Читаем Споведзь полностью

Нас прывялі за той дрот. Пётра паказвае свае польскія дакументы, я сваруся з імі, што я ня іх грамадзянка, але бяз Пётры, думаю, не пайду. Пётра зьбялеў, закурыў папяросу. Нарэшце вярнуўся той афіцэр і сказаў, што я магу йсці дамоў. Я там крычала, што дзеці самыя ў хаце, бо дзяцей мы адправілі адразу. Што рабіць? Пбтры, я бачу, што не памагу, а вось рэшту людзей ратаваць трэба. Выходжу, а той, які выводзіць мяне, кажа: «Хто вы?» Кажу: «Хатняя гаспадыня». — «Хто вы?» — пытае яшчэ раз. Кажу: «Паэтка». Тады ён пачынае мяне ўгаворваць, каб мы ехалі ў Савецкі Саюз, што адвязуць нас аэрапланам, нават не праз лагер. Я крычу: «Не, не, не!» — і бягу бяз памяці на трамвай.

Пакуль прыйшоў муж, я ўжо паслала сваіх знаёмых чэшак да нашых людзей, каб яны ратаваліся, хутчэй уцякалі. Паслала з адной і таго хлопчыка, сама плачу. Калі прыйшоў муж і нешта пачаў казаць, што нясмачная вячэра, што ён каўбасы ня любіць, я расплакалася горкімі сьлязамі, але аб падзеях на могілках я яму не сказала. Мяне апанаваў сьмяротны страх перад той доляю, якую гэты чалавек згатаваў мне, сабе й нашаму дзіцяці, бо было ясна, што перад намі прорва й цяпер ужо яе нам не абмінуць…

Божа мой, няўжо й нам гінуць, як няшчасным бацькам маім, як усяму нашаму роду? Божа мілы, ратуй нас, зьмілуйся, Божа, над дзецям маім у гэтай зямлі чужой і цяпер варожай для нас.

Знача, поўная найстрашнейшых прадчуваньняў, я ні слова не абмовілася мужу й назаўтра з раніцы аб падзеях на могілках. Мае чэшкі дасканала выпаўнілі просьбу, папярэдзілі каго належыць. Муж пайшоў на працу, сын гуляў з дзяцьмі на дварэ. Раніца была сумрачнай, а сэрцу неспакойна як ніколі. Я пачала варыць нейкае павідла на зіму, але з рук мне ўсё падала. Так у абед нехта пазваніў. Калі я адчыніла, дык убачыла двох учарашніх афіцэраў, яны стаялі ля парога. «Не спадзяваліся нас?» — папытаўся рыжы.

