Мне вельмі хацелася піць, пад'яжджалі да Мастоў. Усюды былі надпісы «толькі для немцаў», гэта было аж страшна, і мяне проста ўзрывала ад гэтага. Я ўвайшла ў буфет і кажу: «Я ня немка й хачу піць, вось вам грошы, папрашу ліманад». Мне далі бутэльку, і я яе забрала ў цягнік. Адпускнік немец парадзіў мне болей гэтага не рабіць. А як жа тут вытрымаць, калі кожная нечысьць толькі й ведае, што заводзіць у нас розныя свае парадкі, абсалютна не беручы пад увагу карэннага насельніцтва краіны, яго найсьвяцейшых правоў… Колькі ж будзе такое трываць?..
Цягнік ляцеў насупраць ночы. Ля палатна дарогі паваленыя цягнікі й бункры, бункры. Лясы высечаныя ля чыгункі шырокаю паласою, а далей шэрыя хаты, саламяныя стрэхі, і бяда там, напэўна, і страх. Яшчэ толькі шчасьце, што корміць зямля, а нашыя ўмеюць пражыць і на камені…
У нашае купэ набілася немцаў, усе мне нешта расказваюць. Гэта танкісты. Я ня ўсе разумею, стараюся слухаць. У іх страх, боль і нейкая безнадзея, наракаюць на ўсюды існуючых партызанаў. Адзін немец пытаецца ў мяне, ці не баюся так адна між самымі мужчынамі? Кажу, што не, што немцы, іх ваякі — рыцары, ілгу як нанятая. «Ну, мы рыцары ў сябе ўдома, а на заваёваных землях мы ня рыцары», — кажа фрыц. «Што ж, — адказваю, — сапраўдны рыцар — усюды ён рыцар» — і гляджу немцу ў вочы, ён іх адварочвае ўбок.
Але вось спыняецца цягнік, чутно стрэлы. У купэ ўваходзіць афіцэр, разганяе кампанію й кажа: «Тут будзем стаяць ноч, ля цягніка есьць бункер, але ён толькі для немцаў, калі баіцеся ў цягніку, можаце йсьці ў бункер». Я кажу: «Так, я вельмі баюся, але ўсё ж застануся тут, дзякуй вам за ласкавасьць». Афіцэр выйшаў. Русак соп у кутку, недзе стралялі, зрабілася вельмі халадно. Я, здаецца, задрамала. Пад ранкі пачаўся рух, салдаты запалілі малую печачку, стала цяплей. Ля нас паявіўся шустры немец, якому круціліся вочы, ён усе выпытваўся: чаго мы едзем, скуль, хто мы?
У тым часе Русак дастаў карту Беларусі, якую нарысаваў яму некалі Жук, гдзе граніцы Беларусі больш-менш былі згодныя з нашымі этнаграфічнымі. Карта ў руках цывільнага пасажыра зьбянтэжыла немца, ён вырваў яе Русаку з рук і пачаў разглядаць і крычаць нешта. Я тут крыху спалохалася, гдзе ж такое рабіць, едучы насупраць фронту. Дала я немцу бутэльку з каньяком, паказала дазвол з Прагі, каб толькі ён ад нас адчапіўся.
На лініі стукалі, нешта строілі, што ноччу папсавалі партызаны. Выехалі мы позна. Наперад ішла пляцоўка з пяском, ехалі памалу, спыняліся. А цягнікоў паваленых было не пералічыць. Адзін ляжаў, і дым яшчэ йшоў з паравозу. Ну й партызаны! На нейкай станцыі насядала салдат, вагон быў поўны, ехалі яны на фронт. Мне гэта ніхто не казаў, але выгляд іх быў дзіўны, у адных нейкі адсутнічаючы, у другіх атупелы. Задуманыя трагічныя твары з зачыненымі вачыма. Адзін еў, другі разглядаў фатаграфіі, і здавалася, што плюнуў бы ён на гэтую ўсю бойню, каб мог бы, і ўцякаў бы да свае сям'і. Думалася: якое гэта варварства — вайна, якое ўзаемнае забіваньне…
Нарэшце мы апынуліся ў Менску, зьлезьлі з цягніка. Падбеглі да нас рыкшы, самыя сапраўдныя хлапчукі, упрэжаныя ў тачкі. Дзікасьць несусьветная. Узвалілі мы аднаму такому свае рэчы, ен і павёз. Гляджу на Русака й кажу: «Вось і прыехалі мы на Беларусь, каб бедны хлопчык валок нашыя рэчы». Русак падышоў да хлопчыка, упрогся разам з ім у тачку, і так яны йшлі пасярод вуліцы.
Менск ляжаў паранены, разьбіты, адны руіны й нішчата. Я пачала плакаць, нэрвы мае ня вытрымалі. Не магла глядзець на шэрых, убогіх маіх землякоў, на іх твары худыя й на кантраст — сытых немцаў…
Нам паказалі будынак, гдзе быў Кангрэс. Мы прыехалі позна, Кангрэс ужо адбыўся. Да нас падыходзілі людзі, знаёміліся з намі. Мяне ўсе ведалі з літаратуры. Твары людзей чырванелі з нейкага неспакою, аказалася, яны выступалі горда, моцна супраць усіх ворагаў Беларусі й супраць немцаў, не скрываючы гэтага. Кангрэс гэты дазволілі нехрысты толькі адступаючы, калі гінулі ўжо самыя, тады толькі згадалі пра нас. Людзі разумелі гэта.
Да мяне падышоў Вітушка, сказаў, што завязе мяне да Арсеньневай. Калі апынуліся ля ягонай машыны, такога нейкага «казла», ён спыніўся й кажа: «Ларыса Геніюш, я ненавіджу немцаў, я толькі й толькі беларус, але нам трэба здабыць яе для народу, гэту зямлю нашу, і трэба нам усё дзеля гэтага выкарыстаць… Я мусяў сказаць вам гэта». — «А я й так гэта ведала».
Мы паехалі да Кушаляў. Натальля Арсеньнева была сама ўдома, мы прывіталіся. Я памылася. Раптам увалілася ў хату поўна моладзі, яны хацелі, каб я пабыла з імі, у іхняй кампаніі гэты вечар. Натальля Арсеньнева іх ветліва ўсіх выправадзіла. Мяне ўлажыла ў пасьцель, і я, плачучы, як дзіця, заснула. Вечарам збудзілі мяне, прыйшоў Кушаль. Мала ў жыцьці я сустракала так шляхотных, бескарысных патрыётаў, якім быў Кушаль. Ён, як і Вітушка, жыў і дыхаў толькі тым, што мог нешта рабіць для Беларусі.