На другой палове хаты жыве Каця Вікторка з сынамі, мужа стрыечная сястра. Яна нечаму палохае мяне партызанамі, да іх ходзіць нейкі жудасны немец, і мне ўсе гэта дзіўна. Аднойчы яна паклікала мяне на вуліцу. Я ўбачыла жудаснае явішча: паўзло па вуліцы нешта падобнае да малога танка, а насупраць ляцеў на кані поўным галёпам мой шасьцігадовы сын! Я махнула рукою, што будзе, тое будзе, неўгамонны малы, патомак сялян дарваўся да свае стыхіі. Людзі яго падзіўлялі. Бацькавага каня забралі бальшавікі, дык ен даваў унуку поўны барэцік гаўса й ён бег да суседа, гдзе быў харошы конь. На ім якраз, трымаючыся за грыву, цяпер ляцеў, у жыцьці ніколі не сядзеўшы на кані. Ляцеў і хахатаў з радасьці.
На месца чатырохкутніка крамаў на зэльвенскім рынку нехта пасадзіў парк маладзенькі. Не было яўрэяў, ні іх шматлікіх крамаў, і тут прайшла тая ж, што ўсюды, трагэдыя. У чорнай нейкай хаце жыла ўдава па сьвятару Якабсону, была трагічна счарнелая. Я адведала старушку. Мае знаёмыя паказвалі мне дзетак, якіх выратавалі ад вывазу, і яны цяпер як сіроты. Чаму ж ня выратавалі нам хоць Люсеньку? Па Зэльве хадзілі нямецкія салдаты, вельмі страшныя да насельніцтва не былі, шукалі самагон, яйкі, рабілі свой «аерканьяк»[51]
— яечны лікёр.Нашыя суседзі Байбусы, якім датла згарэла хата, ладзілі вечарынку. Панна Стася з панам Весялухай, сваім пазьнейшым мужам, зусім не адчувалі ні гора, ні страху, ні літасьці над тымі, што гінулі ў лагерах, на франтах, па лесе… Людзі, знача, адзічэлі, калі ў такі час маглі танцаваць, атупелі начыста. Кожны важны немец меў сабе любоўніцу ў Зэльве, і гэта было яшчэ страшней. Гэта былі полькі пераважна, якім здавалася, што занялі яны адпаведныя, «ключовыя пазыцыі» й зноў хоць такім чынам могуць рабіць супраць беларусаў польскую палітыку…
А на плоце вісела аб'ява, гдзе перачысьляліся расстраляныя заложнікі, я не дачытала іх да канца… Стагнала толькі раненая зямля, а людзі, як мурашкі, ціха краталіся, думалі аб жыцьці. Я папыталася ў адной знаёмай, як жа яна жыве з тым немцам, які, напэўна, забіваў людзей… «Ён няшмат забіў, — адказала, — можа, усяго кільканаццаць асоб, і то, калі забіваў іх, дык быў п'яны…» О, Божа, што робіцца з людзьмі, на гэтакага ж глянуць боязна.
Пачаў заглядаць нейкі фрыц і на наш ганак… Нічога я так у жыцьці не баялася, як гэтага чалавека: тоўсты карак быў з незажытымі скуламі, нахабны, сам так і паглядаў у мой бок, і была б сьмерць мне, каб ен мяне крануў, бо такога я ніяк не стрывала б… А ўсе зэльвенскія дамы лічылі такое за гонар…
Згінь ты, прападзі з такой пэрспэктывай! Немцы за мною шпіенілі, а нашая пані Каця ў гэтым памагала… Хто ж бачыў такую жудасьць? Нарэшце я пайшла да камісара папрасіць, каб дазволіў брату да нас прыехаць. Гэты ветліва прыняў мяне, даў дазвол і выразіў жаданьне, каб я засталася настала ў Зэльве.
Славачка прыехаў! Высокі, як дуб, прыгожы. Стаю, паглядаю й плачу. А ен абняў мяне й слова ня вымавіць… Ноч напралёт гаварылі мы з ім. Часам было чутно, як ляціць аэраплан, тады Славачка казаў мне, чый ён, арыентаваўся па гуку. Абгаварылі мы ўсе сямейныя, усе партызанскія справы. Расьціслаў вельмі хацеў, каб я прыехала ў Жлобаўцы, што партызаны радыя чакаюць мяне. Тым, хто забіў бацьку маяго й вынішчыў сям'ю, я ня верыла… У дзядзькі маяго была дачка, і я думала няблага, каб Расьціслаў з ею ажаніўся. Ён заяжджаў да іх, але калі я папыталася, ці ен кахае яе, хлопец прызнаўся, што кахае іншую, але гэтую возьме, бо я так хачу… Я спалохалася й пачала прасіць яго, каб ажаніўся з той, якую кахае. З ніводнай не ажаніўся, перашкодзіла сьмерць. Ад'яжджаў мой брат пакуль што з мужавай мамай у Пятрэвічы.
У Зэльву прыехаў беларускі канцэрт. Артысты прыйшлі да нас запрасіць мяне на яго. Я вельмі хораша апраналася, адзеньне ў Празе шылася з густам, і таму на мяне ўсе зьвярнулі ўвагу й немцы. Я стаяла разам з іншымі жанчынамі, і мяне за руку стуль вывалаклі наперад. Артысты вельмі хацелі, каб і я нешта сваё сказала. Я шчыра паясьніла ім, што гэта не для мяне… Канцэрт быў вельмі добры, і мясцовы бацюшка запрасіў артыстаў да сябе. Там пры чарцы ім вельмі разьвязаліся языкі, амаль кожны тост быў за мяне. Паразьбіралі ўсе драбніцы з мае сумачкі сабе як сувеніры, а тоўсты немец пачаў пытацца, што я за такая важная пэрсона, няўжо нельга ўспомніць таксама і «Дойчлянд»?[52]
У людзей выявілася ўся нейкая спрэсованая нянавісьць да ўсяго, што ня наша, было дзіўна.Назаўтра быў ужо Славачка. Яшчэ з усходам сонца зноў пад вакном паявіліся артысты, яны клікалі мяне. Усе мы пайшлі на зэльвенскія могілкі, скуль было відаць Зальвянку й другі яе бераг, які ўжо лічыўся «Остлянд», а мы былі «райх»… Сьмешна, каб не трагічна… Мы маўчалі, сэрцам ахапілі ўсю нашую зямлю, гутарылі, што хацелі, ня верылі ў нейкіх даносчыкаў спасярод нас… Пасьля пасядалі, хлопцы мелі гарэлку й закуску. На першай траве выпілі па чарцы, пакаціліся сьлёзы. Хораша ляжаў, выцягнуўшыся на траве, Славачка, быў задуманы.