх паэтэса, якая піша так, як яны думаюць, як яны адчуваюць. Харошы, вартасны доктар Тумаш і далей выгладжваў мае вершы, хоць пісаць пачала я меней, да мяне пачалі прыглядацца, чапляцца крыху, дакараць мяне за мой пэсімізм. Пасьля падарожжа ў Зэльву цяжка было быць аптымістам. Вайна пакінула крывавыя сьляды на народзе нашым, на зямлі незасеянай, на харошых нашых гарадох і найстрашнейшы сьлед на няшчаснай сям'і маёй. Вайна наагул — гульня нецікавая…
Часта пісаў брат. Я праз Жэнэву, праз польскі Чырвоны Крыж шукала братоў і мамы, вывезеных у Казахстан. Расьціслаў быў рады, што сьпіць ён пры адчыненых вокнах, што людзі так цудоўна адносяцца да яго, разумеюць яго. Але людзі ёсьць людзі, вось і напалі на Жлобаўцы нейкія іншыя партызаны, і Расьціслаў ледзь выратаваў жыцьце… Ехаць да нас у Прагу ён ніяк не хацеў, чакаў нашую няшчасную маці, каб мела куток свой, хлеба кавалак на старасьць.
Юра добра вучыўся, многа чытаў. Муж купляў яму шмат кніжак. У яго была свая шафка, свой куточак. Хлопчык быў дасьціпны, умеў ужо думаць, арыентавацца ў нескладаным жыцьці ваеннага часу. На ўсходзе немцы адступалі, і фронт ужо прыбліжаўся да Беларусі. Зноў распоруць снарады грудзі роднай зямлі й загіне нямала тых, хто найлепшы ў народзе. Немцы, напэўна, і самыя ўжо ня верылі ў перамогу. Стала нейк меней страшна. Прайшла першая гадавіна сьмерці дзядзькі Васіля Захаркі, зацьвіў у Празе й перацьвіў бэз.
Аднойчы муж прыйшоў з працы вельмі занепакоены, яму загадалі на працу па тэлефоне заўтра з самага раньня прыйсьці ў гэстапа. Мы не заснулі, ці мала есьць прычын, каб згубіць свабоду й нават жыцьцё ў такі час… Назаўтра муж вярнуўся дамоў яшчэ сумнейшы: яму загадалі, каб мы траіх — муж, я і Юра — ехалі адразу ў Менск на Кангрэс[53]
. А чаму Юра? Загад з «остміністэрства»… Знача, зноў Ермачэнка, зноў ягоная чорная рука цягаецца да маяго горла. Прашу ў мужа, каб узяў посьвядку з месца працы, што ня можа пакінуць свае работы, якое так многа вайною, проста кажу яму, што для сына ён важней, чымсьці я. Ехаць некаму трэба, але ехаць супраць фронту гэта ехаць на сьмерць… Толькі б ня ехаць ім, бо тут адчуваецца зноў капкан…Еду я адна. Я не зьвярталася цяпер да фрау Піпэр, але яна сама прыйшла да нас, каб ратаваць мяне. Было позна, ехаць было трэба. З Прагі ехаў яшчэ, паводле таго ж загаду, і інг. Васіль Русак. Знача, мы ўдваіх. Думаць не было часу, у жылах яшчэ была маладосьць і страх, адзіны страх толькі за сваю сям'ю, а яна застаецца ў Празе.
У Прагу прыехаў якраз Адольф Клімовіч. Ён затрымаўся ў нас. Прыехаў, каб ратаваць беларусаў. Беларуская хадэцыя[54]
, беларуская клерыкальная партыя (1917–1940) пастанавіла ратаваць сваіх, пераправіўшы іх у Чэхаславаччыну, дзеля таго й прыехаў у Прагу Клімовіч. Ведаючы адносіны бальшавікоў да рэлігіі, можна было спадзявацца вынішчаньня, фізычнага вынішчаньня нешматлікіх беларускіх хадэкаў. З немцамі ім было не па дарозе, і яны не хацелі ўцякаць з імі разам. З кароткай гутаркі з Клімовічам было відно, што чэхі арыентуюцца толькі на рускіх, чакаюць іх і хочуць паспрабаваць супрацоўнічаць з імі. Клімовіч прадбачыў канец такога кантакту й высказаў свае меркаваньні, але хто не спрабўе, той не паверыць тым, якія ўжо добра пазналі адных і другіх. Чэхі лічылі сябе найболей культурнымі й разумнымі з усіх славянаў, і ім здавалася, што яны ў падобным саюзе будуць мець гэгэмонію над адсталымі расейцамі і ўсімі славянамі, што ўсе будзе паводле іх плянаў, асабліва ўся эканоміка. Іх пераканаць у тым, як яны памыляюцца, было нельга. Што ж, каго Бог хоча пакараць, таму адыме розум.Я прыгатавала крыху прадуктаў, што ў вайну можна было прыгатаваць, каб Янка меў дастатак. А Юрачку мы аддалі Ружэне Вітмаеравай, жанчыне, якая часта наведвалася да нас і была, здаецца, савецкай шпіёнкай, але тады мы аб гэтым ня ведалі. З сабою я амаль нічога ня брала, апрача бутэрбродаў і бутэлькі каньяку на ўсякі выпадак. Муж і Клімовіч праводзілі мяне да цягніка. Я ўбачыла, што забылася ўдома свае невялікія грошы й партманэ. Клімовіч па іх паехаў. Быў гэта ўжо з самага пачатку нядобры знак.