Читаем Споведзь полностью

Нарэшце прыйшла вестка ад таты — пакуль што яны ў Зэльве былі жывыя. Тата пераслаў ліста Славачкі яшчэ з арміі. Гналі іх тады на захад. Аб сьмерці Расьціслава мы яшчэ ня ведалі. Старыя беларусы ў Празе былі вельмі занятыя сабою, даказвалі, бедныя, сваю лаяльнасьць новым парадкам і каяліся ў тым, чаго не рабілі, бо ніхто з іх для беларускай справы амаль нічога й не зрабіў. Забэйда цьвердзіў, што яго палітыка была самай разумнай і яму нічога ня грозіць. Зразумела. Да нас прыехала Відавіса Паўлаўна Ляцкая. Яна пацяшала мяне, што красьці мяне й ня ўкрасьці яшчэ ня самае страшнае, жыцьцё наперадзе. Ермачэнкавы рэчы чэхі з ярасьцю расьцягалі з яго кватэры й з яго вілы, гдзе гаспадаром пакінуў ен старэнькага бацька свае жонкі. Старога ня скрыўдзілі, толькі выгаалі з апартаментаў. Перад канцом вайны Ермачэнка запусьціў бараду, каб яго не пазналі. Аднак немцы самыя яго пасадзілі, кажуць, за тое, што спэкуляваў золатам, у шынах аўтамабіля вывозячы яго з Менску, гдзе да ўсяго іншага меў, напалову з сястрою свае жонкі, камісійную краму! Даведалася я аб гэтым ад Піпэраў. «Ведаеце, — казаў доктар Піпэр, — я зрабіў так, як вы, фрау Ларыса, ня мсьціў. Калі прыйшла да мяне жонка Ермачэнкі прасіць дапамогі, я і яму дазволіў вітаміны й туалетныя драбніцы ў камеру. Бачыце, ад вас навучыўся», — нейк іранічна паўтарыў ен.

Прыйшла цяжкая вестка пра нашых гасьцей — сям'ю сьвятара Балая. Яны трапілі пад страшны амэрыканскі налёт на Дрэздэн. Калі шчасьліва выбраліся са склепу пад царквой, дык іх сын Косьця схапіў ровара на зямлі. Немцы, кажуць, адразу яго расстралялі. Гэта было жудасна.

У Чэхаславакіі тым часам адбываліся маніфэстацыі, мітынгі, парады. Здаецца, не было ім канца. Муж, як і раней, хадзіў на работу ў сваю фабрыку, і часам было яму цяжка. Калі прыводзілі да яго хворых немцаў-рабочых, дык трэба было да іх адносіцца бязьлітасна, як адносілася рэшта пэрсаналу. Ён жа да ўсіх адносіўся толькі як лекар, які бачыць хворага й яго хваробу. Падтрымоўвала яго ў гэтым яго лекарская й яго беларуская этыка. Усё жыцьцё ведаю сваяго мужа й ніколі не заўважыла, каб ён адступіўся ад шляхотнай лекарскае этыкі, ад мовы свае роднай і ад шматпакутнай Айчыны.

Ад часу тае няўдачнае кражы я са страхам хадзіла па вуліцах, за мною так і шмыгалі сышчыкі, і я іх ведала ў твар. Я замірала ад кожнага аўто, якое ля мяне спынялася. Нейк зайшоў да нас супрацоўнік чэскай тайнай паліцыі. Ён нат сказаў, што прэзыдэнт Бэнэш «урговал», г. зн. яшчэ раз пытаўся ў іх аб маім лёсе. Лісты ён аддаў у Міністэрства ўнутраных спраў, гдзе тады міністрам быў камуніст Носэк. Лісты палажылі пад сукно, а цяпер зноў варушаць справу. Той чэх парадзіў нам узяць чэскае грамадзянства, якое дадуць нам, а мне асабіста парадзіў запісацца ў Саюз анты-фашыстаўскіх жанчын і ў Саюз чэска-савецкай дружбы, тады ўсе будзе добра.

Уражаньні з тае кражы, з тае нагласьці й з гора мае сям'і былі такія цяжкія, што я пайшла назаўтра й запісалася ў Саюз чэскапаўночнаамэрыканскай дружбы, прадсядацелем якога быў прафэсар Шпачэк. Я пачала хадзіць у саюз на лекцыі ангельскай мовы разам з малым Юркам. Ён цесна пасябраваў з пляменьнікамі чэскага прэм'ер-міністра Здэнэка Фірлінгера, якія прыехалі з Амэрыкі й па-чэску амаль не размаўлялі. Іх старшая сястра выкладала ангельскую мову ў саюзе.

Аб Юрку зноў гаварылі анекдоты па Празе. Аднойчы яму сказала настаўніца зрабіць сказ са словам прыгожы (бэатыфол)[76], хлопчык і сказаў: «Мая дзеўчына вельмі прыгожая». Настаўніца яго падняла на сьмех малога. Юра абразіўся. Калі дала яна яму зноў слова «немагчымы», дык ён злосна адказаў ёй: «Нашая настаўніца асоба немагчымая». Ад таго часу ён ня мог цярпець яе, Юрку й тут усе любілі, а яго настаўнікі цанілі яго як вучня й як маленькага, самастойна, разумна думаючага, шляхотнага чалавека. Здольнасьці ў хлопчыка былі вялікія, і мы хацелі вучыць яго як найвышэй. Вучыўся ўжо ён у чэскай гімназіі, і іх прафэсар-немец хаваў сабе ўсе яго хатнія працы, у якіх бачыў і глыбокія думкі, і здольнасьці. Так надзейна зарысоўвалася юнацтва нашага адзінага сына.

Але самым важным пытаньнем цяпер было пытаньне існаваньня. Чэхі хутка гублялі сваю волю ў сваей дзяржаве, правы над імі ўсё болей забіраў сабе Сталін. Для нас гэта было трагічным. Цераз прафэсара Шпачэка, які адразу зьвярнуў на маю асобу ўвагу, я навязала крыху лучнасьць са сваімі сябрамі, паслала ім апошнія свае вершы, якіх ніхто цяпер не зьбіраўся друкаваць, ды яны й былі не да друку. Я ведала, што ўсе яны больш-менш нейк уладзілі жыцьце, і галоўнае, што жывыя. Часам даставала газэтку, выданую французскімі прафсаюзамі на беларускай мове. I гэтую газэтку сябры пачалі маім вершам, не забылі, знача.

Перейти на страницу:

Похожие книги

100 великих казаков
100 великих казаков

Книга военного историка и писателя А. В. Шишова повествует о жизни и деяниях ста великих казаков, наиболее выдающихся представителей казачества за всю историю нашего Отечества — от легендарного Ильи Муромца до писателя Михаила Шолохова. Казачество — уникальное военно-служилое сословие, внёсшее огромный вклад в становление Московской Руси и Российской империи. Это сообщество вольных людей, создававшееся столетиями, выдвинуло из своей среды прославленных землепроходцев и военачальников, бунтарей и иерархов православной церкви, исследователей и писателей. Впечатляет даже перечень казачьих войск и формирований: донское и запорожское, яицкое (уральское) и терское, украинское реестровое и кавказское линейное, волжское и астраханское, черноморское и бугское, оренбургское и кубанское, сибирское и якутское, забайкальское и амурское, семиреченское и уссурийское…

Алексей Васильевич Шишов

Биографии и Мемуары / Энциклопедии / Документальное / Словари и Энциклопедии