Немцы сядзелі адзін на адным. Набралі з сабою машынкаў, пакункаў, бурчаць на нас, ледзь не выпіхаюць з вагона. Сябры ўгаворваюць іх, а я прашу, каб не ўніжаліся, ужо што будзе, тое й будзе. Едзем дзесяць мінут, а пятнаццаць стаімо й сунемся ўсё так памаленысу. Немцы прыціхлі, усе на мяне паглядаюць, а я кармлю сваіх сяброў — кожны мне прынёс, што меў, і я дзялю ўсім беларусам і незнабмым, усім пароўну. Ехаў там нейкі наш лекар, ехалі іншыя, якіх мы зусім ня ведалі, але з якімі пароўну дзяліліся тым, што было. Немцы бурчэлі, пасьля голасна пачалі лаяцца. Для іх мы ўсе былі «русішэ швайн», і яны, седзячы на сваіх трафеях, скрыгіталі зубамі са злосьці, што іх пышны, наглы й ганаровы паход па калёніі закончыўся тым, чым і меў закончыцца — безгаловым уцёкам дамоў. Хлопцы трывожыліся, але я іх папрасіла, каб стрывалі ўсе рэплікі, маўчалі. Калі было найгорай, дык падняўся адзін старэйшы немец, які сказаў, што ведае нашую мову. Проста сказаў ім: «Вы мелі б вучыцца ад гэтай жанчыны, як быць людзьмі». I яшчэ нешта гаварыў ім. Усе пачалі да мяне прыглядацца, нейкі малады баранэт, якога ў цывільнай вопратцы пасылалі з фронту дамоў, уступіў мне месца, усе мы вальней уздыхнулі.
А цягнік поўз і два разы столькі стаяў, што поўз. На кожнай такой стаянцы прыходзілі да мяне сябры, якія трапілі ў другія вагоны. Кожны нешта мне нес: хто цукерку, хто кусочак бісквіту з хаты, Мірановіч, наш мастак, — вялікую срэбную латышскую манэту «лат», якія латышкі носяць як мэдальёны. А Найдзюк назьбіраў ля чыгункі на замінованым полі суніцаў чырвоных першых і прынёс іх мне. Пазіраюць на нас немцы, і ім няўцям такое. Адзін ня вытрымаў і пытаецца ў мяне: «Скажэце, мадам, няўжо ў вас столькі любоўнікаў?» Усе мы сумеліся: пра што пра што, але пра любоў у іх разуменьні мы тут начыста забыліся, гледзячы на параненую нашую зямлю. Адзін сябра кажа: «Гэта ж нашая паэтка». Немец не разумее гэтага, кажа, што і ў іх есьць паэткі, але ж пачуцьця такога да іх няма… I мы ніяк не вытлумачылі немцу нашую ўзаемную, глыбокую, як гора нашае Радзімы, любоў.
Далей ад Менску перапынкі рабіліся меней частымі, на адным з іх зьлез і немец, які задаў нам такое пытаньне. Быў кульгавы й памаленьку пайшоў ля вагонаў. Калі вярнуўся, дык прынёс і падаў мне букецік васількоў, нічога не сказаў пры гэтым, відно, што нас зразумеў. На адным такім перапынку выцягнулі мяне сябры з вагона. Была гэта нейкая станцыя. Здалёк бег хударлявы сьвятар, і каса толькі паддзыгала яму на шыі. Відно, спяшаўся, каб уцячы ад фронту. Мяне паклікалі ў вагон, гдзе я ледзь не абамлела: на лаўцы стаяла бутэлька гарэлкі, закусь, каля яе Ярэміч і жудасны Сьцяпанаў — разам выпівалі… 0, сябры мае наіўныя, беспрынцыповыя, недальназоркія…
А цягнік прысьпяшаў бег. Сябры апусташалі мой радзікюльчык, усе прасілі ў мяне сувэніраў, давалі свае. За вокнамі мільгалі сёлы, шэрыя яшчэ хаты й жанчыны ля іх, танклявыя, шэрыя, зажураныя. Зусім як на абразах Мірановіча. Мы стаялі з ім і спрачаліся. Я бачыла заўсёды нашую Беларусь гожай, квітнеючай, радаснай. Ён мне даводзіў, што памыляюся, а я яму казала, што бачу наперад. Па дарозе людзі вылазілі, і стала вальней. Па шляху раўналегла з цягніком ехала безьліч машынаў — ні канца, ні пачатку… Немцы ўжо асвоіліся з намі зусім, толькі мы на іх мала зьвярталі ўвагі. Паволі сядала сонца, разьвітальныя яго праменьні клаліся на высечаную ад дрэў паласу, на палі, на сёлы, а там было мае сэрца й мае вочы. Мне здавалася: бачу свой дом, цяжка ступае тата па сьцежцы, сьмяюцца сёстры, гамоняць браты й мама клапоціцца, як прыняць і чым пагасьціць мяне, дзіця, адарванае ад яе сэрца. Заўседы ўдома, калі заходзіла за хатаю сонца й апошнія яго праменьні нейк трагічна лізалі ўзгорак нашага панадворка, мне рабілася трывожна й сумна за заўтрашні дзень. Сэрца шчамілі прадчуцьці нядобрага, і я бегла дамоў, абвівала рукамі бацькаву шыю, стаўшы на цыпачкі, ці туліла голаў на маміны грудзі. Яна як бы крывілася крыху з маіх такіх дарослых нечаканых пяшчотаў, але адчувалася, што шчасьлівая гэтым, бо замаўкала й выцірала вочы. У такія хвіліны я цалавала галованьку Люсі й раз сказала на сьвіньню нашую «сьвіначка-дзецятко», чым мяне пасьля доўга падрочвалі[61]
. Я дзякую таму часу за любоў да мяне амаль усіх стварэньняў, дрэваў і самой зямлі. А можа, гэта я ўсё так кахала тады?