«Спадзявалася», — адказваю абсалютную праўду, бо я такі думала, што прасьледаваць мяне не пера'стануць. Яны мне паказаліся такія страшныя, што здаецца, каб жывога Гітлера ўбачыла, дык ня так спалохалася б… Што ж, увайшлі ў хату. Я іх папрасіла сесьці. Пачалася гутарка. «Мы вас вельмі просім вярнуцца ў Беларусь. Вы тут бедна так жывеце, а ў нас Алесь Кучар зарабляе адзінаццаць тысяч рублёў на месяц, вось і вам дамо столькі ж». — «А што вы зрабілі з нашымі пісьменьнікамі ў 37-м годзе, ці я вам патрэбная на тое ж?» — кажу ім. «Мы чакалі вайны», — адказвае афіцэр. «Што ж, вы зноў можаце чакаць вайны й рабіць тое самае». На гэта ён мне нічога не адказаў, толькі пачаў прасіць і ўгаворваць, каб мы вярталіся ў Беларусь. Глянуўшы на кніжкі, паабяцаў усё нам перавезьці. «Дзякуй, — кажу, — а што вы зрабілі з маімі бацькамі?» — «Мы былі суровыя самыя да сябе», — кажа мне той душыцель. «Вы зноў можаце быць суровыя самыя да сябе, — кажу. — Не, адстаньце ад нас, мы нікуды не паедзем!» У час нашай размовы ўсё званкі. Гэта сьцерва пытаецца, хто ў нас? Калі я ей сказала хто, дык яна схавалася, быццам спалохаўшыся, каб яе ня злапалі. Я, здаецца, ёй верыла, так яна ўмела прытварацца. Я вярнулася ў пакой, і яны папыталіся ў мяне: «Хто там быў?» Кажу: «Лістанош». Пасьля прыйшла адна чэшка й села ў кухні, прыбег Юрачка. Гутарка ў нас адна: «Слухаць і ведаць вас не хачу, ідзеце сабе, скуль прыйшлі». Тады рыжы афіцэр кажа: «Вось мы навучым вас любіць савецкіх афіцэраў. Едзьце з намі цяпер на пляц Пабеды, заедзем у кафэ». — «Што ж, там у вас штаб, і туды вы мяне хочаце вязьці, мне ясна, дык каб ведалі, што жывой мяне ў рукі не дастанеце. Хутчэй я скочу з вакна й заб'юся на месцы, чымсьці вы мяне схопіце». А сьцерва ўсё звоніць… Я махлюю ім як умею. «Што казаў ваш муж на гэта, што мы вас учора затрымалі?» — «Нічога не казаў, ён нічога ня ведае». — «Няўжо вы яму не сказалі?» — «Не, — кажу, — не сказала». — «Дык вы яму й далей не кажыце», — радзіць мне бандыт. Сама, думаю, ведаю, што рабіць, а ты вось пакідай маю хату!

Нарэшце яны пайшлі, баявая мая чэшка, думаючы, што мне нешта грозіць, ужо сабралася клікаць чэскую паліцыю. Зазваніла і ўвайшла сьцерва, і якраз прыйшоў муж. Я хуценька расказала яму ўчарашняе й сяньняшняе й сама стала бяз памяці ля сваяго ложка на калені й пачала горача маліцца Богу. Я нейк проста анямела ў сваёй маўклівай малітве.

А падыходзіла страшнае, і трэба было прыняць усе, і нельга было думаць аб сабе, а толькі й толькі аб тым запавеце, аб тым тэстамэнце, і нельга было зыходзіць са шляху, пракладзенага шчырымі сынамі Айчыны. Нельга было, так мне дапамажы, Бог!

Янка вельмі спалохаўся. Я падала абед і запрасіла сьцерву, як звычайна. Толькі на гэты раз не было ў нас за сталом харошага Петры. Ня раз мы ўсе разам палуднавалі й рознае плянавалі за гэтым сталом. Сядзіць дзяўчына, якой я так хацела дапамагчы, чым толькі магла. Яна нічога браць не хацела, а я ей, «беларусачцы беднай», то панчошкі, якіх нідзе няма пасьля вайны, то грошы. Папяросы толькі яна брала ахвотна й курыла, як той комін.

Перейти на страницу:

Похожие книги

100 великих казаков
100 великих казаков

Книга военного историка и писателя А. В. Шишова повествует о жизни и деяниях ста великих казаков, наиболее выдающихся представителей казачества за всю историю нашего Отечества — от легендарного Ильи Муромца до писателя Михаила Шолохова. Казачество — уникальное военно-служилое сословие, внёсшее огромный вклад в становление Московской Руси и Российской империи. Это сообщество вольных людей, создававшееся столетиями, выдвинуло из своей среды прославленных землепроходцев и военачальников, бунтарей и иерархов православной церкви, исследователей и писателей. Впечатляет даже перечень казачьих войск и формирований: донское и запорожское, яицкое (уральское) и терское, украинское реестровое и кавказское линейное, волжское и астраханское, черноморское и бугское, оренбургское и кубанское, сибирское и якутское, забайкальское и амурское, семиреченское и уссурийское…

Алексей Васильевич Шишов

Биографии и Мемуары / Энциклопедии / Документальное / Словари и Энциклопедии