Божа мой, такі ж не найгоршы той наш народ — ён у сэрцы сваім чалавечым яшчэ высока культурны ў параўнаньні вось з гэтымі: з аднымі й з другімі ў Эўропе. Ёсьць бандыты і ў нас, але такіх мы лічым вырадкамі, нават у час, калі ім была «зялёная вуліца», іх у нас не было многа… Не відно байцоў нават каля тых, якія мучаць жанчын.
Ля нас нейкі савецкі шпіталь. Стары старшына штодзённа бярэ туды пару немак з лагеру й ніколі ня крыўдзіць іх, накорміць, нават дасьць ім з сабою. Яны дзівяцца яго высокай культуры. Доўга яшчэ праводзілі чэхі суд гісторыі над адвечным ворагам славянства, толькі жаль, што мэтады іх помсты-справядлівасьці не прыносілі гонару славянству ў XX веку нашае эры. Стварылі такую «рэволючні гарду» (рэвалюцыйную гвардыю), на якую ўсе казалі: рабуючая гвардыя. Гэтыя малойчыкі стралялі каго ня лень, аж адзін з іх прыйшоў да нашае кіоскершы, зусім ужо з гэтага адурэлы, і расказваў, што тыя нямецкія дзеці, якія прасіліся, каб ён іх не забіваў, усё стаяць яму перад вачыма і дзень, і ноч, і ён адчувае, што ўжо дурэе…
Да нас прыйшоў аднойчы з аўтаматам партызан славацкі, які ведаў толькі адно, што я друкавалася за акупацыі, як друкаваліся ўсе да аднаго чэскія й славацкія пісьменьнікі, і вось явіўся на расправу. Прыставіў мне да грудзей знамяніты, апеяны, апаэтызаваны аўтамат і хацеў ужо страляць, але яшчэ думаў. Я мяшала цеста ў місцы й так не пераставала яго мяшаць і з тым дулам, парваў мяне нейкі сьмех. Юра тым часам быў ужо на дварэ і ў хату вярнуўся са здаравенным байцом-украінцам, які, убачыўшы такія зьдзекі над маці сваяго малога перакладчыка, падняў такую квяцістую лаянку й крык аб тым, як яны, якіх нашы асвабадзілі, будуць яшчэ тут палохаць нашых жанчын! Славак пачаў апраўдвацца, што каб ведаў, што Юра гаворыць па-расейску, дык такога не зрабіў бы. Здавалася, што ён ужо не славак і амаль расеец, пакуль з аўтаматам. Папёр яго той украінец, і болей «герой» да нас не паказаўся.
Суседзі-чэхі былі амаль усе маімі сябрамі, а ў час самай рэвалюцыі явіліся дзядзькі, якія развозілі вайною вугаль, усе камуністы. Я ім, бывала, заўсёды дам па жмені махоркі, якою нас шчодра засабляў з Беларусі мужаў тата. Часам нейк скамбінуюць вугля ды прыедуць прасіць закурыць, вось я ім заўсёды дам пакрысе «зельля» й ніколі не вазьму іх вугля, а ў велькае сьвята й па чарачцы знамянітага беларускага самагону.
Вось і прыбеглі дзядзькі бараніць мяне ад усякіх нягод у час неспакою. Што ж, я іх прывітала з перамогай і нашкрабла яшчэ ў пудэлку закурыць ім. Прыбег з сяла й балаховец наш Судзьдзеў, які таксама адчуваў патрыятычную адказнасьць за цэласьць мае асобы. Пасьля мы былі аточаныя самымі апекунамі.
Байцы і, галоўнае, чыны вышэйшыя нахваталі крыху ў Эўропе трыпяркоў, мякка кажучы. Для іх быў з гэтай прычыны адпаведны шпіталь, але каму хацелася туды галасіцца[71]
ў такую слаўную пару перамогі, вось і лячыў іх «свой доктар». Лячыў хлопцаў сапраўды сумленна, і даволі мы іх любілі. Кожны з іх нам ня радзіў рушыцца з Прагі, а ў кампаніі кожны чулым голасам размалёўваў усю красу радзімы й клікаў дамоў. Мы верылі, безумоўна, гутаркам у адзіночку.Мне ўсяк дагаджалі, вазілі мяне на машыне, прыносілі падаркі. Мы былі радыя, бо ўжо ніякія «славацкія героі» ня мелі дачыненьня да нас. Часта было нам з нашымі новымі сябрамі даволі клапатліва, то частуй, то на рэнтген іх вядзі. Найгорай было, калі яны ў нас частаваліся, дзякавалі за ўсё й трэба было з імі выпіць. Гэта было неабходна. Муж пасьля двух аб'ёмістых чарак рабіўся нежывы, а ня выпіць мы баяліся. Наагул, прызнацца, мы ўсе ж іх вельмі баяліся. Піць даводзілася мне, я сільнейшая. У жыцьці ня піўшы, я піла поўнымі шклянкамі, перад гэтым выпіўшы добры глыток алею, і нічога мне не было! Трымалася, як усе мае Міклашы, мае продкі, знамянітыя тым, колькі маглі выпіць, не губляючы галавы й ног! Муж дзівам дзівіўся, разумеў маю адчайную ахвярнасьць, толькі не разумеў, нехрыст паганы, што ён мяне пакінуў на такія пакуты, а я яго выручаю.
Пакуль што ўсё йшло добра, галоўнае было нейк захавацца ў Празе любою цаною. Забіралі пакуль што ўсіх савецкіх грамадзян, але мы не былі ніколі савецкія й нас гэта не датычыла. Чэскія актывісты таксама трымаліся далей ад нас. Муж працаваў на сваёй апошняй ваеннай працы ў вялікай фабрыцы «Чэска-мараўскай» у Празе. Вайною там чэхі весела рабілі немцам танкі, ну а цяпер нават ня ведаю, што яны там тварылі. Мужа яны пакінулі на месцы, але яго шэф, чэх, мусяў уцякаць. З дырэктарамі яны зусім ня цацкаліся, а загадвалі ім рабіць прысядкі і іншую гімнастыку за кару іх супрацоўніцтва. Мужа вельмі паважалі. Ён ім нічога асабліва добрага не зрабіў, але й паганага не зрабіў ніколі. Памагаў як мог і быў адным з чатырох лекараў фабрычных у рэспубліцы, якіх чэхі пакінулі ў спакоі й на працы.
Жылося нам матэрыяльна няблага, але вось спакою не было — не было спраў ад мужа бацькоў, ад Славачкі. Няведама, што было з мамай і рэштай сям'і. Тату я нечаму лічыла нежывым. Яго такі забілі ў гродзенскай турме, як і дзядзьку Валодзю. А вось за маму непакоілася.