Перад гэтым яшчэ за паўгода прыйшоў да нас опа (бацька фрау Піпэр). Муж быў на працы. Ён пачаў мне паясьняць, што цяпер такі час, што лекары працуюць і з лапатамі й што яго зяць бясьсільны ў гэтым выпадку нам памагчы, што мужа маяго загадалі паслаць у лагер працоўных на Мараву, у Куціны, куды перанесьлі нейкую авіяфабрыку з Аўстрыі. Было відно, што паступіў зноў данос на Янку, Ермачэнка ня спаў. Якраз быў налёт на Прагу, і опа застаўся ў нас на абед. Сардэчна й хораша мы пагутарылі са старэнькім, калі ў хаце дачкі ён крыху стрымваўся, дык у нас крытыкаваў фюрэра з грунту. Было відно, што й немцы думалі, але страх за сем'і і за жыцьце скоўваў ім языкі й рукі.
I так зноў прыйшлося ехаць мужу недзе ў мараўскія лясы, гдзе ў цяжкіх варунках разьмяшчаліся тая фабрыка й рабочы лагер. Аднойчы я яго наведала, ледзь дабралася нейкай грузавой машынай. Жыў ён вельмі прымітыўна, але сталаваўся ў чэскай рабочай сям'і, і даглядалі яго добра. Пазнаёмілася я там і з Карлем Вотрубай, мужа фэльчарам. Гэта быў студэнт мэдыцыны, які, калі немцы закрылі чэскія унівэрсытэты, не пажадаў ехаць канчаць студыя ў Нямеччыну й лепей пайшоў на працу. Карлічак да апошняга часу застаўся нашым вялікім сябрам. Ён аднойчы сказаў мне, што хацеў бы ажаніцца з беларускай. Быў гэта выдатны чалавек і шчыры сябра.
Моцна трымаўся нашай сям'і Аляксандр Русак. Тут ужо было нешта няяснае, гавораць розна. У той час было многа розных людзей, і адзінай, разумнай рады, якую мне некалі даў Ермачэнка, каб не пускаць у хату чужых людзей, мы не паслухалі. Быў цяжкі час, і хацелася дапамагчы людзям, чым мы маглі. А яны паяўляліся зусюль!
Аднойчы пані Марыя Крэчэўская прыехала да нас са сваім шваграм доктарам Вукдэлічам. Быў гэта чарнагорац, высокі, прыстойны, з сынамі Бранкам і Драгам. Некалі ён студыяваў у Празе й закахаўся ў такой жа студэнтцы, прыгожай беларусачцы, і павёз яе ў дзікую Чарнагорыю, гдзе тады яшчэ жанчыны ўцякалі ў лясы, каб раджаць, і дамоў прыносілі сыноў у прыполе. Сястры пані Крэчэўскай гэтакае не гразіла, бо ўсё ж сям'я была асьвечанай. У багатым чарнагорскім народным строі яна выглядала цудоўна, і казалі на яе «краліца», г. зн. каралева. Ядвіга пасьля захварэла на астму. Мела двох сыноў і дзьвех дачок. I вось Вукдэліч з сынамі нечаму прабіраўся на захад далей, стараючыся пазьбягаць сустрэчы з немцамі. Драга цудоўна сьпяваў па-італьянску. I тут трэба было дапамагчы зямляцкай крывінцы нашай хоць нейкім адзеньнем, неабходным у цяжкую пору вайны й нястачаў. Я ніколі не была скупая й рада, чым магла, дзялілася з людзьмі. А памагаць трэба было многім. Часам было сьмешна, бо другія, якія незнаёмыя людзі слалі мне грошы. Адзін такі сябра напісаў, што хацеў сабе зрабіць радасьць і таму, праходзячы ля пошты, выслаў мне грошы, бо я-то ўжо буду ведаць, што з імі зрабіць. Другія, выходзячы з нашай хаты сілаю выпхнутыя, каб не разьлічваліся за драбніцы, пасьпявалі нейк яшчэ забегчы на пошту й выслаць тысячу карон. А колькі пасылак, хоць хлеба, хоць цыбулінку людзям…
Адных праважаеш, другіх сустракаеш, а ў кішэнях пераважна пуста. Хораша так было! Толькі сьледавацелі мае такога не разумелі, тут бескарысна не дапамагаецца людзям, і нашую хату палічылі цэнтрам амэрыканскай разьведкі. А мы тых амэрыканцаў ня бачылі ў вочы, дый яны ня ведалі аб нашым існаваньні. Прыходзілі й чэхі па дапамогу, шукалі дарогі да харошага Піпэра, і ён ніколі не адмовіў. Бывала, хоць вітаміны выпіша зьняволеным на Панкрац (праская турма), а часам і дапаможа паважна.
Я была такой, якою мяне выхавалі ўдома, а Алег Лашчанка цьвердзіў: «Шчо б вас, Ларісо Антонівно, знав Гітлер, він бы нэ міг буты такім жостокім та крывавым». Ну, але той нехрыст ня ведаў беларускай натуры й шпарыў па-свояму, робячы навечны ўстыд старой нямецкай культуры, а на нас наганяючы страх бязглуздымі загадамі. Калі быў на яго атэнтат, дык не было чалавека, які не жадаў бы яму прадчаснай канчыны. Але, на жаль, лёс трымаў яго на гора яго собскага народу й на няшчасьце ўсіх тых, кудэмі кацілася бязьлітасная вайна і ўставалі новыя, пасьляваенныя зьдзекі.
Я зноў вельмі непакоілася за Янку. Нашае супружжа было як сон, як нерэальнасьць. Усё нас лёс разлучае: то пасьля вясельля на колькі месяцаў, то пасьля нарадзінаў Юры на два гады, то на Беларусь, то цяпер на Мараву.
На століку ля маяго ложка Евангельле, якое чытаю вечарам, а малы Юра прытуліцца да мяне й слухае, слухае. Яму заўсёды мала маяго таварыства: «Мама, няхай сяньня будзе мой дзень, і мы будзем толькі з табою, будзем маляваць, чытаць, расказваць». Як нам тады добра, мы, як два сябры, як аднагодкі, цешымся тым самым, і калі я яму чытаю ўрыўкі са свае «Рагнеды», яму здаецца, што ён малы Ізяслаў…