Вось мы і ў Інстэрбургу. Мой спадарожнік, які правёў мяне гэтымі ўсімі шляхамі, вяртаўся назад да сям'і. Яго цягнік адыходзіў зараз, а мой адыходзіў увечары. Я правяла яго да вагону, глянуў ён на мяне сумна й сказаў: «А можа, хоць пацалуеш мяне за ўсё…» Я падставіла яму парэпаную ад ветру шчаку й засьмяялася. Цягнік рушыў. Вечарам на сваім чамадане змучаная, адзінокая, сумная я ехала ў Прагу на Торунь.
Я ў Чэхах! Трэба перасядаць на цягнік, што на Прагу. Забылася, як называецца тая станцыя. Выходжу й бачу перад сабою Русака! Ну й дзіва! Як паехалі, так і прыедзем разам, але ён мала са мною хацеў гаварыць, важнічаў нейк… I вось я ў трамваі пад'яжджаю да свае хаты. Як добра ўдома. Нікога няма. Ляжаць Юрачкавы сшыткі, перабіраю іх мімаволі. Разглядаю сябе — рукі брудныя, твар страшэнна абветраны, а ногі спухлі мне як навоі. Нехта ля дзьвярэй — то вяртаецца муж, першае яго пытанвне, ці прывезла яму кніжкі з Зэлввы?.. Як я вярнулася жывая, як перажыла ўсе, як там Бацькаўшчына перад фронтам — аб гэтым ні слова… I тут я расплакалася… Мне ўспомніліся тыя, якія хацелі бараніць мяне да апошняга дыху, тыя, якія плакалі дзіўна па-мужчынску, пакідаючы Бацькаўшчыну. Я нагрэла ванну, памылася й заснула сном каменным. Назаўтра збудзіў мяне званок, я адчыніла. Расьсмяяна глянула на мяне пані Ружэнка, якой я пакінула Юрку, але твар яе раптам зьбялеў і злосная грымаса замяніла ўсьмешку… Яна сьмяротна спалохалася, зьдзівілася, што я вярнулася дамоў. Мне пайшоў мароз па скуры. Я й раней ня верыла гэтай жанчыне, якая сілай перлася ў нашую хату, і толькі шкадую сяньня, чаму я тады ня выгнала яе назусім з нашай хаты…
Я, выхаваная ля маці, ня ведала яшчэ, што людзі могуць быць няўдзячнымі за дабро й подлымі шпіёнамі ў сваіх знаёмых. Юрачка быў вясёлы, і адзіны ён рады з маяго прыезду. Цераз пару дзён запрасіла мяне прыйсьці да яе Відавіса Паўлаўна Ляцкая, жонка памершага прафэсара Ляцкага. Яна цікавілася, як выглядае Менск і якія там новасьці. Я паглядала на сьцены іх пакояў, увешаных вялікімі фотаздымкамі Меражкоўскага, Тэфі, Гіпіус, Блока і інш. Гэта ўсё былі іх сябры, якія парасьпісваліся ўсюды «собственнохвостно», бо ў іх быў нейкі жартоўны «Союз обезьян». Мы пілі каву, размаўлялі. Мяне зьдзівіла зацікаўленасьць Відавісы Паўлаўны маёю асобаю. Я ехала дамоў рада, што страшнае прамінула. Мне не хацелася варушыць думкамі мінулай паездкі, бо нажом у сэрца была думка аб Расьціславе, аб ягонай долі, аб старэнькіх мужавых бацькох… Мне быў патрэбны спакой, каб адужаць.
Удома мяне чакала неспадзеўка. Абодва менскія сьвятары з сем'ямі з Кэнігсбэрга прыехалі да нас у хату… Госьці есьць госьці, але тут не гасьціна, а трэба іх нейк ратаваць, прашсаць, прыстроіць і т. п. Прытым муж мой ня любіць ні сьвятароў, ні клопатаў з імі й наагул нэрвовы стаў, здаецца, і сам сябе ён ня любіць… Але ўсё нейк зрабілася. У айца Балая быў сын, як абраз прыгожы, і калі нехта да нас званіў, дык матушка хавала дзецюка ў туалет ці ў ванну, каб яго ня бачылі, не забралі. У Лапіцкіх было двое дзяцей — Лёля й Жоржык, якраз сябры для Юры. Ён імі й заняўся. Гэстапа не дазваляла іх прапісваць, і тады я сабе прыпомніла чэскае супружжа, з якім я пазнаёмілася, выяжджаючы ў Менск.
Што ж, я знайшла і ўрад, і таго чалавека, які быў шчыра рады, што бачыць мяне жывую. Ён завёў мяне да сваяго начальства. А начальніцай «сацыяльнай дапамогі для Чэхаў і Маравы» была фрау Нот. Гэта была высокая жанчына гадоў за сорак. Яна папыталася ў мяне аб падарожжы й сказала, што ля Менску была вялікая здрада. Мы гаварылі яшчэ, і так нейк выйшла, што я, усхваляваная тым, што бачыла, папыталася яе: як яна можа стрываць такія паводзіны сваіх землякоў на нашых землях? Яна адказала мне вельмі паважна, што вельмі нізка ўпалі маральна яе суайчыньнікі й яна ня мае права адыходзіць тады, калі патрэба людзей шляхотных і адданых яе радзіме… Гэта было праўдай.
Як мне расказалі чэхі, дык фрау Нот старалася заўсёды зьмякчыць, зьмяніць суровыя загады таго часу й вельмі актыўна памагала чэхам. Яна паклікала пры мне сваю сакратарку й загадала ёй пускаць мяне да яе ў любы час, калі я пажадаю. Памагла яна мне лёгка замэльдаваць[63]
сьвятароў, яна проста загадвала гэстапа, і яе слухалі. Таго чэха мы запрасілі на пачастунак, на чарку. З фрау Нот мы шчыра пасябравалі, і я магла памагаць цяпер, каму мне толькі трэба. Вельмі міла частавала мяне яна ў сваей багатай арыгінальнай кватэры, расказвала пра сваяго жаніха, які працаваў ваенным хірургам. Кожны дзень яна пісала яму лісты.Хутка ўладкавала я сваіх гасьцей на кватэры. Для мяне не было немагчымасьцяў, і людзі радыя мне памагалі, чым толькі маглі. Не пасьпела сказаць Міціным, як яны ўжо адпусьцілі адзін пакой для сям'і айца Балая, а Лапіцкія пасяліліся ў Моджанах з пані Крэчэўскаю ў кватэры дзядзькі Васіля, за якую мы плацілі. Забылася яшчэ адну рэч: пакуль да фрау Нот, дык сьвятарам сказалі, што іх не прапішуць, бо яны ня маюць працы. Лапіцкі быў задуманы й нарэшце паказаў мне чарнавік, які напісаў яму Ермачэнка. Знача, сьвятар і там ужо быў…