Знача, пад наіп вялікі дом прыехаў грузавік з «асвабадзіцелямі», і салдаты пад нашымі вокнамі трымалі расьцягнутыя брэзэнты, а начальнікі званілі, але пад дом наш зышлася ўся часьць горада, гдзе мы жылі, увесь квартал, і паднялі крык, што не аддадуць «пані доктарову», што мы іх людзі, харошыя людзі! Цікава, што найбольш крычалі й лаяліся камуністы. Што ж, людзі працы ня раз адчувалі маю спагаду, і не адзін сэкрэт з часоў вайны быў паміж намі. Добрыя людзі, яны крычалі, што бяз чэскай паліцыі ніхто ня мае права чапаць нас, а тут было якраз без паліцыі. Наш зямляк, якога мы ратавалі вайною, інг. Жук памагаў шукаць нас. Ён вадзіў знамянітую «экспэдыцыю» па хатах, па кватэрах (кватэраў болей як 30), вадзіў і ў склеп, а ў дзвярох паставілі патрулёў. Так да першай гадзіны ўначы. Болей не паказаліся. «Экспэдыцыя» закончылася. Павезьлі Петру, налапалі яшчэ кандыдатаў у лагеры ў Комі. I на гэты раз ім зноў не ўдалося схапіць нас. Бог даў нам яшчэ тры гады чалавечага жыцьця, праўда — трывожнага…
Муж быў бледны, хістаўся, адзін цень. Ён пабег недзе пратэставаць у камендатуру, але дэлегацыя з нашага квартала ўжо пабывала ў галоўнай савецкай камендатуры ў горадзе Лысай над Лабаю. Бедныя, добрыя, яны ўжо нас і там ратавалі…
Я яшчэ раз напісала прэзыдэнту рэспублікі й на гэты раз напісала яшчэ паслу амэрыканскаму ў Празе, Лоўрэнсу Стайнгарту. Я верыла толькі яму. Чэхі дасталі паперы з маімі ініцыяламі, перапісалі маяго ліста на машынцы па-чэску, і цераз адну асобу, добра ёй заплаціўшы, я паслала гэтага ліста ў самае амэрыканскае пасольства.
На трэці дзень харошы Стайнгарт ужо паведамляў мяне, што гаварыў з чэскім урадам і пакуль што каб я была спакойная. Я цалавала таго ліста, і здавалася мне, што небясьпека амаль мінула. Яна не мінула, але тры гады, ад 45-га да 48-га, гэта былі самыя страшныя гады, калі людзі мерлі ў лагерох, як мухі, іх проста нішчылі «велікадушныя» пераможцы абедзьвюма рукамі, асабліва нацыянальна ідэйных. З яўна нямецкімі прыслужнікамі яны адразу знаходзілі супольную мову й рабілі іх правай рукою ў вынішчэньні ўсяго беларускага. Людзі, каб захаваць жыцьце, падлелі неймаверна, каяліся нат у тым, чаго ніколі не рабілі. Кляліся ў вернасьці Сталіну й камунізму, страшнае называлі — гуманным, дурное — мудрым, сваё добрае хрысьцілі паганым, ад беларускага з болем сэрца шарахаліся, як ад агню, згубіўшы надзею, што наагул ажывем калі-небудзь.
Усе залівала матушка-Русь. Недабітыя бедныя ўласаўцы прагаа выслужваліся, як культуртрэгеры на нашых землях, каб толькі іх не пасылалі дамоў, гдзе добра іх ведалі… Вось яны й партызаны ня нашага народу стаялі цяпер на стражы й пільна сачылі, каб не прачнулася Беларусь тая адвечная са сваёю гісторыяй, з Пагоняю любай, з роднаю мовай, з народнаю песьняй і з каханьнем да старога сваяго народу.
Час ішоў. З Граду Праскага не было ніякага адказу ад прэзыдэнта Бэнэша, можна было думаць, што ён маіх лістоў не атрымаў. Надышоў час аддаць Юру ў чэскую школу. Расейская гімназія й пачатковая школа перайшлі цяпер у рукі прысланых з Масквы настаўнікаў. Яны мне не падабаліся: поўныя падазронасьці да кожнага чалавека, нейкае казёншчыны, салдацкай патрабавальнасьці й сталінскай суровасьці, яны мала адышлі ад тых, якія выхоўвалі «гітлерюгэнд»[74]
. Мы пастанавілі аддаць Юру ў нармальную чэскую школу. Спачатку мне не хацелі аддаваць яго папераў, але я й слухаць не хацела аб тым, каб ён і далей там вучыўся. У чэскую школу чужынцам ізноў ня лёгка было даць у той час дзіця. Пачаліся «Народні выборы» і т. п. рады. Трзба было некалькі подпісаў давераных сьведкаў, што мы за часоў акупацыі не былі калябарантамі і т. п. Чэхі падпісвалі нам гэта абедзьвюма рукамі, і так Юру прынялі ў школу. У расейскай ён скончыў чацьвёрты клас, і вось чэхі хацелі, каб ён паўтараў у іх той жа клас, бо ня дасьць рады. Я ўпрасіла іх, каб узялі хлопца ў пяты клас на пробу. Калі я прыйшла да дырэктара за пару тыдняў, як ён мне назначыў, дык аказалася, што Юра ўжо найлепшы вучань класа, а да канца года ён быў найлепшы вучань усей чэскай школы, усімі любімы «выраблянец».У Юры паявіліся новыя калегі, але яны яму не падабаліся. Часта хлопчык выказваў мне свае думкі: «Мамачка, у іх дзікія забавы, яны на ходніках[75]
рысуюць усе вісельні й гуляюць у тое, што вешаюць людзей». Так, гэта было страшна. Нашы некультурныя беларусы ніколі такіх гульняў ня ведалі, а можа, цяпер і яны пайшлі з «духам часу»? Было аб чым думаць.