Нам было найгорай, да ўсіх пакутаў таго часу мы яшчэ радзіліся «кулакамі»… Гэтае слова самое забівала нявінных, сіраціла дзяцей, гнала на высылкі, турмы, на несказаныя цярпеньні. Гэта былі, як яўрэі пры Гітлеру — усе амаль ужо гэтым адным словам асуджаныя на загубу. Гэтае слова, як выпалены агнем знак, відно на чале маім нават сяньня. Нясу яго, як пакуту й як нейкі церпкі гонар тых, якія пагінулі ў муках… Сяньня асабліва. Гэтых пячацяў «меней-цэннасьці» ў мяне болей, як у іншых, і ўсё я нясу гэта горда! Некалі ж было ўсё толькі для палякаў, пасля — «нур фюр дойчэ»[65]
, а цяпер толькі для тых, хто ў партыі ці хто даносіць. У градацыі савецкай я на найніжэйшай перакладзінцы: 1 — беларуска, 2 — паэтка непаслухмяная, 3 — «кулацкое отродье», 4 — зэк!!! 5 — хрысьціянка, якая верыць і не баіцца! 6 — сын у Польшчы, 7 — сябры па цэлым сьвеце, 8 — сьмяротна вінаватая за тэстамэнт… Па ўсіх гэтых пунктах адзін жах. Хоць ты не жыві на сьвеце, а я яшчэ нейк жыву. Жыву й сама дзіўлюся гэтаму.У Празе памёр украінскі паэт Олэсь. Было вельмі многа людзей на пахаваньні. Аддалі яму сваю павагу й беларусы. Я вельмі любіла ўкраінскага журналіста Алега Лашчанку, гэта быў палкі й разумны патрыёт, своеасаблівы ў падыходзе да людзей, якіх ацэньваў нейк інстынктыўна на вартасных і паганых. Заўсёды ён ведаў нешта новае, добрае. Ненавідзеў немцаў настолькі, што аднойчы, калі я хацела пазнаёміць яго з фрау Піпэр, дык ледзь, вельмі ня хочучы, толькі падаў ей руку. У мяне было шмат знаемых, нават сяброў між чэхаў, а ён прызнаваў толькі ўкраінцаў і то ня ўсіх. Затое калі ўжо паверыў некаму, дык назаўсёды. У людзях амаль не памыляўся.
Чэхі былі амаль стопрацэнтна супраць немцаў і прагна чакалі рускіх, вельмі ружова рысуючы сваю будучыню пры іх. У нас наконт гэтага ніякіх ілюзыяў не было, горкай практыкай лягла на маю сям'ю хваленая рознымі агентамі ўсходняя культура. Пэрспэктыва была нецікавай. А час ляцеў, і вясною пачалі людзі пакідаць Прагу. Цягнікі былі поўныя, людзі лезьлі вокнамі, ехалі пад амэрыканскія бомбы, а ўсе ж ехалі.
Старшыней Праскага камітэту самапомачы быў Аляксандр Русак. Камітэт знаходзіўся ў яго на кватэры, куды ён памясьціў і Абрамаву з сям'ёй, калі яна прыехала ў Прагу. Зрабіў гэта на маю просьбу, але хутка я пашкадавала свае даверлівасьці. Абрамава вельмі хутка напісала на Русака данос у гэстапа з тым, каб атрымаць ягоную кватэру. Мы вельмі расчароўваліся ў т. зв. савецкіх людзях-беларусах, яны йшлі ўсімі абманамі да сваіх шкурных мэтаў, ня ведаючы ніякае этыкі. Былі спрытнымі й хітрымі, іх мэтады былі часам страшныя. Гэта былі ваўкі. Ніякае дабрыні ці міласэрнасьці й ніякіх граніцаў для зла. Гутарка з імі не акрыляла, а настарожвала тым, што прыніжалі яны лепшае ў людзях і людзкасьці. Здавалася, што цяжкія варункі жыцьця даўно ўжо забілі ў іх розныя ідэалы, акрамя тых, якія ў даны мамэнт аплочваліся. «Што гэта, матэрыялізм?» — думала я сабе, старонячыся ад іх…
Прыемным выняткам з гэтае масы былі Міціны з Кіева. Яны нейк спалучалі ў сабе шляхотнае й практычнае й заставаліся прытым вельмі харошымі, інтэлігентнымі людзьмі. Сябры прасілі мужа, каб выяжджаў з намі і ён. «Не, я сацыяліст, — цьвердзіў муж, — і я тут застануся». Тады яны прасілі, каб нас з Юраю пусьціў з імі выехаць, што нас не пакінуць, выратуюць, дагледзяць. «Не, — цьвердзіў муж, — сына ня дам, а калі жонка хоча, няхай едзе сама без дзіцяці». Я маўчала. Мяне калаціў ніколі яшчэ няведамы страх з таго, што чакала нас наперадзе. Мае найбольшае жаданьне было ехаць як найдалей з Прагі, каб пазьбегнуць лесу маіх бацькоў, які быў страшнай рэальнасьцю. Вялікай мужнасьцю было стрымаць сябе й не ўцячы, калі ўцякалі найразумнейшыя.
Я ніколі ня слухала мужа й вось паслухалася яго першы раз, і згасла для мяне сонца, і болей, здаецца, з той пары яно не засьвяціла мне на маім шляху. Тулілі мяне да сябе, ад'яжджаючы, Міціны, клікалі ехаць разам, плакалі. Апошняй прыйшла да мяне фрау Нот, каб ратаваць мяне й сына, і я не паехала. Доктар Янка Станкевіч угаворваў і клікаў мяне, Лашчанка бянтэжыўся з таго, гдзе я застаюся, а мой муж гатаваў нам цяжкую пакуту, глухі й сьляпы перад лёсам.
«Што робіце, пані Ларыса, — пераконваў Лашчанка, — ды ўрэшце я вас ужо не шкадую, я шкадую бальшавікоў, што ім рабіць з вамі? Дзьве магчымасьці: альбо даць вам высокае становішча, альбо забіць адразу — бедныя бальшавікі!» I каб давесьці, што ён ня меней адважны, сябра Алег застаўся ў Празе, як я. Яго схапілі, але, на шчасьце, удалося яму ўцячы ад іх на Захад. Шчасьлівы чалавек, што ж, ен быў нежанаты, і ніхто ня ставіў яму ультыматумаў, не казыраў дзецям… Захварэла фрау Піпэр, і яна прасіла, каб мы разам ехалі, каб я была пры ёй.